«Беларус беларусу беларус». Марзалюк у Азаронка цытаваў Вітольда Ашурка
Учора топ-прапагандыст Рыгор Азаронак у сваёй праграме «Азарёнок. Напрямую» размаўляў з адыёзным дэпутам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком. Сярод іншага справа дайшла да абмеркавання інтэрв'ю дырыжора Вячаслава Чарнухі-Воліча, якое ўчора выйшла на «Радыё Свабода». І падчас яго Марзалюк нечакана працытаваў, прытым станоўча, а не перакрыўляючы, закатаванага рэжымам у Шклоўскай калоніі амаль тры гады таму Вітольда Ашурка.
11.01.2024 / 01:06
Азаронка ў інтэрв'ю Чарнухі-Воліча зачапіла тая частка, у якой дырыжор разважае пра цяперашнюю аўдыторыю класічнай музыкі ў Беларусі:
«Класічная музыка і паход у тэатр — гэта ў пэўнай ступені выхаванне. Падрыхтоўка, што ты надзенеш, як будзеш сябе паводзіць. Уражанне, што людзей літаральна з вуліцы запрасілі, яны шукалі, куды пайсці — у цырк ці на нейкі поп-канцэрт, а ўбачылі квіткі ў оперу — пойдзем глянем, што гэта такое. Гэта вельмі крыўдна. Мы бачым па ўсім, што адбываецца ў грамадстве, вельмі нізкія стандарты культуры, амаль што роўныя нулю».
Азаронак у сувязі з гэтым ва ўласцівай яму хамскай манеры задаў Марзалюку пытанне:
«Ігар Аляксандравіч, быдла засталося толькі ў Беларусі? Сам чалавек не можа думку сфармуляваць па тры хвіліны, але пры гэтым быдла адно засталося. Шляхта ўся з'ехала».
На што Марзалюк адказаў:
«Ну, я што хачу сказаць. «Беларус беларусу беларус», — я б адказаў гэтаму чалавеку так.
Няважна, колькі ў цябе ў кішэні грошай і які ў цябе сацыяльны статус. Ну а самае цікавае: хто вам даказаў, якія сацыялагічныя замеры былі зробленыя? Хто вам сказаў, што людзі ў Беларусі сёння не ходзяць у тэатр, не ходзяць у оперу? Хто вам гэта сказаў? Чаму вы так абражаеце ўсіх іншых?»
Варта адзначыць, што разважанні Вячаслава Чарнухі-Воліча былі адказам на папярэднюю рэпліку журналісткі Ганны Соўсь:
«Хачу падзяліцца з вамі ўражаннямі некалькіх людзей, якія наведалі оперны тэатр у Мінску напярэдадні Новага года. Гэта сталыя наведнікі оперы, і яны былі моцна ўражаныя, як змянілася публіка ў тэатры — і па выглядзе, і па паводзінах, людзі размаўлялі праз тэлефон падчас прадстаўлення, былі апранутыя вельмі неадпаведна, рэагавалі на музыкаў, нібы яны на канцэрце поп-зорак. Выглядае, што сталая публіка, якая хадзіла ў Тэатр оперы і балету, была вымушаная з'ехаць, як і вялікая колькасць музыкаў».
Чытайце таксама:
Марзалюка спісваюць ва ўтыль? «Белая Русь» выставіла яму канкурэнта на парламенцкія выбары
Васілевіч, Давыдзька, Савіных — хто з дэпутатаў Палаты не ідзе на перавыбары