Прапагандысты паказалі 14 затрыманых — яны нібыта прайшлі курс лекцый для «Кадравага резерву для новай Беларусі»

Кадры допытаў затрыманых (іх, як выглядае, 14) былі паказаныя па канале АНТ. Доказаў таго, што гэтыя людзі рэальна належалі да ініцыятывы і што звесткі пра іх знайшлі праз атрыманне доступу да інфармацыі, якая ёсць у яе арганізатараў, прадстаўлена пакуль не было.

15.02.2024 / 00:31

Прапагандыст Ігар Тур расказаў, што слухаў лекцыі разам з удзельнікамі ініцыятывы, пасля падключыў і следчых, і так яны нібыта вылічылі некаторых удзельнікаў.

Адказны за «Кадравы рэзерв» — прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Юрась Губарэвіч. У каментарыі «Люстэрку» ён расказаў, як працуе гэта сістэма, і запэўнівае, што атрымаць сілавікам нейкую гатовую інфармацыю пра ўдзельнікаў адукацыйнага курсу немагчыма.

Як патлумачыў Юрась Губарэвіч, падаць заяўку на ўдзел у праграме можа любы ахвотны, у тым ліку і сілавікі ды прапагандысты. Пра сябе патэнцыйны навучэнец расказвае не так шмат: месца працы, узровень адукацыі, бачанне свайго месца ў сістэме будучага дзяржкіравання Беларусі.

Прычым, па словах Губарэвіча, пасля атрымання анкеты асабістыя даныя ўдзельніка аддзяляюцца ад яго біяграфіі і поглядаў на палітычную сітуацыю. Ужо безаблічнай анкеце прысвойваецца нумар, і затым з ёй працуюць прадстаўнікі ініцыятывы.

«На гэтым этапе правяраць людзей па прынцыпе «ці не з’яўляецца хтосьці з іх сакрэтным агентам КДБ» складана. Але пры правядзенні анлайн-семінараў мы выкарыстоўваем сістэму zoom-вэбінар, якая не дазваляе ўдзельнікам паказваць сваё відэа і задаваць пытанні голасам, — апісвае меры бяспекі суразмоўца. — 

Так, можна атрымаць доступ да лекцый. Але не бачу нічога страшнага, калі Тур альбо нейкі супрацоўнік Следчага камітэта паслухае экспертаў пра альтэрнатыўныя шляхі развіцця Беларусі. Тым больш, лекцыі праводзяцца выкладчыкамі, якія неаднаразова публічна выказвалі сваю пазіцыю».

Спіс удзельнікаў падчас заняткаў, пра што сцвярджае Тур, атрымаць тэхнічна проста немагчыма, запэўнівае Губарэвіч:

«Калі казаць пра семінары, то ўдзельнікі там знаходзяцца пад нумарамі анкет, і нават не бачныя іх прозвішчы. Але і гэтыя нумары бачыць толькі лектар. Таму сістэма проста тэхнічна не дазваляе далучыцца да лекцыі і атрымаць доступ да спісу ўдзельнікаў».

Што да затрыманых, то яны маглі б, па-першае, быць неасцярожнымі і напісаць у акаўнт для сувязі, пазначаны ў фэйкавым тэлеграм-канале праграмы.

«Яшчэ ўвосень мінулага году з’явіўся фэйкавы тэлеграм-канал, які цалкам дублюе наш, але кантакты для сувязі там пазначаныя іншыя. Таму, калі будуць дэманстраваць затрыманых людзей, выбіваць з іх нейкія паказанні, магу дапусціць, што хтосьці па неасцярожнасці зайшоў на фэйкавы акаўнт і пакінуў свае звесткі. На жаль, такі метад правакацыі даўно вядомы», — гаворыць Губарэвіч.

Іншы магчымы варыянт — вылічванне па IP-адрасе. Рэч у тым, што некалькі тыдняў таму раней недаступны з Беларусі сайт «Кадравага рэзерву» пачаў адкрывацца для карыстальнікаў унутры краіны. І значыць, людзі маглі заходзіць на яго без VPN. Суразмоўца мяркуе, што разблакаванне магло адбыцца з ініцыятывы сілавікоў. Заўважыўшы гэта, ужо самі прадстаўнікі ініцыятывы абмежавалі доступ, але Губарэвіч не выключае, што такім чынам сілавікі маглі паспець адсачыць людзей.

«Мы заўсёды рэкамендуем нашым удзельнікам, асабліва тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, выкарыстоўваць VPN, зачышчаць перапіску, весці перапіску толькі з афіцыйнымі акаўнтамі, не выкарыстоўваць е-мэйлы, якія маюць спасылкі на іх імя, прозвішча ці месца працы, — пералічвае ён. — Гэта элементарныя меры бяспекі, але яны ўжо на баку карыстальнікаў».

Нагадаем, што 14 лютага Следчы камітэт паведаміў, што распачаў крымінальную справу супраць удзельнікаў ініцыятывы «Кадравы резерв для новай Беларусі». Ім інкрымінавана ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Чытайце таксама:

Завуча з Бярозаўкі, якую затрымлівалі на вачах шакаваных вучняў, звольнілі

Маладую менеджарку EPAM, якая вярнулася з Грузіі, будуць судзіць за «фінансаванне вайны»

Работніка БМЗ, якога абяцалі адпусціць пасля затрымання, пачынаюць судзіць па крымінальным артыкуле

Затрымалі вядомага віцебскага відэаблогера Віталя Усціновіча

Nashaniva.com