Эканоміка55

Беларускія парты ў Расіі: усё не так хутка або насамрэч ніколі?

Сёлета ў лютым Лукашэнка заявіў пра планы пабудаваць беларускія парты на расійскай Балтыцы. У чэрвені ён нібыта нават наведаў будаўнічую пляцоўку пад Санкт-Пецярбургам. Але будаўніцтва там не пачалося дагэтуль, піша Дзмітрый Гурневіч на «Радыё Свабода».

Фота: president.gov.by

Эпапея з «беларускім портам» цягнецца ўжо трэці год. У верасні 2020-га, калі ў беларускіх гарадах адбываліся пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, Лукашэнка прапанаваў губернатару Ленінградскай вобласці пабудаваць у порце Усць-Лугі тэрмінал для беларускіх грузаў. Ужо тады было зразумела, што заходнія ўрады будуць уводзіць санкцыі. Так пазней і сталася. Балтыйскія краіны закрылі свае парты для Беларусі.

Больш за два гады Лукашэнка робіць гучныя заявы пра ўласныя парты Беларусі на Балтыцы. Улетку ён нават сам праінспектаваў нібыта будаўніцтва аднаго з іх. Але, як сведчаць факты, ніякага будаўніцтва не пачалося дагэтуль.

Два гады на разгойдванне

«Беларускі порт» існуе пакуль нават не на паперы, а на вуснах палітыкаў і чыноўнікаў. Пасля згаданай просьбы Лукашэнкі да ленінградскага губернатара спатрэбілася ажно восем месяцаў, каб выказаўся кіраўнік «Росморречфлота». Але і ён не агучыў ніякай канкрэтыкі. У красавіку 2021 года ён толькі заявіў, што «спадзяецца да лета» вызначыцца з месцам размяшчэння тэрміналу.

Працяг гісторыя атрымала амаль праз год. У лютым 2022 года, за некалькі дзён да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, Лукашэнка сустрэўся ў Маскве з Пуціным і заявіў, што Беларусь пабудуе пад Санкт-Пецярбургам не проста тэрмінал, а цэлы ўласны порт. Каманду пра гэта аддаў, паводле Лукашэнкі, нібыта сам Пуцін. «Я яго папрасіў, каб дапамаглі нам расіяне: каб не было цяганіны, бюракратыі. Справа не ў грашах, грошы на гэта ёсць», — сказаў тады Лукашэнка. Адкуль грошы — невядома. Паведамляецца аб прыватным інвестару. Лукашэнка паабяцаў, што праз 1,5—2 гады ў Беларусі на Балтыцы будзе не проста порт, а цэлыя парты.

Праз чатыры месяцы губернатар Ленінградскай вобласці заявіў, што беларускія спецыялісты агледзелі зямельныя ўчасткі, дзе ў будучыні можа быць пабудаваны тэрмінал для беларускіх грузаў. Значыць, гаворка не пра порт, а тым больш не парты, як сказаў Лукашэнка.

Неўзабаве пасля гэтага тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў, што Лукашэнка ўжо і асабіста азнаёміўся з ходам будаўніцтва «беларускага порта» падчас працоўнага візіту ў Санкт-Пецярбург. Блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал апублікаваў нават кароткае відэа, на якім відаць, як ён на катары аглядае нібыта тое самае будаўніцтва. Але папраўдзе гэта ніякая не будаўнічая пляцоўка. Гэта расійскі порт Бронка, які даўно дзейнічае і праз які ідзе беларускі грузапаток.

Работы яшчэ не пачаліся

Паводле Лукашэнкі, беларускі порт ствараецца ў прыгарадзе Санкт-Пецярбурга Ламаносаве, на беразе Фінскай затокі. Але праз два месяцы гэтае відэа «Пула Первого» зняпраўдзіў сваёй заявай прэм’ер Раман Галоўчанка. Ён заявіў, што будаўніцтва, магчыма, пачнецца да канца года.

Да канца года засталося некалькі дзён, а дзяржаўныя СМІ некалькі апошніх месяцаў ані словам не згадалі пра тое, што там пачаліся або ідуць будаўнічыя работы.

Вядучае ў Расіі СМІ ў галіне марскога транспарту, інфармацыйна-аналітычнае агенцтва portnews.ru месяц таму паведаміла, што «даных пра рэальны пачатак будаўніцтва нейкага асобнага тэрміналу для беларускіх грузаў няма». Адмыслоўцы выдання астудзілі запал Лукашэнкі, які планаваў ужо ў 2024 годзе перавалку беларускіх грузаў праз свой порт пад Піцерам: «будаўніцтва і праектаванне тэрміналу «з нуля» зойме гады».

Больш за тое, Расія сама адчувае дэфіцыт магутнасцяў для перавалкі ўласных мінеральных угнаенняў. У 2021 годзе ён дасягаў 8 млн тон. А «Беларуськалій» у год прадукуе да 12 млн тон. Пакуль грузапаток беларускай прадукцыі перанакіравалі ў амаль дзясятак партоў Расіі. Нафтапрадукты з Беларусі ідуць праз Вялікі порт Санкт-Пецярбурга, а ўгнаенні «раскідаюцца» па партах у самых розных марскіх басейнах. Такая лагістыка, нягледзячы нават на асаблівыя тарыфы для Беларусі, зніжае канкурэнтаздольнасць беларускага экспарту, зазначае portnews. ru.

Яшчэ адзін тэрмінал для беларускіх тавараў плануюць пабудаваць у порце Мурманска, на заходнім беразе Кольскай затокі. Але дэталяў пра гэты праект увогуле няма, апрача планаванай магутнасці 5—7 млн тон у год. Пра яго нібыта дамовіліся ў верасні губернатар Мурманскай вобласці і старшыня Мінгарвыканкама, падпісаўшы пагадненне аб супрацы. Але пакуль гэта заява пра намеры. Да пачатку рэальнага будаўніцтва дарога яшчэ даўжэйшая, чым у выпадку з портам пад Піцерам.

Адначасова Беларусь плануе павялічыць перавалку грузаў праз Астраханскую вобласць, каб пастаўляць тавары ў Ірак, Іран і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

У канцы кастрычніка кіраўнік анексаванага Крыма Аксёнаў прапанаваў Лукашэнку карыстацца партамі паўвострава.

Мінусы расійскіх партоў

Беларускія ўгнаенні ў расійскіх партах перад тым, як трапіць да пакупніка, перагружаюцца ў так званыя біг-бэгі. А гэта нятанная паслуга. Як заўважае галоўны рэдактар партала portnews.ru Віталь Чарноў, у Расіі няма спецыялізаваных балкерных тэрміналаў для ўгнаенняў. А тыя неспецыялізаваныя, якія ёсць, і так загружаныя.

Лагістыка праз Мурманск моцна саступае шляху праз краіны Балтыі, паколькі груз трэба давезці да Мурманска па чыгунцы, а яе прапускная здольнасць моцна абмежаваная. А пасля тавар трэба транспартаваць у абыход Паўночнай Еўропы па паўночных морах.

Транспартны калідор Поўнач — Поўдзень, напрыклад, праз Астрахань, таксама не ідэальны і абмежаваны як прапускной здольнасцю партовай інфраструктуры, так і іранскіх чыгунак. А шлях на Далёкі Усход, паводле Чарнова, натыкаецца на востры дэфіцыт правазной здольнасці Усходняга чыгуначнага палігона.

Але пакуль што ў Беларусі ёсць чым кампенсаваць гэтыя выдаткі, паколькі цэны на ўгнаенні ў свеце вельмі высокія, утрая большыя, чым летась. Але колькі часу так будзе працягвацца, ніхто не можа даць гарантыі. Уласны порт ці нават беларускія тэрміналы ў Расіі маглі б вырашыць праблемы беларускага грузапатоку. Але невядома, калі яны будуць пабудаваныя. Невядома нават, калі гэтае будаўніцтва пачнецца.

Каментары5

  • о
    28.12.2022
    Лукашенко выбрал сторону проигравшего и это радует.
  • Чел
    28.12.2022
    Белорусский порт в России - это примерно как конфетная фабрика "Спартак" Марата Новикова в Беларуси. Бу-га-га! Вот конюх и подозревает что-то.
  • .
    29.12.2022
    Чел,конюх прочухал, что с этим портом конкретная лажа. А как прочухал? Бабок не стало. Нечем скоро будет силовикам подпитку оказывать.

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны27

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка18

Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці8

Байдэн спіша частку доўгу Украіне1

Трамп абмовіўся, што гатовы пайсці на трэці тэрмін. А ці магчыма такое ў ЗША ўвогуле?9

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў7

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»13

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны27

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →