Заходнія краіны могуць канфіскаваць замарожаныя актывы Расіі «ў адпаведнасці з міжнародным правам»

Заходнія краіны цяпер актыўна вывучаюць спосабы канфіскацыі замарожаных расійскіх актываў на карысць Украіны, паведамляе Financial Times.

16.12.2023 / 18:56

Сцвярджаецца, што ў апошнія тыдні ЗША ў прыватных перамовах займаюць больш настойлівую пазіцыю адносна канфіскацыі замарожаных расійскіх актываў. На пасяджэннях «Вялікай сямёркі» ЗША сцвярджаюць, што існуе шлях да канфіскацыі актываў, які «адпавядае міжнароднаму праву».

«Чальцы «Вялікай сямёркі» і іншыя дзяржавы могуць канфіскаваць актывы Расіі ў якасці контрмеры, каб заахвоціць Расію спыніць агрэсію», — гаворыцца ў дакуменце ўрада ЗША, з якім азнаёмілася газета.

Афіцыйны прадстаўнік ЗША заявіў Financial Times, што Вашынгтон вядзе актыўныя перамовы наконт выкарыстання расійскіх актываў і лічыць, што рашэнне трэба прыняць у кароткія тэрміны. Гэтае пытанне могуць абмеркаваць на магчымай сустрэчы лідараў «Вялікай сямёркі», прымеркаванай да другой гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну.

Паводле інфармацыі выдання, прычына такога кроку звязаная з тым, што ў апошнія тыдні сарвалася выдзяленне двух пакетаў фінансавай дапамогі Украіне. Першы — на 60 мільярдаў даляраў з боку ЗША. Рашэнне па гэтым пытанні не ўхвалілі рэспубліканцы ў Кангрэсе. Другі — на 50 мільярдаў з боку Еўрасаюза. З выдзяленнем гэтай сумы не пагадзіўся прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан.

У заходніх краінах замарожана каля 300 мільярдаў даляраў рэзерваў Цэнтральнага банка Расіі.

Чытайце таксама:

Чэхія стала першай краінай, якая замарозіла дзяржаўныя актывы РФ на сваёй тэрыторыі

У праект 12-га пакета санкцый Еўрасаюза за вайну ва Украіне трапілі 11 беларусаў

Еўрапарламент заклікаў не забіраць у расіян асабістыя рэчы (і аўтамабілі) пры ўездзе ў ЕС

Nashaniva.com