«Ад'ехалі ў прыбіральню, а на зваротным шляху нас не пускалі». Беларусы расказалі, як на мяжы арганізавалі добраахвотніцкія дружыны

На святы пры ўездзе ў Беларусь утварыліся вялізныя чэргі: на доўгіх выходных беларусы, якія жывуць і працуюць у Польшчы, спрабавалі трапіць на радзіму. Многія аўтаўладальнікі сталі купляць месцы ў чарзе, а іншыя, каб змагацца з гэтым, арганізавалі брыгады добраахвотнікаў-дружыннікаў. Беларусы, якім давялося затрымацца ў чарзе, расказалі выданню Most, як гэта было.

27.12.2023 / 18:33

«Сябры прывозілі ежу, а іх разварочвалі»

Кацярына ехала ў Беларусь з братам, у машыне было чацвёра непаўналетніх. У чаргу ў пункце пропуску Тарэспаль дзяўчына стала 21 снежня а 12-й гадзіне дня. На той момант чарга ўжо расцягнулася на 10 кіламетраў.

«Самае складанае ў гэтым бясконцым чаканні — немагчымасць схадзіць у прыбіральню, — дзеліцца ўражаннямі Кацярына. — Калі ты стаў у чаргу, то павінен стаяць у ёй да апошняга, нягледзячы на натуральныя патрэбы. Калі захочаш ад'ехаць на 20 хвілін, то па вяртанні сваё месца заняць ужо наўрад ці атрымаецца — сфармаваная дружына беларусаў-добраахвотнікаў папросіць стаць у самы канец чаргі».

Добраахвотнікі — гэта мужчыны, якія не куплялі месца ў чарзе і не спрабавалі ўклініцца ў яе. Яны вырашылі кантраляваць рух аўтамабіляў і аб'ядналіся ў дружыну. Яе ўдзельнікі сваімі аўтамабілямі перакрывалі дарогу тым, хто не хацеў станавіцца ў канец чаргі.

Акрамя таго, яны пыталіся, куды і навошта едуць такія аўтамабілі. Калі даведваліся, што кіроўцы не хочуць сумленна стаяць некалькі сутак ад пачатку і да канца, то не прапускалі іх і адпраўлялі ў самы канец чаргі.

Польская паліцыя стала выпісваць штрафы ў 1500 злотых тым, хто парушаў правілы.

«Кожны раз фатаграфавалі сваё месца»

Але шматлікім сумленным аўтамабілістам дружыннікі даставілі клопатаў.

«Праз двое сутак мы ад'ехалі ў прыбіральню, а на зваротным шляху гэтыя добраахвотнікі не пускалі нас на наша ж месца. Калі я пачала даказваць ім, што ўжо не першы дзень тут стаю, што са мной чацвёра дзяцей і я маю права адвіхнуцца, а потым вярнуцца, беларуска, якая стаяла побач, нагрубіла. Абражала матам і разам з дружыннікамі адпраўляла ў канец чаргі, каб мы зноўку пачалі гэты квэст пад назвай «прыехаць дадому на Новы год».

Адзінае, што мне дапамагло ўсё ж вярнуцца на сваё месца — гэта тое, што я запомніла, дзе стаіць паліцыя. І калі дружыннікі задалі мне гэтае пытанне, я адказала на яго правільна, і яны ад мяне адчапіліся.

Пасля гэтага выпадку мы кожны раз фатаграфавалі сваё месца, калі з'язджалі ў прыбіральню або па ежу, і па вяртанні паказвалі ўсім фатаграфіі, каб яны не задавалі лішніх пытанняў.

Муж маёй знаёмай, які дагэтуль стаіць у чарзе, знаходзіцца ў гэтай дружыне. З ягоных слоў, пасля таго, як яны пачалі праганяць «пазачарговікаў», рух у бок прапускнога пункта пайшоў нашмат хутчэй.

Але асабіста я ўсю гэтую сістэму лічу трохі дурной. Па-першае, некаторым людзям, якія не першыя суткі стаяць у чарзе, сябры прывозілі ежу, але іх ніхто не прапускаў і разварочваў у зваротным кірунку. Па-другое, кожны раз, калі мы ад'язджалі на пару хвілін, хваляваліся, ці пусцяць нас назад, ці прыйдзецца стаяць яшчэ два дні.

«Было вельмі шмат тых, хто спрабаваў нахабна ўклініцца ў чаргу»

Па назіраннях Кацярыны, калі чарга расцягнулася на 15 кіламетраў, ахвотных уклініцца стала больш.

«Яны праязджалі ўздоўж усёй чаргі і шукалі вольныя месцы паміж машынамі, каб нахабна туды ўклініцца. Такіх было вельмі шмат. І праз гэта той, хто прыехаў раней, мог прастаяць на двое сутак больш.

Але былі і тыя, хто прадаваў свае месцы. Гэта значыць, кіроўцам плацілі грошы, каб яны стаялі ў чарзе. А калі набліжаліся да пункта пропуску, прыязджалі, груба кажучы, заказчыкі, аддавалі грошы і станавіліся на іх месцы. Але да такіх людзей асабіста ў мяне няма пытанняў.

Былі і тыя, хто падыходзілі да кіроўцаў і наўпрост задавалі пытанне: «Можна я вам заплачу 50 еўра і стану перад вамі?» Многія пагаджаліся. І ў тым ліку праз гэта чарга ў некалькі разоў павялічвалася.

«Пабачылі, што ў нас чацвёра дзяцей, і хутка прапусцілі»

«Першапачаткова мы думалі, што мяжа будзе запоўненая машынамі праз вялікі наплыў людзей. Аднак аказалася інакш: беларускі прапускны пункт быў пусты, на польскім таксама не было ажыятажу. Я не ведаю, чаму нам давялося так доўга стаяць. Магчыма, з-за колькасці аўтобусаў.

І на польскай, і на беларускай мяжы нам трапіліся вельмі прыемныя супрацоўнікі. Яны не задавалі ніякіх лішніх пытанняў і працавалі досыць хутка, асабліва калі ўбачылі, што ў нас чацвёра дзяцей. А на беларускай мяжы мытнік так проста і сказаў: «Добра, не буду вас правяраць», — і адкрыў шлагбаум.

«Тры дні ў дарозе і 33 гадзіны чакання»

Сям'я Алены ехала з маленькім дзіцём з Беластока ў Беларусь праз літоўскі пункт пропуску Беняконі. Па словах дзяўчыны, у чарзе стаяла прыкладна 200-250 машын.

«Дарога ад Беластока да мяжы заняла каля трох гадзін, але чакаць уезду за шлагбаум на мяжы давялося нашмат даўжэй — 33 гадзіны. Я не вазьмуся вінаваціць памежнікаў і мытнікаў, але працавалі яны, мякка кажучы, неахвотна, таму на праходжанне літоўскай і беларускай мяжы ў нас сышло каля пяці гадзін.

Было шмат тых, хто спрабаваў стаць на чужое месца, калі хтосьці ад'ехаў на запраўку, па ежу ці ў прыбіральню. Але некаторыя пайшлі яшчэ далей: нахабна падыходзілі да кіроўцаў у чарзе з паперкамі накшталт даведак і пераконвалі, што праз гэта іх павінны прапусціць. Такіх людзей і праўда прапускалі ў чарзе, але далёка не ўсе.

Кожны забіваў бясконцы час чакання па-рознаму. Хтосьці гуляў у гульні, хтосьці глядзеў загадзя запампаваныя фільмы, але многія сядзелі ў машынах і, скажам адкрыта, бухалі. Магло быць і такое, што з пяці чалавек у аўтамабілі сядзеў толькі адзін цвярозы — кіроўца.

У цэлым ніякіх сюрпрызаў на мяжы не было. Тэлефонаў не правяралі і правакацыйных пытанняў не задавалі. Толькі паглядзелі рэчы, спыталіся, ці няма пераважкі і ці не вязем мы больш за 10 тысяч даляраў».

Чытайце таксама:

Асобных чэргаў больш няма. Што змянілася ў праходжанні мяжы

«За 20 хвілін прайшоў абедзве мяжы». У тыктоку дзеляцца лайфхакамі, як хутка трапіць у Беларусь на навагоднія святы

Чарга на выезд — каля 50 гадзін, на ўезд — больш за 40. Якая сітуацыя на беларускіх межах з ЕС

«Напэўна, усё праплачана». Дальнабойнікі стаяць на польска-беларускай мяжы больш за тыдзень

Nashaniva.com