Выдавецтва «Янушкевіч» выпусціла біяграфію Слюнькова і яшчэ тры кнігі

Кнігі пачнуць прадаваць на гэтым тыдні, паведаміла выдавецтва ў сваіх сацсетках.

18.12.2023 / 13:46

«Заўтра, 19 снежня, запрашаем у будынак Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве на Дажынковай, 6А на старт продажаў «Брацтва пярсцёнка» Джона Р. Р. Толкіна, першай кнігі культавай трылогіі «Валадар пярсцёнкаў», у новым перакладзе Ігара Кулікова.

Літаральна паўгадзіны назад нам паведамілі, што на наш склад прывезлі наклад шыкоўнай біяграфіі кіраўніка БССР Мікалая Слюнькова, аўтарства гісторыка і журналіста Дзяніса Марціновіча. Гэта сапраўдны ўзор біяграфічнага нон-фікшну, так трэба пісаць кнігі! Яна чытаецца за адзін прысест. Настолькі захапляе.

Для літаратурных гурманаў мы падрыхтавалі выданне славутага рамана загадкавага польскага пісьменніка Станіслава Ігнацы Віткевіча «Ненасытнасць». Гэтая кніга выклікае галавакружэнне, не меней.

А для самых маленькіх мы выпускаем новае выданне першай кнігі пра ката Шпрота, якую напісала Ганна Янкута. Не паверыце, гэта быў наш першы беларускі бестселер, і гэта адбывалася ў далёкім і спакойным 2018 годзе. І мы рыхтуем да выдання яшчэ дзве кнігі пра прыгоды легендарнага мінскага ката Шпрота і ягоных сяброў!», — паведамляе выдавецтва ў сваіх сацсетках.

Чытайце таксама:

«Гэта вялікі гонар». Кніга пра кіраўніка БССР Мікалая Слюнькова выйдзе ў выдавецтве «Янушкевіч»

Гісторык напісаў кнігу пра палітыка, які дапусціў у Беларусі адну з самых вялікіх бед. Яго рашэнні дагэтуль уплываюць на развіццё краіны

«Пра невыносныя ўмовы бесчалавечнага грамадства». Выйшаў па-беларуску яшчэ раман Рэмарка

Nashaniva.com