Практыка манументальнай прапаганды вядомая здаўна, хоць найбольш уражвальных маштабаў яна набыла ў таталітарных дзяржавах. Да яе звяртаўся і расійскі рэжым, узводзячы помнікі ў гонар дзеячаў свайго імперскага пантэона на землях паднявольных народаў. І сёння Масква трымаецца той жа практыкі, дорачы гарадам былой імперыі Пушкіных і Неўскіх. На гістарычных прыкладах разбіраемся, як доўга прастаяць такія помнікі пасля падзення імперыі.
Да другой паловы XIX стагоддзя помнікі знакамітым дзеячам у Расійскай Імперыі амаль не выходзілі за межы дзвюх сталіц, Пецярбурга і Масквы. Дый тут іх былі лічаныя адзінкі, пастаўленыя ў гонар імператара-рэфарматара Пятра I, выдатных палкаводцаў Суворава, Кутузава, Барклая дэ Толі ці народных герояў рускай гісторыі — Мініна і Пажарскага. Памятныя падзеі і месцы часцей адзначаліся трыумфальнымі аркамі, абеліскамі і храмамі.
У сярэдзіне стагоддзя ў Еўропе разгараецца Вясна народаў, ажыўляюцца нацыянальныя рухі і пачынаецца актыўнае нацыябудаўніцтва. Не абмінулі гэтыя працэсы і расейцаў. Калі раней увекавечваліся асобы, якія ўмацоўвалі дзяржаўную ўладу і пашыралі межы, то цяпер да іх дадаліся і асобы, якія ўзвялічвалі нацыянальную культуру. Так, у другой палове XIX стагоддзя з’явіліся не толькі помнікі імператару Мікалаю I і імператрыцы Кацярыне II, але і паэту Пушкіну ды байкапісцу Крылову.
Праўда, нацыянальныя рухі ў гэты ж час ажывіліся і ў нацыянальных правінцыях, у чым расійскі царызм абсалютна не быў зацікаўлены. Акрамя гвалту, здушэння паўстанняў, увядзення шматлікіх забаронаў і цэнзуры, якія мусілі стрымаць гэтыя працэсы, выкарыстоўвалася і «мяккая сіла» — манументальная прапаганда. Да яе можна аднесці як прапаганду праз архітэктуру, калі ў нацыянальных цэнтрах будаваліся велізарныя праваслаўныя храмы або мясцовая архітэктура перабудоўвалася на рускі капыл, так і прапаганду праз помнікі асобам, якія замацоўвалі ўяўленні, што рускае валадарства тут назаўжды.
Найгалоўнейшым антаганістам да расійскай улады была непакорная Польшча, якая нават цалкам, здавалася б, скораная, заставалася галаўным болем для царызму.
У адрозненне ад многіх іншых народаў пад царскай уладай, гэта была ўжо спелая нацыя, якая мела сваю добра распрацаваную мову, культуру і трывала трымалася іншай, каталіцкай веры. Палякі марылі толькі пра тое, як бы вырвацца з путаў і адрадзіць сваю дзяржаўнасць.
Таму зусім не выпадкова, што ў сталіцы Польшчы манументальная прапаганда была выкарыстаная напоўніцу.
Найбольшая колькасць расійскіх помнікаў у Варшаве звязаная са задушэннем паўстання 1830—1831 гадоў, якое ў імперыі называлі «польскі бунт».
У дзясятую гадавіну пачатку «бунта», 29 лістапада 1841 года, на Саксонскай плошчы быў адкрыты Помнік сямі генералам. Шасцёра польскіх генералаў і адзін палкоўнік былі забітыя паўстанцамі за адмову парушыць прысягу расійскаму імператару і далучыцца да вызваленчага руху. Палякі помнік цярпелі, але ў народзе пра яго складалі з’едлівыя прыпеўкі.
У час Першай сусветнай вайны палякі патрабавалі знішчыць помнік, але германскія ўлады, якія акупавалі Варшаву, не дазвалялі ім гэтага аж да 1917 года. Дазвол быў атрыманы толькі, калі Мікалай II адрокся ад трону.
Праца над наступным ідэалагічным помнікам зацягнулася праз смерць аўтара. Над помнікам душыцелю паўстання 1830 года Івану Паскевічу, які пасля перамогі быў пастаўлены намеснікам Царства Польскага і менаваўся «князем Варшаўскім», працавалі яшчэ з 1857 года, але скончыць яго змаглі толькі ў 1870-м. За гэты час расійскімі войскамі было задушана чарговае «польскае паўстанне» 1863—1864 гадоў, і помнік выглядаў як адказ на гэтую падзею.
Што цікава, паставілі яго перад варшаўскай рэзідэнцыяй Паскевіча, Палацам намеснікаў, дзе планавалася паставіць зусім іншы помнік — Юзафу Панятоўскаму. Пляменнік апошняга манарха Рэчы Паспалітай змагаўся супраць расійскай арміі ў часы паўстання Касцюшкі і ў шэрагах напалеонаўскай арміі, але заказаны ў дацкага скульптара Бертэля Торвальдсэна, які пераймаў конны помнік Марку Аўрэлію на Капіталійскім пагорку, помнік быў адліты ў надзвычай няўдалы час — у 1832 годзе, акурат пасля задушэння чарговага паўстання.
Помнік канфіскавалі, а пасля ў якасці трафею падарылі Івану Паскевічу, які перавёз яго ў сваю радавую рэзідэнцыю ў Гомелі, дзе ён прастаяў аж да 1922 года.
Як і ў выпадку з Помнікам сямі генералам, палякі не сталі доўга цырымоніцца з манументам свайму душыцелю, прыбраўшы яго ў тым жа самым 1917 годзе. Рэшткі помніка былі пераплаўленыя ў 1920-я гады.
Але на гэтым гісторыя не скончылася. Паводле Рыжскай дамовы з Савецкай Расіяй, якая скончыла савецка-польскую вайну, Польшча дамаглася вяртання з Гомеля помніка Юзафу Панятоўскаму, месцам для якога была абраная Саксонская плошча. Пастамент помніка расійскага душыцеля Паскевіча быў выкарыстаны для будаўніцтва помніка змагару за вызваленне ад царскай улады.
Пасля Варшаўскага паўстання нацысты чыста з помсты планамерна вынішчалі гістарычны цэнтр горада. Помнік Панятоўскаму, як сімвал імкнення да вызвалення, быў узарваны. Але пасля вайны Данія падарыла палякам дакладную копію твора свайго выдатнага майстра, якая ў 1965 годзе была пастаўленая перад былым Палацам намеснікаў, на тым самам месцы, дзе стаяў помнік Паскевічу. Адбыўся манументальны рэванш ва ўсёй яго прыгажосці.
У часы незалежнасці палякі знішчылі і расійскія помнікі ў гонар узяцця Варшавы ды перамогі царскіх войскаў у бітве пры Грохаве, таксама звязаныя з задушэннем паўстання 1830 года.
Распавядаючы пра помнікі, немагчыма, аднак, абмінуць велізарны Аляксандра-Неўскі сабор, пастаўлены ў самым цэнтры горада, на Саксонскай плошчы. Ідэя яго будаўніцтва належыць варшаўскаму генерал-губернатару Іосіфу Гурко, які, да слова, паходзіў з беларускага роду. Ён у сваёй запісцы імператару Аляксандру III аргументоўваў неабходнасць яго ўзвядзення тым, што новы храм «сведчыў бы сваім вонкавым выглядам і ўнутраным зместам аб велічы пануючай Царквы ў Рускай Дзяржаве».
Будаўніцтва ішло досыць доўга: закладзены ў 1894 годзе храм быў завершаны ў 1900 годзе, але аздабленне расцягнулася яшчэ на 12 гадоў. Для яго будаўніцтва на Зялёную плошчу (цяпер плошчу Дамброўскага) быў перанесены Помнік сямі генералам. Расейцы адзначалі ў саборы свае дзяржаўныя святы, юбілеі перамогі ў вайне 1812 года і 300-годдзя дому Раманавых.
Будаўніцтва велізарнай праваслаўнай царквы ў псеўдарускім стылі пасярод спрэс каталіцкага краю было відавочным пляўком у нацыянальны гонар палякаў.
У 1915 годзе, перад прыходам нямецкай арміі, з Варшавы было эвакуіравана рускае насельніцтва разам з праваслаўным духавенствам, а з сабора быў вывезены іканастас і найбольш каштоўныя дэталі ўнутранага ўбрання.
Пасля аднаўлення польскай дзяржаўнасці у 1918 годзе разгарэлася дыскусія пра тое, што рабіць з гэтым помнікам расійскага валадарства. Нехта прапаноўваў перабудаваць яго на касцёл, нехта — у мемарыял пакутніцтва польскага народа. Але большасць была катэгарычна за адзіны варыянт — знішчыць гэты абразлівы напамін пра стагоддзе няволі.
Заступіцца за храм не было каму, але адным з нешматлікіх, хто выступаў супраць зносу, быў тагачасны сенатар ад беларускай меншасці Вячаслаў Багдановіч, чалавек з памежнай беларуска-расейскай свядомасцю.
«Дастаткова пайсці на Саксонскую плошчу і паглядзець на аголеныя купалы напалову разбуранага сабора. Не кажыце, панове, што ён мусіць быць разбураны як помнік няволі. Я б сказаў, што, пакуль стаіць, ён з'яўляецца найлепшым помнікам для будучых пакаленняў, які павучае іх, як трэба паважаць і берагчы сваю Радзіму; разабраны ж, будзе помнікам — ганебным помнікам нецярпімасці і шавінізму!» — абураўся Багдановіч.
Велічны сабор знішчалі марудна, мармуровыя пліты былі выкарыстаныя ў аздабленні варшаўскіх будынкаў, яшмавыя калоны былі перавезеныя ў пахавальню маршала Пілсудскага ў Кракаве. І нават у гэтым знішчэнні зноў узнікае беларускі след — мазаічныя пано перавезлі ў Пакроўскі сабор у Баранавічах, дзе захоўваюцца дагэтуль. Парупіўся пра гэта іншы тагачасны сенатар ад беларусаў Аляксей Назарэўскі, які акурат сам паходзіў з Баранавічаў. Ён, дарэчы, таксама меў такую ж памежную беларуска-расейскую свядомасць, як і Багдановіч.
На тэрыторыі сённяшняй Беларусі значных расійскіх помнікаў амаль не было. Культурным і палітычным цэнтрам Паўночна-Заходняга краю заставалася Вільня, яна ж успрымалася ўладамі як галоўны польскі асяродак па-за Царствам Польскім. Праз гэта манументальная прапаганда знайшла найбольшае адлюстраванне менавіта тут.
Ідэя помніка ў гонар расійскай імператрыцы ў Вільні з’явілася з нагоды стагоддзя далучэння краю да імперыі. Праўда, работы над манументам Кацярыне II, якая і рэалізавала тры падзелы Рэчы Паспалітай, пачаліся трохі пазней за юбілейную дату. За працу ўзяўся знакаміты віленскі скульптар Марк Антакольскі. Помнік паставілі ў 1902 годзе на Кафедральнай плошчы. На адным з бакоў пастамента быў высечаны вядомы дэвіз «Отторгнутое возвратихъ», пад якім разумелася вяртанне Расіяй «рускіх» земляў Рэчы Паспалітай.
На адкрыццё помніка ў 1904 годзе былі запрошаныя вядомыя земляўласнікі Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. Гэта прывяло да грандыёзнага скандалу сярод шляхты. Калі з Віленскай губерні былі амаль усе, то Эдвард Вайніловіч і Аляксандр Скірмунт сваім уплывам зрабілі так, што ад Мінскай губерні не прыехаў зусім ніхто.
Тых, хто прысутнічаў на адкрыцці помніка, празвалі «кацярыняжамі», што стала сінонімам здрадніка. Так, Канстанцін Скірмунт, будучы міністр замежных спраў Польшчы, быў вымушаны публічна каяцца за гэты ўчынак у салоне Элізы Ажэшкі.
Не паўтараючы памылкі, дапушчанай у Варшаве, у 1915 годзе, пры набліжэнні нямецкіх войскаў да Вільні, рускія дэмантавалі помнік і эвакуіравалі кудысьці ўглыб Расіі, дзе ягоныя сляды згубіліся.
Але першы расійскі помнік у горадзе быў прысвечаны яшчэ больш адыёзнай для краю постаці. Яшчэ ў 1890 годзе пачаўся збор сродкаў на помнік, які мусіў увекавечыць асобу мясцовага душыцеля «польскага бунту», генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва-Віленскага. Пад ужо гатовую скульптуру мясцовымі мастакамі, акадэмікамі Іванам Трутневым і Васілём Гразновым быў спраектаваны пастамент. Месцам размяшчэння была абрана Палацавая плошча (пасля перайменаваная ў Мураўёўскую) перад генерал-губернатарскім палацам.
Помнік заклалі ў 1897 годзе, а ўрачыстае адкрыццё адбылося ў лістападзе наступнага. Праекту надавалі агульнадзяржаўнае значэнне. Ён шырока асвятляўся не толькі ў віленскай, але і ў пецярбургскай прэсе.
Яшчэ напярэдадні ўсталявання помніка ў рускіх патрыятычных колах пісалі, што супраць помніка «дзейнічае двайная варожая сіла — польскай злосці і рускай здрады, якія падалі адна адной рукі на згубу Расіі». Сам помнік ператварыўся ў аб’ект пратэстных акцый.
«Іду на Дварцовую плошчу ў шэры дом, што насупраць сквера з помнікам Мураўёву-вешацелю. Каля помніка шпацыруе ўзад і ўперад гарадавы. Я ўспомніла, што мне апавядалі аб гэтым помніку. Даўней не было тут гарадавога. Ён паявіўся пасля адной штукі, якую выкінула віленская моладзь.
Набралі хлопцы ў бойні трыбухаў і кішак, ноччу абляпілі імі помнік з галавы да ног, а на пастамент вылілі некалькі бутэлек валяр'янкі. Зляцеліся са ўсяго гораду сабакі да трыбухаў, а каты на пах валяр'янкі. І што там тварылася ў падножжа помніка, можна сабе ўявіць!
З таго часу гарадавы днём і ноччу сцеражэ гэты помнік», — згадвала Паўліна Мядзёлка.
Пра ахову каля расійскіх манументаў прыгадваў і Змітрок Бядуля ў вершы «Віленскія помнікі»:
«Помнікаў два —
Мураўёў, Кацярына.
Пры іх дзень і ноч
Стаіць варта —
Ад птушак гарэзных
Гарэзных людзей.
Гарадавыя пры іх
Нерухомы, як мармур,
I пышны пагрозлівы мармур
Вартуюць як скарб».
Хутчэй за ўсё, помнік Мураўёву, як і помнік Кацярыне II, быў эвакуяваны ў 1915 годзе і гэтак жа згубіўся, але існуе і іншая версія, што польскія ўлады ператварылі яго ў гарадскую грамадскую прыбіральню.
У час паміж гэтым дзяржаўнымі помнікамі расійскія ўлады паставілі ў 1899 годзе і помнік паэту Аляксандру Пушкіну. Ён быў урачыста адкрыты ў 1900 годзе ў прысутнасці Грыгорыя Пушкіна, сына рускага класіка, які жыў пад Вільняй у маёнтку Маркучы — цяпер гэта раён горада. Сквер побач з Кафедральным саборам і гарой Гедыміна, дзе быў пастаўлены бюст, сталі называць Пушкінскім.
Пушкін паўтарыў лёс помнікаў імператрыцы і генерал-губернатара.
Пастамент, аднак, здабыў новае жыццё. Яго перанеслі ў сквер каля касцёла Святой Кацярыны, паставіўшы на яго бюст знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі, які захаваўся дагэтуль.
Іншым балтыйскім сталіцам, Рызе і Рэвелю (сёння Талін), расійскія ўлады падарылі ў 1910 годзе поўнафігурныя помнікі імператару Пятру I, які калісьці праз шведскія на той момант Лівонію і Эстляндыю прабіў «акно ў Еўропу».
Варта адзначыць, што немцы, якія панавалі ў гэтых краях, супраць расійскай улады не паўставалі, а лютэране ў імперыі не ведалі таго прыгнёту, які быў супраць Каталіцкай царквы. Таму ўладамі тут не ўшаноўваліся асабліва адыёзныя душыцелі, а насельніцтвам гарадоў новыя помнікі не ўспрымаліся адкрыта варожа. Прыбалтыйскія немцы актыўна ўдзельнічалі ў зборы грошай на манументы.
З Рыгі, якая, як і Вільня, у 1915 годзе аказалася на лініі фронту, помнік вырашылі эвакуяваць. Мясцовыя ўлады супраціўляліся гэтаму рашэнню, але ўрэшце скульптура была пагружаная на судна «Сербіна», якое хадзіла пад англійскім сцягам. Кайзераўскі эсмінец, які праплываў праз Маанзундскі архіпелаг, аднак, патапіў грузавы карабель з каштоўным грузам.
Рэвалюцыя паклала канец не толькі царызму, але і нямецкаму панаванню ў Прыбалтыцы. Новыя нацыянальныя рэспублікі, Латвія і Эстонія, ужо не так лаяльна ставіліся да расійскіх гаспадароў, якія падтрымлівалі засілле немцаў у краі.
У 1928 гады латышы прынялі рашэнне знесці пусты пастамент, што і было зроблена ў 1931 годзе. Амаль на тым жа месцы быў узведзены Помнік Свабоды, які цудам перажыў савецкія часы. Але матэрыял пастамента помніка Пятру I таксама знайшоў прымяннне — ягоны граніт у 1937 годзе быў выкарыстаны для стварэння манумента абаронцам Рыгі, так званага «Судрабкалныньша» ў Іманце.
У 1934 годзе помнік па частках усё ж паднялі са дна мора. За савецкім часам да яго ніякай цікавасці не было. Адноўлены помнік быў толькі ў 2001 годзе. Прадпрымальнік Яўген Гомберг, які праспансаваў аднаўленне, паставіў яго на паркоўцы свайго прадпрыемства. У 2020 годзе ён, па ўзгадненні з рыжскімі ўладамі, перавёз помнік на тэрыторыю каля свайго асабняка ў Юрмале.
Эстонія, якая ў 1919 годзе адстаяла сваю незалежнасць у пераможнай вайне з Расіяй, перанесла помнік Пятру I з галоўнай плошчы сталіцы на тэрыторыю палаца Кадрыёрг, пабудаванага па загадзе імператара. Але ўжо ў 1922 годзе помнік быў дэмантаваны, пастамент пад ім разбураны, ногі бронзавага Пятра пераплаўленыя на эстонскія цэнты, з бронзавых рук адліты помнік эстонскім школьнікам — удзельнікам Вызвольнай вайны.
Бюст, які застаўся, быў перанесены да доміка Пятра, дзе праіснаваў да пачатку Другой сусветнай вайны. У час вайны, хутчэй за ўсё, ён быў пераплаўлены немцамі для патрэбаў фронту.
Карэнным чынам адрозніваецца лёс помніка, які сёння ўпрыгожвае цэнтральную плошчу фінскай сталіцы.
Па выніках вайны са Швецыяй Расія ў 1809 годзе атрымала ў «вечнае валоданне» ўсю Фінляндыю. На гэтай тэрыторыі было створана Вялікае Княства Фінляндскае з надзвычай шырокай унутранай і знешняй аўтаноміяй ад імперыі. Нечага падобнага дамагаўся Міхал Клеафас Агінскі, які ў 1811 годзе прапанаваў імператару план адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расіі.
Хоць прывілеі былі захаваныя, расійскі ўрад асцерагаўся рэваншысцкіх тэндэнцый у Швецыі, а таму ў выніку царскія ўлады зрабілі стаўку на фінскі народ.
Асабліва гэта праявілася за часамі кіравання Аляксандра II, які праводзіў у імперыі значныя сацыяльныя рэформы. Пакуль у 1863 годзе ў Паўночна-Заходнім краі, які так і не атрымаў аўтаноміі, душылі чарговае вызвольнае паўстанне, у Фінляндыі ў афіцыйнае справаводства была ўведзена мова большасці — фінская.
У гэты ж год у Гельсінгфорсе па ініцыятыве імператара з мэтай распрацоўкі канстытуцыі было праведзена першае пасяджэнне сейма, які да гэтага доўгі час фактычна не збіраўся. У выніку канчаткова была сфарміраваная сістэма сейма, нададзеныя дэмакратычныя прывілеі, пачалі з'яўляцца палітычныя партыі.
Цалкам натуральна, што калі ў 1881 годзе Аляксандр II быў забіты беларускім рэвалюцыянерам Ігнатам Грынявіцкім, у Фінляндыі пажадалі ўвекавечыць памяць манарха. Нягледзячы на тое, што збор грошай на помнік і конкурс адбыліся неўзабаве пасля забойства, адкрыты помнік на Сенацкай плошчы Гельсінгфорса быў толькі ў 1894 годзе.
На цырымоніі адкрыцця прысутнічала каля 30 000 чалавек, многіх з якіх накіравалі сюды трыста гарадоў і сельскіх грамад.
Пастамент з фігурай цара-вызваляльніка, выкананай фінскімі скульптарамі, атачалі алегарычныя скульптуры, якія сімвалізавалі асноўныя кірункі дабратворнага ўплыву расійскага манарха на Фінляндыю: выкананне закона і правапарадку, развіццё навукі і культуры, росквіт земляробства, мір.
У далейшым да помніка ў знак пратэсту ўскладалі кветкі, калі расійскія ўлады адбіралі фінскія прывілеі ці ўзмацнялі палітыку русіфікацыі. Але стаўленне да Аляксандра II заставалася выключна пазітыўным. У час рэвалюцыі 1917 года гараджане абаранілі помнік ад матросаў Балтыйскага флоту, якія намагаліся яго скінуць.
Пасля абвяшчэння незалежнасці выказваліся асобныя меркаванні, што варта знішчыць помнік расійскага валадарства, але яны не знайшлі шырокай падтрымкі. Фашысцкі Лапуаскі рух пагражаў перад прэзідэнцкімі выбарамі, што знішчыць помнік як напамін пра расійскае валадарства, але гэтая пагроза была высмеяна ў СМІ, дзе прапанавалі заадно знішчыць у Турку замак і сабор, як напаміны пра шведскае валадарства.
Помнік заставаўся стаяць у цэнтры Хельсінкі нават у часы крывавай вайны з Савецкай Расіяй. У 1942 годзе студэнты ўніверсітэта патрабавалі замяніць цара на статую Свабоды. Але бронзавы Аляксандр II застаецца стаяць на сваім месцы дагэтуль.
У іншых частках імперыі царская ўлада даволі хутка змянілася на савецкую, якая зносіла помнікі не азіраючыся на стаўленне нацыянальных элітаў да канкрэтных асоб, а праз ідэалагічную неадпаведнасць з камуністычным бачаннем. У хуткім часе царскія помнікі замянілі савецкія, якія ў таталітарнай дзяржаве насаджаліся ў прамысловых маштабах і часта не мелі ні мастацкай каштоўнасці, ні хоць якога гістарычнага абгрунтавання.
Тая ж самая палітыка праводзілася ў падпарадкаваных пасля Другой сусветнай вайны краінах Еўропы.
Пасля распаду савецкай дзяржавы Расія паступова вярнулася да «мяккай сілы», дорачы помнікі або спансуючы іх узвядзенне на тэрыторыі былых сатэлітаў. Пантэон змяніўся, відавочных прыгнятальнікаў, вядома, давялося выключыць, каб зменшыць раздражненне ў мясцовых нацыянальных сіл, але іхняе месца занялі Аляксандры Пушкіны і Аляксандры Неўскія.
Як доўга прастаяць гэтыя бронзавыя постаці ў Беларусі пасля падзення расійскага рэжыму — на гэтае пытанне гісторыя дае даволі канкрэтны адказ. І мы ўжо бачылі, як расійскія ўлады, як калісьці назаўсёды са сваімі помнікамі пакідалі Вільню, цяпер назаўсёды пакідалі Херсон, прыхапіўшы сваіх бронзавых Суворавых, Ушаковых ды Пацёмкіных.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары