«Жыць яшчэ як жыць, а вось дажываць як у адзіноце?» Жанчына з захапленнем вандруе па вёсках і там знайшла сабе бабулю
Гераіня гэтага артыкула жыве ў горадзе, працуе на мясакамбінаце, але, колькі сябе памятае, усёй душой горнецца да вёскі. Туды, дзе ўсё — і драўляныя, амаль стагадовыя, бэлькі столі, і металічны кубачак з сунічкамі на баку (з якім, калі была малая, бегала на агарод у ягады), і кукарэканне суседскага пеўня — нагадвае аб шчаслівым дзяцінстве побач з бабуляй Ірай, піша «Звязда».
21.02.2024 / 21:18
Падчас сустрэчы Анжэла дастала з сумачкі свой апошні набытак. Вось гэтыя два вышытыя ручнікі з карункамі жанчына набыла ўсяго за 10 рублёў
На жаль, у Анжэлы Міклішус ужо не засталося сваіх родных бабуль. «Не хапае мне іх клопату і мудрасці, з узростам гэта адчуваю вельмі востра, — дзеліцца падчас сустрэчы. — Раней часта казала сяброўцы: «Вось бы мяне якая адзінокая бабулька ўдачарыла».
І што вы думаеце, здарыўся цуд — Анжэла сустрэла бабу Ніну. Здарылася гэта падчас адной з яе вандровак па вёсках.
Гэтае не зусім звычайнае захапленне з’явілася ў жанчыны выпадкова. За больш як тры гады Анжэла на ровары аб’ездзіла каля 70 вёсак Смаргоншчыны. З якой мэтай яна гэта робіць і навошта заўсёды возіць з сабой у заплечніку вышыты ручнік, журналістка «Звязды» даведалася падчас душэўнай размовы.
Пра настальгію, хататэрапію ды сайдынг
— Анжэла, вы з сям’ёй жывяце і працуеце ў Маладзечне, для вандровак жа выбралі Смаргоншчыну. Чаму?
— У нас ёсць хатка ў вёсцы Міхневічы на Смаргоншчыне. Там жылі мае бабуля з дзядулем, там прайшло маё дзяцінства. Калі мяне пытаюць, адкуль я родам, заўсёды адказваю, што са Смаргоншчыны. Але калі б вы мяне раней папрасілі расказаць штосьці цікавае пра Смаргонскі раён, я назвала б толькі буйныя турыстычныя аб’екты — тую ж сядзібу Агінскага ў Залессі, касцёл у Смаргоні. Цяпер жа пра кожную з тых амаль 70 вёсачак, што паспела наведаць, магу расказваць гадзінамі.
А пачалося ўсё са звычайнай велапрагулкі. Неяк летам падчас адпачынку я села на ровар і паехала катацца. Па дарозе завітала ў суседнюю вёску і пачала фатаграфаваць усё, на што ўсміхаліся мае вочы. Потым выклала тыя здымкі ў інстаграме і атрымала такую цёплую зваротную сувязь! Хтосьці пісаў: «Гэтая хатка так нагадвае бабуліну». У людзей была настальгія, і гэта не дзіўна, бо «ўсе мы родам з хат».
Тады я зайшла на сайт райвыканкама, дзе і знайшла спіс вёсак Смаргоншчыны. Іх ажно 325. А я на той момант была ад сілы ў дзесяці. Так узнікла ідэя пазнаёміцца з усімі. Некалькі разоў брала з сабой сваю ўжо дарослую дачку, сяброўку. Але, калі шчыра, мне больш падабаецца вандраваць адной. Тады ёсць толькі я і вёска. Можна спакойна ўсё разгледзець, сфатаграфаваць, што патрэбна. А калі прыязджаеш у вёску ў кампаніі, твая ўвага, як ні круці, больш накіраваная на спадарожніка.
— Якая вёска з тых, што наведалі, найбольш запомнілася, запала ў сэрца?
— Вельмі складана вылучыць нейкую адну, бо з кожнай вёскай складаецца свая непаўторная гісторыя. У Байбы, напрыклад, я вярталася два разы, бо спачатку ездзіла няўмела, без падрыхтоўкі. Толькі па вяртанні пачынала шукаць нейкую інфармацыю. Аказалася, ля Байбаў ёсць былы бровар і млын. А я іх абмінула, бо яны стаяць убаку ад вёскі.
Цяпер я ўжо навучаная, складаю план вандроўкі, шукаю гісторыю вёсачак, якія збіраюся наведаць, напярэдадні вандроўкі. Штосьці цікавае знаходжу ў інтэрнэце, штосьці ў кнігах. У мяне ўжо назбіралася цэлая паліца кніг з успамінамі пра вёскі Смаргоншчыны.
Самая прыгожая вёска з тых, што я бачыла, — Данюшава. Там ёсць прыгорак, з якога адкрываецца неверагодны від на драўляны Траецкі касцёл, ярка-жоўтага колеру, які стаіць на беразе Віліі. Ён быў пабудаваны ў 1809 годзе, у ім захаваўся старажытны арган. Мне пашчасціла трапіць усярэдзіну гэтай святыні не падчас службы, таму там, акрамя мяне, нікога не было. Ведаеце, гэта такое незвычайнае кранальнае адчуванне, яднанне з Богам, якое немагчыма апісаць словамі.
Для мяне кожная вёска асаблівая, у кожнай ёсць свая «разыначка». Галоўнае, прыгледзецца. Гэта можа быць старэнькая драўляная паштовая скрыня, ліштвы на вокнах, клямка на дзвярах закінутай хаты… Я магу бясконца разглядаць драўляныя хаткі. Калі любуюся імі, адпачываю душой, так званая хататэрапія атрымліваецца. Хочацца захаваць іх прыгажосць хоць бы у сваім тэлефоне. Бо час ідзе, вёска змяняецца. Людзі ўзводзяць на месцы драўляных хат дыхтоўныя катэджы, жалезныя агароджы. Мне ж радасна, калі новыя гаспадары захоўваюць хатку ў тым стылі, які ёсць.
Вось і мае бацькі нядаўна пачалі гаварыць аб тым, што добра было б замяніць драўляныя вокны ў бабулінай хаце на пластыкавыя. «Не, толькі не шклопакет, — заступілася я, — я сама буду заклейваць гэтыя вокны».
У Міхневічах ёсць дзядулечка, яму за 90, дык вось яго дачка хацела абшыць хату сайдынгам, але гаспадар супраць: «Маўляў, не хачу, каб мая хата пацела. Як памру, рабіце, што хочаце». Не ўхваляе ён і высокія агароджы з металапрофілю: «Як так, каб я не бачыў людзей, якія па вуліцы ідуць».
Пра гасцінцы, какецтва ды гераньку ў акне
— «Часам бываюць такія вандроўкі, у якіх шчасціць не толькі на краявіды, славутасці, гістарычныя цікавосткі, але і на людзей», — прачытала я ў адной з вашых нататак. Як вясковыя людзі рэагуюць на незнаёмку?
— З цікаўнасцю. У любой вёсцы прыезджы — гэта цэлая падзея. Я заўсёды, калі кагосьці сустракаю, вітаюся, бо гэта няпісанае вясковае правіла. Вяскоўцы, асабліва сталага веку, вельмі адкрытыя, ахвотна ідуць на кантакт. З удзячнасцю ўспрымаюць, калі хтосьці цікавіцца іх жыццём. Раскажуць, і адкуль яны, і колькі гэтай хаце гадоў, і на гарбату могуць запрасіць. На гэты выпадак у мяне заўсёды з сабой цукеркі ці печыва.
Некаторыя сустрэчы — кароткае імгненне, некалькі позіркаў ці хуткая размова. Так, напрыклад, дзед Віця з Пасынкаў з вачыма васільковага колеру пачаставаў мяне яблыкамі са свайго саду, маўляў, «у вас у горадзе такіх няма».
Бываюць знаёмствы з асаблівымі людзьмі, яны — крыніца мудрасці для мяне. Такая бабуля Жэня з Вайнідзенят, якая дзяўчынкай прайшла праз вайну, спаленую фашыстамі вёску, цяжкую працу, але захавала ў сэрцы радасць жыцця і дзявочае какецтва («так сфатаграфуй, каб палку не было відаць»). Я абяцала прыехаць да яе летам, яна абяцала жыць.
З цёплых знаёмстваў — святар Павел з Кеўлаў, яны зачынялі з матушкай царкву, калі ўбачылі мяне, але затрымаліся і запрасілі зайсці, усё паказалі і расказалі.
Анжэла прывозіць бабе Ніне невялічкія падарункі, яе любімыя слодычы
— Менавіта дзякуючы вандроўкам вы сустрэлі бабу Ніну. Раскажыце, як гэта адбылося?
— Мінулай вясной я заехала ў Вётхава ў пошуках дома, дзе нарадзіўся беларускі літаратар, фалькларыст Арсень Ліс. Але ніхто з вяскоўцаў не ведаў пра пісьменніка, таму накіравалі мяне да мясцовай старажылкі бабы Ніны.
Так я апынулася на ганку самай душэўнай хаткі на вёсцы: фіранкі, геранька ў акне, слупы ля плота ў кветачкі, пяцелька-вяровачка на веснічках. Мяне сустрэла бабулечка ў камізэльцы з рознымі гузікамі, ружовай хустачцы з крывой палкай-апорай. «А чаму ж не ведаю, прадалі тую хату даўно, добрыя людзі там жывуць. Па тым баку, але ж які нумар? Пайшлі, дзетка, пакажу».
Пакуль ішлі да хаты пісьменніка і назад, маё сэрца разбівалася некалькі разоў: «Жыць яшчэ як жыць, а вось дажываць як у адзіноце?», «Малю Бога, каб памерці ў сваёй хаце, больш за ўсё баюся ў прытулак трапіць», «Я б яшчэ пажыла. Выйду, сяду на ганку, і так хораша», «Баюся ўзімку, вёска пустая, суседзяў няма, тут жа во мотаблок скралі», «А я прадавачку прашу. Яна мне лекі купіць», «Бульбу садзіць ужо не буду, як нахілюся, галава цёмная, і валюся», «Дзякуй, дзякуй, дзетка, што так добра пагулялі», «Што ты, што ты, нічога мне не трэба. Пенсія добрая. Ну, хіба зефіру можна» (плача).
З таго дня мы з бабай Нінай і сябруем. Я рэгулярна праведваю яе, прывожу зефір з гораду ці яе любімыя «ляндрынкі» (карамелькі з павідлам унутры). Стэлефаноўваемся часта. Я захапляюся яе стаўленнем да жыцця: «Курачка памерла, я плакала, відаць, і я хутка памру. Трэба будзе дзве курачкі на вясну купіць усё ж такі, можа Бог дасць яшчэ пажыць». «Буду і за цябе маліцца, дзевачка».
Бабе Ніне — 88. Яна адзінокая, у яе няма родных і блізкіх сваякоў. Таму мы неяк адразу адна за адну ўчапіліся… Ведаеце, я часта думаю, хай бы быў такі закон — кожнаму знайсці па бабе Ніне, калі сваіх родных бабуль няма.
Баба Ніна таксама ніколі не адпускае «ўнучачку» дадому без гасцінцаў
Пра замшэлы крыж, вышыты ручнік ды месца сілы
— Анжэла, ведаю, што вы не проста вандруеце па вёсачках, але і стараецеся быць ім карыснай. Прыйшоў час раскрыць інтрыгу — навошта вы ў кожную вандроўку бераце з сабой вышыты ручнік?
— Пачалося ўсё з адзінокага крыжа на скрыжаванні трох дарог. Ён прыцягнуў маю ўвагу, калі я вярталася на ровары дадому з чарговай вандроўкі. Стары, драўляны, замшэлы, пахілены… На ім вісеў шэры ад часу ручнік. Я да яго дакранулася — і ён ператварыўся ў пыл, настолькі быў стары.
Я села перакусіць каля гэтага крыжа. У той момант міма праехала машына, з якой гучала «Малітва» нашых «Песняроў». І тады ў мяне прамільгнула думка: трэба сюды павесіць новы ручнік.
Прыехаўшы дамоў, першым чынам палезла ў інтэрнэт, на «Куфар», дзе і набыла вышываны ручнік. І праз нейкі час паехала яго туды навешваць. Другі ручнік я падарыла старому драўлянаму крыжу ў Гарбачах. Гэта ўжо, можна сказаць, не вёска, а хутар, бо там толькі дзве хаты жылыя. Пазнаёмілася з мясцовымі жыхарамі. Дарэчы, менавіта яны і дапамаглі мне павесіць ручнік на крыж, добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол яго. З таго часу я ў кожную вандроўку бяру вышыты ручнік.
У кожную вандроўку Анжэла бярэ з сабой ручнік — падарунак прыдарожнаму крыжу
— А як выбіраеце, на які крыж павесіць ручнік?
— Я павязваю ручнікі толькі на адзінокія крыжы. Калі бачу, што на крыжы няма ручніка, але яго хтосьці даглядае, не буду ўмешвацца, каб нікога не пакрыўдзіць.
У мяне да прыдарожных крыжоў з маленства асаблівае стаўленне. Памятаю, штораз, калі разам з бабуляй Ірай заходзілі ў вёску, яна абавязкова прыпынялася ля крыжа і хрысцілася. І мне казала: «І ты пахрысціся, унучачка». Пры гэтым тлумачыла, што «гэта значыць, ты прыйшла сюды з добрымі намерамі». Раней на ўсіх вясковых крыжах віселі вышытыя ручнікі, таму гэта для мяне вяртанне да вытокаў, нешта сваё, роднае.
У мяне ёсць мара, каб і сёння на кожным крыжы вісеў наш вышыты беларускі ручнік. Калі я пачала расказваць пра свае падарункі прыдарожным крыжам у сацсетках, адна майстрыца прапанавала: «Я хачу на такую справу вам даслаць свой вышыты ручнік». Гэта так кранальна.
І цяпер час ад часу зусім незнаёмыя людзі, даведаўшыся пра маю маленькую добрую справу, бескаштоўна перадаюць у падарунак крыжам скарбы, якія ім дасталіся ад бабулі ў спадчыну і ляжаць у шафе без справы. Так, дзякуючы гэтым вандроўкам, маё жыццё набыло нейкі новы глыбокі сэнс.
Мне радасна, што пра мае вёсачкі даведваюцца ўсё больш і больш людзей. Не так даўно мне напісала адна дзяўчына, якая ні разу не была на Смаргоншчыне, а пасля таго, як падпісалася на маю старонку, захацела прыехаць. Я яе звазіла — паказала вёску Жодзішкі, распавяла шмат цікавых гісторый пра сваю малую радзіму.
— А ў самой не было думкі пераехаць жыць у вёску?
— Гэта мая мара. Спадзяюся, некалі ўгавару свайго гарадскога мужа і мы пераедзем жыць у вёску, бо я ў душы вясковая жыхарка. Ад Маладзечна да Міхневіч кіламетраў з трыццаць, як толькі з’яўляецца магчымасць, я саджуся на цягнік і еду туды. Мне там добра. Гэта маё месца сілы. Пабуду нават паўдня і вяртаюся дадому настолькі натхнёная, як быццам мяне, як той тэлефон, паставілі на падзарадку.
Чытайце таксама:
Беларуска падаравала сваю вясковую хату першаму-лепшаму чалавеку і не можа нарадавацца
«Юрка. Яйкі, хлеб, малако, каўбаса — 37 руб». Чаму ў беларускіх вёсках квітнее гандаль «на вэксаль»?
Калядны трэнд — саламяны павук. Як беларусы вяртаюцца да традыцый і пераасэнсоўваюць іх у сучаснасці