«Мае ўсе шанцы абрынуцца на галаву крытыканам». Дзяржаўнае выданне істэрычна бароніць непісьменнасць на мінскім чыгуначным вакзале
Дзяржаўныя прапагандысты з «Мінск-Навінаў» блізка да сэрца ўспрынялі публікацыю на сайце Blizko.by, у якой ішла гаворка пра поўнае вынішчэнне на мінскім чыгуначным вакзале любых надпісаў на англійскай мове шляхам татальнага заклейвання іх ізалентай. Супрацоўніца выдання Крысціна Крываручка напісала з гэтай нагоды артыкул, вытрыманы ў падкрэслена непаважлівым і нават хамскім у дачыннені да журналіста Blizko.by стылі.
17.01.2024 / 20:34
Разам з начальнікам чыгуначнай станцыі «Мінск-Пасажырскі» Аляксандрам Дрожжам супрацоўніца «Мінск-Навінаў» стараецца ўсяляк апраўдаць і практыку заклейвання надпісаў, і нават дапушчаныя грубыя граматычныя памылкі.
Паколькі змаганне з беларускай лацінкай і англійскай мовай вядзецца ўдарнымі тэмпамі, то, паводле слоў Аляксандра Дрожжы:
«З улікам вялікай колькасці інфармацыйных паказальнікаў — больш за 800 штук — пры іх вырабе, на жаль, не ўдалося пазбегнуць памылак, якія носяць адзінкавы характар і, у большасці сваёй, звязаныя з правілам нарошчвання лічэбнікаў. Праца па абнаўленні інфармацыі на тэхнічных сродках арыентавання працягваецца, а выяўленыя недахопы будуць ліквідаваныя ў найбліжэйшы час».
Адносна памылак у беларускіх надпісах каментары дае ўжо сама Крысціна Крываручка, і робіць гэта ў зусім іншым стылі:
«Некаторых цывільных моцна абурыла, чаму напісана «пакои маці i дзіцяці» — правільна ж «пакой». Хто цяпер працёр вочы і ўсё яшчэ не зразумеў сутнасць прэтэнзіі — справа ў «й». Мне чыста выпадкова на вочы трапіўся надпіс (фота прыкладаецца), які пацвярджае: з правіламі напісання ўсе выдатна знаёмыя, а прыкрыя памылкі друку (тут перадаем палымянае прывітанне Т9), якія цяпер ліквідуюць, здараюцца нават у самых заўзятых і правільных каментатараў».
Рэагуючы на заўвагу журналіста, што на адным з інфармацыйных табло, знішчаючы англійскую мову, заадно ліквідавалі цэлыя палі з патрэбнай карыстальнікам тлумачальнай інфармацыяй, Крываручка сцвярджае, што гэта «пахне прыдзіркамі на роўным месцы».
Бо, «давайце шчыра, большасць пасажыраў праходзяць да цягнікоў праз цэнтральныя дзверы вакзала, і перад іх вачыма электроннае табло, да якога ніякіх нараканняў».
Аляксандр Дрожжа тлумачыць сітуацыю з тым табло больш спакойна і мудрагеліста:
«Што тычыцца надпісаў у інфармацыйных палях электроннага табло, варта патлумачыць, што, у залежнасці ад канструкцыі, гэтыя надпісы выкананыя рознымі спосабамі. У электронным выглядзе — непасрэдна на экране табло (святлодыёдны модуль) і ў статычным выглядзе — канструкцыі, прымацаваныя на клеевай аснове да табло.
І замена апошніх у цяперашні час немагчымая па тэхналагічных прычынах, звязаных з нізкай тэмпературай знешняга паветра. У сувязі з гэтым прынята часовае рашэнне па заклейванні інфармацыі на такіх табло. Пасля ўсталявання станоўчай тэмпературы знешняга паветра канструкцыі будуць замененыя. Інфармацыйныя надпісы на табло каля 22-24-га пуцей будуць адноўленыя ў найбліжэйшы час».
А прапагандыстка, завяршаючы артыкул, нават празрыста намякае журналісту Blizko.by на магчымыя непрыемнасці:
«Начальнік чыгуначнай станцыі тактычны, а асобна ўзяты карэспандэнт — не вельмі. Вядома, надпіс можна прыляпіць цяпер, але ён мае ўсе шанцы абрынуцца на галаву тым жа крытыканам, якія пільна выглядваюць кропку над «й».
Чытайце таксама:
На Гомельшчыне далажылі пра поўную перамогу над лацінкай
Каля Гродна лацінку ліквідавалі нават у назвах польскіх гарадоў