Кіно99

Самы касавы фільм у гісторыі беларускага кінематографа. Пра што ён? 

Як і папулярны сёння серыял «Слова пацана», беларуская стужка была прысвечана моладзевым групоўкам, якія арудавалі на вуліцах савецкіх гарадоў у канцы 1980-х гадоў. Распавядаем, што ў фільме і чаму гэтая ж тэма стала папулярнай у наш час.

Сцэна з фільма

Фільм «Мяне завуць Арлекіна» быў зняты ў 1987 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Валерыем Рыбаравым па матывах п'есы «Пастка №46, рост другі» Юрыя Шчыкачыхіна.

Стужка пачынаецца са станцыі Парэчча ў Гродзенскім раёне, на мяжы з Літвой, праз якую праходзяць цягнікі ў курортныя Друскенікі. У адной са станцыйных пабудоў у камунальнай кватэры з маці жыве Андрэй Савічаў, які верхаводзіць моладзевай групоўкай, няхітра названай «Вагонкай» праз асаблівасці мясцовасці і род заняткаў хлапцоў.

Галоўны герой Андрэй няздольны змяніць сваё жыццё, таму вырашае «важныя» праблемы, якія ствараюць такія ж разгубленыя маладыя людзі. Кадр з фільма

Хлопцы ў вольны час ватагай ганяюць на цягніках у блізкае Гродна, дзе трэціруюць нефармалаў і проста равеснікаў, а таксама заляцаюцца да любых дзяўчат, якія з першага погляду нічога агульнага з імі мець не хочуць, але і не баяцца іх, як іншыя. Андрэй, які носіць мянушку «Арлекіна», трымае сваіх гарачых сяброў у цуглях і вырашае важныя пытанні з іншымі групоўкамі, з якімі дзеляць горад.

Уся моладзь горада, здаецца, строга сегрэгавана паміж бандыцкімі і нефармальнымі групоўкамі. «Хто не з намі, той супраць нас» становіцца дэвізам часу.

Галоўная забава «вагонкі» — дакалупвацца да не такіх, як яны. Кадр з фільма

Але па факце ўсе яны — сацыяльныя нізы, якіх не пускаюць нават у прыстойны рэстаран. Сустрэчы з дзяўчатамі даводзіцца ладзіць у нейкіх задрыпаных падсобках.

Дзяўчаты прызнаюцца, што ніякіх шанцаў вырвацца з той рэчаіснасці, у якой яны знаходзяцца, у іх няма, усе імі карыстаюцца і кідаюць. Гэта разумее і сам Андрэй.

Штодзень ён вяртаецца ва ўбоства сваёй станцыйнай камуналкі. Аднойчы на станцыі ён бачыць такіх жа маладых хлапцоў, якіх канваіруюць у турму — тое ж самае можа стацца з ім і ўсімі ягонымі сябрамі.

Моладзь у фільме дэмаралізаваная і разгубленая, не бачыць магчымасці вырвацца са сваёй рэчаіснасці. Кадр з фільма

Будні разбаўляе кантрабанднае амерыканскае кіно, поўнае непрыхаванай цялеснасці, дыскатэкі пад заходнюю музыку і гвалт. Гвалт раптоўны і цынічны, бо цынічны і час. Пад прамову, якая пераймае словы савецкіх ідэолагаў, хуліганы пасярод горада сілком астрыгаюць доўгія валасы ў хлопца, ніхто з мінакоў не толькі не спрабуе іх спыніць, але большасць нават ухваляе.

У фільм устаўленая ўласна і частка лекцыі ідэолага, які завучанымі тэзісамі тлумачыць, што праз заходнія культуру і моду ў грамадства пранікаюць і чужыя каштоўнасці, якія разбураюць грамадскія парадкі.

Андрэй з каханай Аленай. Кадр з фільма

Падчас прагляду фільма застаецца ўражанне, што ідэолаг меў пэўную рацыю. Моладзь не толькі выглядае, як героі амерыканскіх фільмаў, пераймае іхнія манеры і забавы, але пераймае і павадкі кіношных бандытаў. На праўду ж, праблемы ў грамадстве прынеслі зусім не заходнія фільмы, іх выпеставала савецкая палітыка.

Колькі існуе кінематограф, столькі людзі здымаюць кіно пра бандытаў, злачынцаў, крымінал ды гвалт. Але ў гэтага медаля два бакі. 

«Вагонка» на вечаровым выгуле. Кадр з фільма

У пэўнай ступені такія творы мусяць замясціць тыя вострыя адчуванні небяспекі, з якімі людзі ў сваім штодзённым жыцці, на шчасце, амаль не сутыкаюцца. Гэтак жа як даступная парнаграфія зніжае колькасць палавых злачынстваў, так і кіно пра бандытаў мусіць знізіць іншую злачыннасць.

З іншага боку, гэты свет ахутаны рамантычным арэолам. Галоўныя героі ад Робіна Гуда да Томаса Шэлбі з «Вострых брылёў» не прызнаюць уладу і будуюць свае непадкантрольныя вольніцы, што з’яўляецца вельмі прыцягальным вобразам для тых, хто стаміўся ад кантролю і ўсемагутнасці дзяржавы. 

«Вагонка» ў мацоўні. Кадр з фільма

Частка гледачоў не толькі не задавальняецца кіно пра крымінал як «заменнікам» гвалту, але натхняецца ім, асабліва калі твор зроблены таленавіта, і пераймае ролевыя мадэлі крутых пацаноў, якія могуць «разруліць» важныя пытанні. Так было з расійскімі фільмамі кшталту «Брат», так было з серыялам «Брыгада» пра бандытаў 1990-х.

Мода на пацанскую эстэтыку сягае ў часы сталінскіх рэпрэсій, калі ў лагеры былі сасланыя мільёны савецкіх грамадзян, многія — па надуманых палітычных абвінавачаннях, але далёка не ўсе. У 1953 годзе па амністыі, ініцыяванай Берыем пасля смерці Сталіна, на волю выйшлі больш за мільён грамадзян. Яны пачалі выбудоўваць знаёмыя блатныя парадкі на волі.

Вечарына ў нейкай задрыпанай падсобцы — максімум, на які могуць спадзявацца такія, як Андрэй. Кадр з фільма

Дэмаграфічная яма ў 1960-я гады, выкліканая стратамі насельніцтва ў Другой сусветнай вайне, падштурхнула прызываць у савецкую армію людзей з крымінальным мінулым. Былыя насельнікі турмаў і зон сталі ўводзіць у вайсковы быт рытуальныя знявагі і здзекі — дзедаўшчыну.

Такім чынам гэтыя крымінальныя парадкі распаўзліся па ўсёй краіне Саветаў. Гэтая эстэтыка была прыцягальная і тым, што была фактычна пад забаронай, а забаронены плод, як вядома, саладзейшы.

Сябры Андрэя гвалтоўна абстрыгаюць доўгія валасы ў хлопца пасярод горада. Мінакі гэта падтрымліваюць. Кадр з фільма

Носьбіты гэтай эстэтыкі заставаліся ўвесь час, бо савецкая пенітэнцыярная сістэма рыхтавала ўсё новых і новых людзей, якія нажывую пазнаёміліся з турэмнымі парадкамі. 

Аказала свой уплыў і ўзмоцненая ўрбанізацыя, калі людзі, якія прыехалі з вёскі, разрывалі старыя сувязі і не станавіліся аўтарытэтам для сваіх дзяцей. Маладыя людзі мусілі самастойна заводзіць новыя сувязі, групуючыся з такімі ж «непатрэбнымі» маладымі людзьмі са спальных гарадскіх раёнаў, якія ў прамысловых маштабах узводзіла савецкая дзяржава. Пры адсутнасці нармальных іерархій і сацыяльных ліфтаў удзел у такіх групоўках дазваляў маладым людзям падняцца хоць бы па сімвалічнай лесвіцы.

Канфлікт бацькоў і дзяцей, недаразвітая культурная сфера нават у вялікіх гарадах, сацыяльна-экамічныя ўмовы жыцця, жорсткая рэгламентацыя ў школе і аўтарытарызм дарослых — усё гэта штурхала маладых людзей да пабегу ў вольнае жыццё, далучэння да груповак.

Адна з нефармальных тусовак, якую Андрэй бачыць у Траецкім прадмесці. Кадр з фільма

Беларускасць у фільме ёсць. Яна ў першую чаргу ў натурных дэкарацыях Гродна, Мінска і станцыі Парэчча, дзе здымаўся фільм. Фонам гучыць і беларуская мова, звычайна, праўда, ад людзей старэйшага веку.

Але калі трохі паглыбіцца, то беларускасць фільма размываецца. Хоць фільм ствараўся на «Беларусьфільме», у беларускіх дэкарацыях і па сюжэце падзеі адбываюцца там жа, дзе і ён і здымаўся, але ўсе акцёры фільма расейцы па паходжанні — быццам не знайшлося сваіх. «Беларусьфільм» тады, а яшчэ больш сёння, быў проста дармовай базай для здымак расейскага кіно.

Галоўны беларускамоўны персанаж фільма, стары Стась, які жыве ў нейкай зямлянцы і піша няўцямныя вершы. Стась Пшаўлоцкі грае самога сябе — паэта-дзівака, які працуе грузчыкам. Стваральнікі фільма адшукалі яго ў Лагойску. Ён зняўся таксама ў эпізодах «Сведкі» і «Чужая бацькаўшчына», але ягонае жыццё гэта не змяніла. 

Паэт-дзівак — адзін беларускамоўны персанаж у беларускай стужцы. Кадр з фільма

Малаімаверна, што стваральнікі хацелі праз яго асобу неяк высмеяць беларускую культуру, але відавочная яе экзатызацыя, што сёння прынята асуджаць.

Сам фільм стаў феноменам для беларускага кінематографа — за 15 месяцаў дэманстрацыі стужкі ў кінатэатрах СССР яе паглядзела 41,9 мільёна чалавек, больш чым любую іншую беларускую стужку. Відаць, значную частку аўдыторыі склала моладзь, якая хацела пабачыць нарэшце нешта праўдзівае пра саміх сябе. 

Прываблівала і адна з першых нецэнзураваных сцэн сэксуальнага насілля, вялікая колькасць гвалту фізічнага — усяго таго, што было ў амерыканскім кіно, якое праўдамі і няпраўдамі прасочвалася ў Савецкі Саюз, і выразна кантраставала з «правільным» айчынным кінематографам. 

З іншага боку, беларускія кіназнаўцы не хваляць гэты фільм, адзначаючы, што ён атрымаўся вельмі пасрэдным і хайпаваў на праблемах моладзі ў часы перабудовы, як і цэлы шэраг падобных познесавецкіх стужак — «Маленькая Вера», «Асса» альбо «Ці лёгка быць маладым».

«Мяне завуць Арлекіна» трапіў у нерв эпохі, ярка ўспыхнуў і хутка згас, застаўшыся творам свайго часу, знятым для сучаснікаў і пра сучаснікаў. Серыял жа «Слова пацана» расказвае нам пра нас саміх праз мастацкую прызму нядаўняй, але ўжо троху падзабытай мінуўшчыны, адшукаўшы сёння нерв там, дзе яго ніхто іншы дагэтуль не бачыў — і ў гэтым плане ён больш удалы, таленавіты і перспектыўны за самы касавы беларускі фільм.

@belaruspositive Самы касавы фільм у гісторыі беларускага кінематографа #беларусь #фильм #фильмы #чтопосмотреть #минск #арлекино ♬ оригинальный звук - belaruspositive

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • Ігнацый
    08.02.2024
    Па-першае, фільм не беларускі а расейскі, зняты у Беларусі. Па-другое, фільм - перастроечнае “бессмысленное и беспощадное” лайно.
  • дочка Максима Дизайнера
    08.02.2024
    Ігнацый, як і самі ліхія 90-я? ) (гады)
  • Anatol Starkou
    08.02.2024

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Фірма, якая належала мадэлі з Мінска, адпраўляла ў Расію брытанскую вайсковую оптыку6

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат14

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне6

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →