Французскае тэлебачанне паказала, дзе ва Украіне могуць з'явіцца французскія войскі. Таксама і на мяжы з Беларуссю
20.03.2024 / 7:0
Французскі тэлеканал LCI паказаў на мапе Украіны месцы імавернага размяшчэння французскіх салдат, калі іх вырашаць туды адправіць афіцыйна. Вайсковы эксперт у эфіры распавёў, што ўсяго ёсць два варыянты, і адзін з іх — украінска-беларуская мяжа.
Кадр з эфіру французскага тэлеканала LCI, на якім адлюстравана мапа Украіны і месцы імавернага размяшчэння там французскіх салдат
Французскі палкоўнік у адстаўцы Вінцэнт Арбарэц’е паказаў у эфіры тэлеканала LCI месцы, дзе менавіта ва Украіне Францыя можа размясціць свае войскі, калі на гэта будзе дадзены афіцыйны загад.
Па словах палкоўніка, гэтымі месцамі павінны стаць альбо ўся ўкраінска-беларуская мяжа, альбо ўвесь правы бераг Дняпра, альбо два варыянты адначасова.
«Размяшчэнне войскаў уздоўж Дняпра паказала б Расіі «чырвоную лінію», што ёй нельга заходзіць у правабярэжную Украіну. А размяшчэнне ўздоўж мяжы з Беларуссю засцерагло б Кіеў. Магчымае размяшчэнне і ў абодвух месцах», — заявіў Арбарэц'е ў эфіры тэлеканала LCI.
Ён дадаў, што на адным з гэтых месцаў Францыя прадугледжвае размяшчэнне да 20 тысяч сваіх вайскоўцаў, а сам факт такога заходу ва Украіну «дазволіць прымусіць Расію пайсці на перамовы, выступаючы з пазіцыі парытэту».
Нагадаем, што прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон нядаўна выказаўся за імаверную адпраўку заходніх войскаў ва Украіну. Пасля ён дадаў, што яго рэзанансныя словы былі старанна прадуманыя.
У той жа час заявы французскага прэзідэнта выклікалі негатыўную рэакцыю з боку ўрадаў некаторых краін-саюзніц, лідары якіх паспяшаліся запэўніць, што не будуць адпраўляць войскі. Але ў Еўропе знайшліся і тыя, хто падтрымаў ідэю Макрона.
Крэмль у сваю чаргу гнеўна адрэагаваў на выказванні Макрона, папярэдзіўшы, што разгортванне заходніх войскаў ва Украіне непазбежна прывядзе да канфлікту паміж Расіяй і НАТА.
Чытайце таксама:
Кіраўнік МЗС Польшчы ацаніў ініцыятыву Макрона: Пуцін будзе пытаць сябе, які наш наступны крок