«Ваў! Мне напісала сама Каця Сныціна!» Журналістка «Трыбуны» Сабіна Аліева пра адносіны, камінг-аўт і булінг

Журналістка «Трыбуны» Сабіна Аліева ў сваім падкасце зрабіла камінг-аўт. Яна распавяла «Нашай Ніве», як вырашылася на гэта, чаму цяпер не ў стасунках, а таксама шчыра расказала пра расізм і булінг, з якімі сутыкалася з дзяцінства.

14.12.2023 / 18:56

Сабіна Аліева. Фота з асабістага архіву гераіні

— Насамрэч я нават да дня запісу падкаста з Кацяй [Сныцінай] не ведала дакладна, ці буду рабіць камінг-аўт. Але пасля гэтага я павінна была выступаць на мерапрыемстве ў ЕГУ — а там планавалася размова пра тое, чаму беларусы сябе адчуваюць еўрапейцамі. І я перад гэтым сядзела і думала: «А чаму я сябе адчуваю еўрапейкай?» Сфармулявала даволі проста: нягледзячы на моцны булінг у дзяцінстве, я ўсё роўна знаходзіла сілы, каб пасміхацца, добра вучыцца, рабіць праекты, захоўваць свае каштоўнасці — вось гэта, мне здаецца, і ёсць мая частка еўрапейскасці. Перад запісам падкаста я думала: «Ну вось скажу я, што мне падабаюцца і мужчыны, і жанчыны. І што? Што будзе? Гэта частка мяне, гэта праўда». Мой падкаст — гэта прастора, дзе я хачу адчуваць сябе бяспечна і хачу, каб людзі, якія мяне слухаюць, таксама сябе адчувалі ў бяспецы і разумелі, што я з імі шчырая. Таму я вырашыла, што калі не зраблю камінг-аўту ў падкасце з Кацяй, то гэта будзе незавершаны малюнак усяго таго, пра што мы размаўлялі.

— Ці паўплывала на вас тое, што Кацярына Сныціна таксама нядаўна зрабіла камінг-аўт?

— Так, канешне. Я вельмі была за яе радая. Я проста лётала. Слала ёй паведамленні: «Сныціна, нарэшце!» Ведала, што яна калісьці абавязкова гэта зробіць. Напэўна, я б не стала казаць пра тое, што ў нас былі адносіны, калі б яна да гэтага не зрабіла камінг-аўт. А тут усё склалася так, што не было неабходнасці неяк прыхоўваць гэту гісторыю.

— На вашу думку, ці важна, каб медыйныя персоны рабілі публічны камінг-аўт?

— Я лічу, што медыйным персонам важна быць шчырымі — і гэта нават не толькі пра камінг-аўт, а пра ўсё жыццё. Калі ты бачыш, што чалавек, за якім ты назіраеш, жыве як ты, гэта вельмі падтрымлівае. Памятаю свае ўражанні ў 2020 годзе, калі спартсмены, за якімі я назірала з дзяцінства, выйшлі падтрымаць народ на мітынгі. Для мяне гэта было быццам бы ўсе Мсціўцы з «Марвел» сабраліся разам. Гэта натхняе! Ты таксама хочаш быць такім жа смелым. І нават калі табе страшна нешта зрабіць, ты ўсё адно гэта робіш.

Шчыра кажучы, калі я рабіла камінг-аўт, я не ведала, што гэта выклікае столькі эмоцый і навіна так разляціцца. Мне прыходзіць вельмі шмат паведамленняў. Але я спадзяюся, што, можа, хаця б адзін чалавек, які зараз праходзіць праз нешта складанае, адчуе падтрымку. Хачу нагадаць, што гэта нармалёва быць сабой у любой сітуацыі.

То-бок першая рэакцыя на ваш падкаст і пост у інстаграме была пазітыўнай?

— Максімальна добрая. Усе сталі падтрымліваць. Былі людзі, якія ведалі пра нас з Кацяй ужо даўно і яны проста чакалі, калі я зраблю камінг-аўт. Прыйшло шмат паведамленняў ад тых, каго я не ведаю. Людзі пішуць: «Дзякуй табе вялікі! Твая шчырасць вельмі падняла настрой, бо ў мяне быў вельмі дрэнны дзень». Пакуль не было нічога негатыўнага.

Напэўна, самае «дрэннае» паведамленне — нейкі хлопец напісаў: «Шкада, цяпер будзе вышэй канкурэнцыя». Я адказала, што вялікая канкурэнцыя — гэта добра. Спадзяюся, што людзі паслухаюць у падкасце не толькі пра камінг-аўт — бо мы з Кацяй казалі пра розныя штукі, якія дапамагаюць змагацца са стрэсам у жыцці, з тымі складанасцямі, якія ў нас цяпер ёсць.

— Што вы б маглі параіць тым, хто баіцца прызнацца (можа, нават сабе), што яму ці ёй падабаюцца людзі таго ж полу?

— Тут я б хацела адказаць на прыкладзе расізму, з якім сутыкнулася. Пачынаючы з дзяцінства мне прыйшлося прайсці даволі складаны перыяд з-за таго, што я крыху па-іншаму выглядаю. Мой тата з Туркменістана, таму знешне я адрознівалася, канешне, ад іншых дзяцей у Беларусі. Мне прыйшлося сутыкнуцца з расізмам нават не са школы, а з дзіцячага садочка.

Толькі ў сёмым класе я вырашыла расказаць пра булінг — і тое, гэта адбылося не ў самых лепшых абставінах. Я трапіла ў бальніцу, і толькі пасля гэтага дарослыя зразумелі, што са мной адбываецца нешта не тое. А я шчыра распавяла пра тое, як з мяне здзекаваліся аднакласнікі — і эмацыянальна, і фізічна.

Я доўга маўчала, таму што баялася, што стану не вельмі зручным чалавекам для сваіх бацькоў, яшчэ кагосьці. У мяне была спроба выйсці і сказаць, але я звярталася не да тых людзей.

Я спрабавала пагаварыць са сваёй класнай кіраўніцай — сказала, што ў мяне ёсць праблемы, аднакласніцы здзекуюцца, папрасіла дапамогі. А яна пачала крычаць, што я хачу звярнуць на сябе ўвагу. Я адказала: «Так, мне патрэбна ўвага, каб мяне не булілі». Дапамогі я не атрымала. І пасля гэтага выпадку вырашыла, што дакладна не буду нікому казаць пра булінг.

Аднойчы я ўстала зранку і страціла прытомнасць. Ніхто не мог зразумець, што са мной — я трапіла ў бальніцу. Проста з-за стрэсу, які я трымала ў сябе, мой арганізм не вытрымаў.

Люблю сваю школу (я навучалася ў вясковай, але мы рабілі розныя цікавыя праекты, даследавалі ўсё, што хацелі). Але з аднакласнікамі мне не пашанцавала.

Настаў дзень, калі я змагла нарэшце сабе прызнацца, што ўвесь гэты час з мяне здзекаваліся проста з-за таго, як я выглядаю (а гэта не тое, што я магу кантраляваць). Я зразумела, што ненавідзела сябе. Але навошта я гэта рабіла? Незразумела. Гэта моцна паўплывала на мае жыццё, на тое, які я зараз чалавек. Але зараз я разумею, што мне не трэба было прымушаць сябе ўкладвацца ў нейкія рамкі.

Таму, калі зараз вы не можаце казаць пра нешта публічна, пачніце з таго, каб сказаць праўду самому сабе. Прыміце сябе, любіце сябе. Ну і звярніце ўвагу на сваё кола сяброў. Калі побач з вамі не тыя, хто матывуе, падтрымлівае і прымае вас такой, якая вы ёсць — мабыць, трэба нешта мяняць.

Мне самой спатрэбілася вельмі шмат часу, каб зразумець гэтыя простыя рэчы. Не паўтарайце маіх памылак.

— А тыя дзяўчаты ўжо ў дарослым узросце не спрабавалі пагаварыць з вамі, папрасіць прабачэння?

— Не. Але зараз я нават не злуюся на іх. Мы былі дзецьмі, а дзеці звычайна нясуць тое, што бачаць дома. Я не ведаю, што яны бачылі дома. Але я са свайго боку заўсёды намагалася несці святло. Імкнулася нават пасля балючых сітуацый рабіць нешта добрае.

Мабыць, галоўны мой жыццёвы ўрок: нават калі шторм і ўсё дрэнна, трэба знайсці нешта добрае і трымацца за яго. Я так і жыву.

Калісьці я думала пра тое, ці хачу я паразмаўляць з тымі дзяўчатамі. Яшчэ можа гадоў у 17-18 я хацела спытаць у іх, чаму трэба было рабіць з майго жыцця пекла. Але якраз у той перыяд я пачала разбірацца з ментальным здароўем, тым, як я сябе ўспрымаю. Бо я сапраўды шмат часу ненавідзела тое, як выглядаю — намагалася сцерці колер скуры мачалкай, хоць і разумела, што гэта немагчыма.

Потым я пачала прымаць сябе, разумець свае плюсы і мінусы. Вырашыла, што проста прабачаю тых дзяўчат — і болей мне нічога не трэба.

— Як вы зразумелі, што вам падабаюцца дзяўчаты?

Усё дзякуючы Каці. Да яе я не ведала ўвогуле, што мне падабаюцца дзяўчаты. Яна з’явілася вельмі нечакана ў маім жыцці. Я тады працавала на «Краіне для жыцця» і Каця напісала: «Мне вельмі падабаецца назіраць за вашай творчасцю». І я такая: «Ваў! Мне напісала сама Каця Сныціна!» Гэта быў сапраўдны шок.

Потым мы пасябравалі, а сяброўства пераўтварылася ў нешта большае. Але цяпер мы зноў сяброўкі. І гэта вельмі прыкольна. Гэта доказ таго, што здаровыя адносіны існуюць і рэальна сябраваць са сваімі былымі.

Фота: інстаграм гераіні

— Вы пісалі пра тое, што першыя адносіны паставілі вельмі высокую планку. Што вы мелі на ўвазе?

— Якасць чалавечых адносін. Я ўжо казала, што ў мяне былі праблемы з тым, што я ненавідзела сябе. Я магла абазваць сябе, калі нешта не атрымоўвалася. Каця заўсёды казала: «Так нельга з сабой размаўляць!»

Гэта былі максімальна здаровыя адносіны, дзе мы вельмі шчыра адна з адной размаўлялі. Вось гэтыя ўрокі былі вельмі каштоўнымі, усё тое каханне, якое яна дала мне, уся яе падтрымка… Усё гэта і паставіла высокую планку. У першую чаргу для мяне. Таму што я ведаю, што заслугоўваю таго, каб быць шчаслівай.

Насамрэч нашы адносіны былі даволі даўно. І я ўвесь гэты час без стасункаў не таму, што я не магу кагосьці знайсці, а таму, што разумею, якую якасць адносін хачу бачыць.

Чытайце таксама:

«Не баяцца быць сабой». Журналістка «Трыбуны» Сабіна Аліева зрабіла камінг-аўт

Баскетбалістка Кацярына Сныціна зрабіла камінг-аўт

Кацярына Сныціна ўвайшла ў топ-3 па набраных ачках у гісторыі Еўракубка

Ганна Стафановіч