«Як можна зменшыць кошт паслугі адразу на 40 працэнтаў?» Стаматолагі пра намеры Мінздароўя абмежаваць цэны

Чыноўнікі заяўляюць, што такое рэгуляванне неабходна, каб павысіць даступнасць платных стаматалагічных паслуг для насельніцтва. Стаматолагі ж лічаць, што гэта папулізм з незразумелымі мэтамі.

22.11.2023 / 17:58

Ілюстрацыйнае фота: belstom.by

«Будуць штрафаваць…»

Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што цяпер у клініках, незалежна ад віду ўласнасці, не могуць быць тарыфы, вышэйшыя за вызначаныя пастановай. Яна павінна набыць моц да канца 2023 года. Але пакуль гаворка ідзе толькі аб праекце пастановы і інструкцыі, у якіх будуць прапісаныя максімальныя тарыфы на стаматалагічныя паслугі.

За цэны на рынку стаматалагічных паслуг узяліся яшчэ ўлетку. 6 ліпеня ўрад унёс змены ў пастанову 2015 года аб рэгуляванні тарыфаў на платныя медыцынскія паслугі.

У выніку пад «унармаванне» цэн трапілі ўсе стаматалагічныя паслугі.

Калі раней абмежаванні тычыліся артапедычнай стаматалогіі і зубатэхнічных работ, то цяпер самастойна нельга павышаць тарыфы на тэрапеўтычную, хірургічную ды артадантычную стаматалогію.

«На нарадах з чыноўнікамі нам даводзілі, што змены ўнесеныя, каб насельніцтву былі даступныя стаматалагічныя паслугі. Мы ж не супраць, але чыноўнікаў не хвалююць нашы праблемы з затратамі на набыццё тых жа расходных матэрыялаў», — каментуе сітуацыю стаматолаг прыватнай клінікі.

Ён не гатовы гаварыць, як паўплываюць на прыватную стаматалогію абяцаныя новаўвядзенні ўраду і Мінздароўя, бо пакуль ад іх гучаць толькі заявы аб намерах.

«У нас ужо былі кантралёры, якія правяралі наша цэнаўтварэнне. Рэкамендацый ніякіх не было. З непакоем чакаем рэакцыі. Дапускаем, што будуць штрафаваць», — кажа стаматолаг.

«Вядома ж, можна працаваць на савецкім абсталяванні і браць танныя расходнікі»

Суразмоўца дадае, што Мінздароўя ўжо ўмешваецца ў вызначэнне нормаў расходу матэрыялаў і часу аказання паслуг.

Раней кожная стаматалагічная клініка вылічвала гэта, абапіраючыся на ўласны досвед. Складаліся акты, якія зацвярджаліся галоўным доктарам.

«Лекары спісвалі матэрыялы пры лячэнні, і пацыент плаціў за фактычна выкарыстаны аб'ём. Але матэрыялаў у стаматалогіі мноства і як чыноўнікі гэта ўсё ўніфікуюць, цяжка ўявіць», — адзначае суразмоўца.

Яго калега заўважае, што ўва ўсім свеце стаматалогія «дужа дарагая».

Паводле яго слоў, у цану паслуг закладаецца чалавечы фактар — доктар доўга вучыцца, праходзіць спецыялізацыю, дарагія курсы. Улічваецца сама праца і, вядома ж, кошт расходных матэрыялаў. Да таго ж, у стаматалогіі выкарыстоўваецца дарагое абсталяванне.

«Вядома ж, можна працаваць на савецкім абсталяванні, браць танныя расходнікі і як вынік — танная, але кепскай якасці праца», — заўважае ён.

На выставе «Стаматалогія Беларусі — 2018» сваю прадукцыю паказалі 12 краін. Сярод іх Аўстрыя, Германія, Ізраіль, Літва, Фінляндыя, Чэхія, Швейцарыя, Паўднёвая Карэя, Японія. Цяпер пра такую прадстаўнічасць беларускім чыноўнікам даводзіцца толькі марыць. Фота: minzdrav.gov.by

Суразмоўца лічыць, што варта гаварыць не пра дарагоўлю стаматалагічных паслуг, а безграшоўе насельніцтва, якое проста не мае сродкаў на тое, каб лячыць зубы.

У Беларусі дагэтуль не зацверджаны мінімальны сацыяльны стандарт у стаматалогіі, і чыноўнікі намагаюцца яго замяніць рэгуляваннем цэн.

У краінах, дзе такія стандарты ёсць, дзяржава забяспечвае той мінімум, які яна можа сабе дазволіць.

«Напрыклад, самыя простыя пломбы, самыя простыя пратэзы. За тое, што звыш таго, пацыент плаціць са сваёй кішэні», — тлумачыць ён.

«Сумнеўна, каб можна было зменшыць кошт паслугі адразу на 40 працэнтаў»

У Беларусі 61 стаматалагічная паліклініка, 49 артапедычных аддзяленняў і больш за 800 прыватных стаматалагічных клінік.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і па сумяшчальніцтве галоўны пазаштатны стаматолаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей Рубніковіч у ліпені запэўніваў, што пад рэгуляванне трапяць дзяржаўныя і прыватныя клінікі.

З яго слоў, высокія цэны на стаматалогію звязаныя з коштам расходных матэрыялаў.

«На жаль, шматлікія з іх закупляюцца ў блізкім і ў далёкім замежжы. Калі выдаткі на матэрыялы будуць змяншацца, будзе змяншацца і кошт стаматалагічнай паслугі», — прызнаваў Сяргей Рубіковіч.

Міністэрства аховы здароўя выказвалася, што асобныя прыватныя клінікі ўстанаўлівалі «неабгрунтавана высокія тарыфы» на стаматалагічныя паслугі. Гэта было выяўлена падчас праверак летам 2023 года.

Ведамства прагназуе, што па ўвядзенні новых цэн паслуга, напрыклад, «выдаленне малочнага зуба» ў сярэднім стане таннейшай на 33%, (было 127 рублёў, стане 85,60), «складанае выдаленне» — на 42%, (было 479 рублёў, стане 278), «лячэнне сярэдняга карыесу» — на 47% (было 163 рублёў, стане 86,40).

Паводле Мінздароўя, такія разлікі былі зробленыя ў выніку аналізу тарыфаў 32 арганізацый, якія аказваюць нерэгулярныя стаматалагічныя паслугі (16 — дзяржаўных, 16 — недзяржаўных устаноў).

«Такія прагнозы выглядаюць звычайным папулізмам, разлічаным на чалавека, які не ведае цэнаўтварэння ў стаматалогіі. Сумнеўна, каб можна было зменшыць кошт паслугі адразу на 40 працэнтаў», — адзначае супрацоўнік прыватнай клінікі.

Па яго словаў, калі ён толькі прыйшоў на інтэрнатуру, то ў кабінеце галоўнага доктара на школьнай дошцы былі напісаныя дзве лічбы: першая — памер бюджэтнага фінансавання на адно наведванне пацыентам, а другая — кошт набору для агляду: пара пальчатак, інструмент, маска.

Першая лічба разы ў два была меншая за другую. Ён кажа, што платныя паслугі падтрымліваюць належны ўзровень аказання дапамогі пацыенту. Можна перадаць нейкія матэрыялы на бюджэтны прыём, але пры гэтым забаронена рабіць наадварот.

Зачыстка рынку, недахоп медыкаў, не едзе «пацыент з грашыма»

Не выключаюць суразмоўцы, што за намерамі чыноўнікаў «урэгуляваць цэны» схавана спроба «зачысціць рынак».

Па іх словах, сям’я галоўнага пазаштатнага стаматолага Мінздароўя Сяргея Рубніковіча валодае ў Мінску некалькімі прыватнымі клінікамі. Свой бізнэс яны хочуць пашырыць, заняўшы месца тых лякарняў, якія збанкрутуюць ці не захочуць працаваць у новых умовах. 

Істотным застаецца і тое, што ў прыватных клініках зарабляюць больш і туды ідуць медыкі з дзяржаўных паліклінік, а гэта вядзе да таго, што там не хапае персаналу.

Рэкламны шчыт на мяжы з Польшчай. Фота: тэлеграм-канал «Брест. Главное!»

Стаматолагі таксама адзначаюць, што ў дакавідны час у Беларусь прыязджалі лячыць зубы замежнікі: палякі, літоўцы, нават ізраільцяне. Цяпер іх няма. Каб вярнуць «пацыента з грашыма», выстаўляюць рэкламныя шчыты на мяжы.

Наогул жа, заяўляюць суразмоўцы, у патугах чыноўнікаў «рэфармаваць» медыцыну не зразумела, што яны з ёю хочуць зрабіць».

Глядзіце таксама:

Новае запрыгоньванне медыкаў: улады мяняюць правілы ардынатуры — з адпрацоўкай пяць гадоў і гіганцкімі штрафамі

Ці можна адбяліць зубы танна, што рабіць з «канаўкамі» ўздоўж дзяснаў, ці набываць пасту з фторам — папулярна тлумачыць стаматолаг

Сучасныя методыкі ў доглядзе зубоў: распавядаюць перадавыя мінскія стаматолагі 

«На 45 месцаў — 5 дзяўчат». Хірургаў у субардынатуру будуць размяркоўваць па палавой прыкмеце — студэнты абураныя

Васіль Вашчыла