Праект беларускага порта ў Мурманску застаецца актуальным?
Пра варыянт будаўніцтва беларускага порта ў Мурманску ўрад Галоўчанкі заяўляў у маі, а цяпер губернатар Мурманскай вобласці Андрэй Чыбіс у інтэрв'ю «Інтэрфаксу» падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі праекту. Хоць раней праходзіла інфармацыя, што беларускі бок нібыта ад гэтага праекта ўжо адмовіўся
12.12.2023 / 18:54
Порт у Мурманску. Фота: Wikimedia Commons
«Цяперашні статус, які трэба дапакаваць і фіналізаваць, — гэта запыт калегаў на асобны порт з дастаткова вялікім аб'ёмам перавалкі, лічбы істотна вышэйшыя за названыя раней», — сказаў Андрэй Чыбіс.
Раней паведамлялася, што магутнасць тэрмінала па перавалцы беларускіх мінеральных угнаенняў складзе 5-7 мільёнаў тон у год.
Па словах мурманскага губернатара, для размяшчэння беларускага порта прапанавалі некалькі варыянтаў.
«Зусім нядаўна ў нас былі беларускія спецыялісты, якія яшчэ раз усё агледзелі і структуравалі. Думаю, што ў блізкай будучыні будзе прынятае фінальнае рашэнне — як, дзе, на якія аб'ёмы, і мы прыступім да працы», — адзначыў кіраўнік расійскага рэгіёну.
У лютым у Мурманск прыязджала дэлегацыя беларускага Міністэрства транпарту і камунікацый, каб даследваць пляцоўкі для размяшчэння партовай інфраструктуры.
«Нас цікавіць не толькі ў глабальным сэнсе порт менавіта для калійных угнаенняў, але і ў прынцыпе для беларускага грузапатоку — як экспартнага, так і імпартнага», — заявіла тады намесніца міністра Наталля Александровіч.
Між тым у чэрвені гэтага года ў інтэрв'ю «РИА Новости» пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты заяўляў, што Беларусь ужо не плануе ствараць адзіны порт у Расіі пасля закрыцця праз санкцыі доступу да марскіх партоў у Балтыі, а будзе выкарыстоўваць для экспарту сваіх грузаў сетку марскіх партоў у Расіі.
Чытайце таксама:
Беларускія парты ў Расіі: усё не так хутка або насамрэч ніколі?
Дзмітрый Круты сказаў, што ў Беларусі неўзабаве будзе ўласны флот. Прынамсі, ён у гэта верыць
Якія расійскія парты выкарыстоўваюцца для перавалкі беларускіх грузаў
Стала вядома, колькі каштуе транзіт беларускіх грузаў праз Расію