Польшча арыштавала 20-гадовага беларуса па запыце беларускіх сілавікоў

У Беластоку затрымалі 20-гадовага грамадзяніна Беларусі, абвешчанага ў міжнародны вышук за крадзеж грошай з банкаўскага рахунку і гандаль наркотыкамі ды псіхатропамі з выкарыстаннем фальшывых рэцэптаў. Пра затрыманне паведамілі ў паліцыі Беластока, піша Most.

15.01.2024 / 16:32

Фота: Bialystok.policja.gov.pl

Затрыманы шукаўся па чырвонай картцы Інтэрпала, запыт на арышт накіравалі з Беларусі.

Між тым у міжнароднай судовай практыцы ўжо былі прэцэдэнты, калі беларусаў, затрыманых па запыце беларускага боку, Беларусі ўрэшце не выдавалі.

У кастрычніку 2023 года на ўездзе ва Украіну затрымалі ўраджэнца Пружан, які спрабаваў трапіць у краіну з Польшчы па польскім праязным дакуменце для іншаземца. Нагодай стала чырвоная картка Інтэрпала. Але суд адмовіў у экстрадыцыйным арышце, спаслаўшыся на тое, што «ў адносінах з Беларуссю немагчыма захаванне міжнародных пагадненняў аб прававым супрацоўніцтве па грамадзянскіх і крымінальных справах».

У лютым мінулага года ў Неапалі на запыт беларускіх уладаў затрымалі Уладзіслава Гірыса, які прыехаў у Італію ў адпачынак з Польшчы. Афіцыйна яго шукалі па справе аб махлярстве. Тады італьянскі суд прызнаў запыт рэжыму Лукашэнкі палітычным пераследам і вызваліў беларуса пасля трох месяцаў арышту.

Чытайце таксама:

МУС пахваліўся, што Інтэрпал аднаўляе супрацу з Беларуссю. Якія ёсць выпадкі выдачы грамадзян за апошні час?

Аўстрыйскі мільянер, якога расшуквае Інтэрпал, уцякаў праз Мінск

У Іспаніі затрымалі беларуса, якога шукаюць праз інтэрпал

Nashaniva.com