У праект 12-га пакета санкцый Еўрасаюза за вайну ва Украіне трапілі 11 беларусаў
Дэталі 12-га пакета санкцый Еўрасаюза за вайну, развязаную Расіяй супраць Украіны і яе падтрымку ўладамі Беларусі, даведалася «Радыё Свабода».
У новы пакет санкцый, якія плануе ўвесці Еўрасаюз супраць Расіі і Беларусі, могуць увайсці 11 прадстаўнікоў абароннай сферы Беларусі. Іх абмяжуюць у магчымасці атрымаць візы і замарозяць актывы.
Як стала вядома «Радыё Свабода», сярод іх:
- першы намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Алег Мішчанка, за павелічэнне паставак узбраення і вайсковай тэхнікі ў Расію;
- намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Аляксандр Рахманаў (за прасоўванне вайскова-тэхнічнай супрацы з Расіяй);
- начальнік 230-га агульнавайсковага палігона ў Баранавіцкім раёне Аляксей Лабко (за падрыхтоўку на палігоне мабілізаваных расіян);
- першы намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Павел Муравейка (за забеспячэнне развіцця рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі);
- начальнік Дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Валерый Равенка (за арганізацыю і рэалізацыю вайсковай супрацы з Расіяй);
- старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў;
- начальнік 174-га навучальнага палігона вайскова-паветраных сіл і войскаў СПА Віталь Яфанаў (адказваў за падрыхтоўку расійскіх мабілізаваных);
- камандзір 61-й авіябазы ў Баранавічах Леанід Давідовіч (базу выкарыстоўвалі для запуску ракет па Украіне);
- намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Сяргей Лагадзюк;
- начальнік Гомельскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Уладзімір Чаравухін (адказны за выкарыстанне гомельскага аэрапорту для самалётаў паветрана-касмічных сіл Расіі);
- намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі Вячаслаў Расалай (адказны за перадачу Расіі ўзбраення і вайсковай тэхнікі для вайны ва Украіне).
Чакаецца, што галоўным у 12-м санкцыйным пакеце Еўрасаюза стане забарона гандлю расійскімі алмазамі і звадкаваным газам, а таксама імавернае ўзмацненне ліміту цэнаў на продаж расійскай нафты.
Апроч таго, плануюць забараніць пастаўкі ў Расію хімічных рэчываў, літыевых батарэй, тэрмастатаў, рухавікоў пастаяннага току, матораў для беспілотнікаў, станкі і дэталі абсталявання, якія можна выкарыстоўваць у ваеннай прамысловасці.
Еўракамісія таксама разглядае магчымасць, каб еўрапейскія кампаніі, якія кантралююць грамадзяне Расіі або расійскія юрыдычныя асобы, атрымлівалі дазвол на перавод грошай за межы Еўрасаюза.
Абмеркаванне гэтых прапаноў адбудзецца ў Бруселі на гэтым тыдні.
Каментары