«Слова пацана» і іншыя расійскія хіты здымалі ў рамках падтрымкі Пуціна на выбарах
«Медуза» атрымала доступ да ўнутраных дакументаў Адміністрацыі прэзідэнта РФ. У іх гаворыцца, што «Слова пацана», «Халоп» і іншыя хіты — гэта «кантэнт», выпушчаны спецыяльна да выбараў. Самі стваральнікі, як паказвае апытанне «Медузы», пра гэта не ведалі.
26.02.2024 / 10:10
Вясной 2023-га ў Адміністрацыі прэзідэнта Расіі прайшла нарада, прысвечаная будучаму перавыбранню Уладзіміра Пуціна. Яго ўдзельнікам прадэманстравалі прэзентацыю пад назвай «Творчы кантэнт да выбараў».
Згодна з прэзентацыяй, пад выбары 2024 года былі падрыхтаваныя некалькі дзясяткаў «творчых праектаў». Сярод іх як праекты «па тэматыцы СВА» (гэта значыць пра вайну), так і вельмі папулярныя мэйнстрымныя фільмы і серыялы.
Напрыклад, у дакуменце пазначаны расійскія касавыя хіты: камедыя «Халоп 2», драма аб фігурным катанні «Лёд 3», мюзікл «Брэменскія музыканты» (дзеля яго рэжысёр Мікіта Міхалкоў дамаўляўся аб тым, каб з чорнага спісу забароненых артыстаў прыбралі Ірыну Гарбачову), фільм-казка «Па шчупаковым загадзе».
Агулам гэтыя праекты сабралі ў пракаце каля 10 мільярдаў рублёў. А па адзнацы аўтараў прэзентацыі ў АП, яшчэ і забяспечылі «абарону нацыянальных інтарэсаў, таксама культурных і грамадскіх (традыцыйных) каштоўнасцяў».
Пазначаны ў дакуменце і самы папулярны расійскі серыял апошніх гадоў «Слова пацана», які расказвае пра казанскія крымінальныя групоўкі апошніх савецкіх гадоў.
Ён, як і іншыя праекты з прэзентацыі, закліканы забяспечыць «павышэнне ўзроўню ведаў насельніцтва аб пазітыўных зменах у жыцці людзей у Расіі, аб гістарычных і сучасных дасягненнях суайчыннікаў, аб героях нашых дзён і прыкладах для пераймання», а таксама сведчыць «аб захаванні культурнай ідэнтычнасці, традыцый і суверэнітэту».
Акрамя таго, на думку Крамля, «Слова пацана» распавядае аб «якасных зменах жыцця ў Расіі як устойлівым трэндзе» (гэта значыць, мабыць, аб тым, што ў 2020-х расейцы жывуць лепш, чым савецкія людзі ў 1980-х).
Стваральнікі фільмаў, з якімі пагаварылі журналісты, кажуць, што не ведалі пра сваю місію ў гэтым сэнсе.
«Опа, ні*уя сабе! Упершыню пра гэта чую», — так адрэагаваў на званок журналістаў рэжысёр аднаго з кінапраектаў, якія трапілі ў прэзентацыю.
Крыніца, блізкая да здымачнай групы серыяла «Нюрнберг», таксама заявіла, што «ўпершыню чуе», што серыял можа быць часткай нейкай перадвыбарнай кампаніі.
Суразмоўцы схіляюцца да таго, што крамлёўскія ідэолагі проста прымазваюцца да паспяховых праектаў.
«Я думаю, яны выбралі ўсё, што можна да выбараў хоць неяк прыцягнуць. Узялі, што змаглі, з паветра», — сказала крыніца, знаёмая з дэталямі здымак аднаго з серыялаў, якія трапілі ў спіс.
Іх калега па кінаіндустрыі тлумачыць:
«Яны спрабуюць падперці сваю дзейнасць такімі ідэалагічнымі падпоркамі. Глядзяць, якія праекты выходзілі, што можна падцягнуць, апраўдаць траты. Тыпу мы займаемся ідэалогіяй, працуем дзеля краіны, грошы марнуем не дарма. Бываюць памылкі накшталт «Майстра і Маргарыты», але мы працуем у правільным кірунку і выпраўляемся».
Чытайце таксама:
Новая версія «Майстра і Маргарыты» лідзіруе ў мінскім пракаце
Самы касавы фільм у гісторыі беларускага кінематографа. Пра што ён?
З якога раёна, чушпан? Што за серыял «Слова пацана», які рве рэйтынгі