«Пахавалі ў вышыванцы». Гісторыя беларускі, якая два гады таму загінула пасля ўдару па абласной адміністрацыі ў Мікалаеве
Лідарка беларускай грамады Мікалаева Таццяна Дзяменнікава пражыла 60 гадоў. Яна хацела забраць з Беларусі маці і яшчэ шчыльней заняцца дыяспарай, але загінула праз месяц пасля таго, як пачалася вайна.
27.03.2024 / 12:35
Таццяна Дзяменнікава. Фота: сацыяльныя сеткі
Добра гаварыла па-беларуску, на чужыну выправілася за мужам
Таццяна Дзяменнікава з Магілёўшчыны. Яе родная вёска — Сіманавічы ў Глускім раёне. Багата тутэйшых жыхароў з прозвішчам Белавушка. У дзявоцтве такім яно было і ў Таццяны. Яна выпускніца Магілёўскага інстытута харчавання.
«Вучылася ў беларускай школе. Таня добра гаварыла па-беларуску, выступала прыгожа, арганізатаркай была моцнай. Характар у яе быў прабіўны і мэтанакіраваны», — згадвае сяброўку актывістка беларускага руху ва Украіне Галіна.
Таццяна выйшла замуж за ваеннага. Яе абраннік таксама беларус. Яго родзічы тры пакаленні таму перасяліліся ў Мікалаеўскую вобласць з Клімавіцкага раёна. На Мікалаеўшчыне існавалі цэлыя беларускія паселішчы.
За мужам у Мікалаеў паехала і Таццяна.
Гэты вялікі прамысловы горад на беразе Чорнага мора да поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны быў пабрацімам беларускага Магілёва. За саўдзел Беларусі ў агрэсіі пабрацімства было скасаванае. Мікалаеў застаецца пад абстрэламі расійскіх войск. Горад за два гады вайны разбураны. Да вайны ў ім жыло 450 тысяч чалавек, але цяпер шмат людзей выехала.
Таццяна Дзяменнікава ў працоўным кабінеце. Фота: фэйсбук Таццяны Дзяменнікавай
На чужыне Таццяна рабіла інжынерам-тэхнолагам у грамадскім харчаванні, прафсаюзным арганізатарам на суднабудаўнічым заводзе. Затым перайшла ў абласную адміністрацыю. У дэпартаменце эканамічнага развіцця і рэгіянальнай палітыкі была начальнікам упраўлення развіцця ўнутранага гандлю, прадпрымальніцтва і рэгулятарнай палітыкі.
Таццяна цяжка перажывала акупацыю Крыма і вайну на Данбасе. Для яе тыя падзеі сталі нечаканасцю.
«Гінуць людзі, бальніцы ў горадзе перапоўненыя, і ўдалечыні ад зоны баявых дзеянняў маці, жонкі атрымліваюць «пахаронкі», — адзначала яна.
Падзеі 2014 года заахвоцілі Таццяну разам з землякамі-аднадумцамі заснаваць у Мікалаеве беларускую суполку.
Як расказалі яе сябры, у той час беларускае пасольства шукала ва Украіне ініцыятыўных суайчыннікаў, якія ўзяліся б за стварэнне нацыянальных арганізацый, лаяльных рэжыму Лукашэнкі.
Яны былі аб'яднаныя ва Усеўкраінскі саюз беларусаў. Узначальваў яго былы супрацоўнік савецкага КДБ, генерал-маёр Пётр Лайшаў. Ён з'ехаў з Украіны незадоўга да поўнамаштабнай расійскай агрэсіі ў Іспанію, дзе і жыве дагэтуль.
Да 2020 года пасольскія выкарыстоўвалі імпэт і настальгію мясцовых беларусаў па гістарычнай радзіме, каб мацаваць імідж Лукашэнкі як рупліўца пра беларусаў у замежжы. Стварэнне такіх арганізацый было агульным трэндам лукашэнкаўцаў ва Украіне.
Мікалаеў быў прыцягальны прамысловым патэнцыялам, а нацыянальная арганізацыя ўспрымалася, як адзін са спосабаў наладжвання адносінаў з мясцовай уладай.
У Мікалаеве нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Голас радзімы» было зарэгістраванае пры канцы 2015 года. Яно дагэтуль застаецца дзейным.
«Беларуская культура ўсё больш падабаецца мікалаеўцам…»
Таццяна з захапленнем узялася за беларускую справу. Пра рупліўцаў беларушчыны яна казала, што «мы рамантыкі, бо на голым энтузіязме ўсё робім». Багата сваіх грошай укладалі.
«Таня ўсюды паспявала, — расказвае яе сяброўка. — Яна рабіла на адказнай працы, але гэтак жа дбала пра папулярызацыю беларускай культуры. Усё казала: пайду на пенсію і больш займуся дыяспарай».
Галіна кажа, што ва Украіне кожная беларуская суполка паўставала з нуля. На выставы прыносілі ўсё сваё: кнігі, хатняе начынне, што «давалі бацькі ў пасаг». Пасольства назірала, ці варта дапамагаць.
Але Таццяну было не суняць. Разам з паплечнікамі яна арганізоўвала канцэрты, выставы, выступала ў бібліятэках. Яе фэйсбук увесь у фотаздымках з імпрэз. Суполкаўцы стваралі беларускае падвор'е на гарадскіх мерапрыемствах, частавалі гасцей беларускімі стравамі і абавязкова дранікамі.
Беларускі падворак на фестывалі нацыянальных культур у Мікалаеве. 2018 год. Фота: фэйсбук Таццяны Дзяменнікавай
«Прыемна і тое, што наша родная беларуская мова, беларуская культура падабаецца мікалаеўцам усё больш і больш!», — пісала Таццяна Дзяменнікава пасля адной з імпрэзаў.
Мікалаеўскія беларусы стварылі ансамбль «Народныя напевы».
«У ім хораша спявалі. Гэта быў іх гонар. Яго заўжды запрашалі на гарадскія імпрэзы. Спачатку ў іх былі размаітыя беларускія сцэнічныя строі. Выступалі ў тым, што было ў хаце», — згадвае Галіна.
У 2019 годзе пасол Ігар Сокал прывёз мікалаеўскім беларусам нацыянальныя строі.
«Гэта былі прыгожыя чырвона-белыя касцюмамі з добрай тканіны. Дарагія, відаць. Тыя строі ўручалі ў бібліятэцы», — расказвае сяброўка.
У 2019-ым Дзяменнікаву з групай іншых актывістак беларускіх арганізацый узнагародзілі медалём «100 год дыпламатычнай службы Рэспублікі Беларусь».
«Украінцы да вайны добра ставіліся да Лукашэнкі, а праз яго і да беларусаў»
З радзімаю Таццяна сувязі не губляла. Водпуск прысвячала адведзінам маці. Ездзіла ў Магілёў на фабрыку мастацкіх вырабаў і адтуль прывозіла для суполкі саламяныя вырабы, фабрычныя вышыванкі, шмат сувеніраў.
«Гаварыла, што хоча на радзіму, каб дыхнуць роднага паветра, — кажа Галіна. — Абяцала, што як выйдзе на пенсію, то забярэ маму да сябе…».
Сама Таццяна так апісвала свае адведзіны радзімы:
«Вось і закончыўся мой адпачынак… Увесь час я была на Радзіме! Для мяне гэта вялікая асалода! Пабыць з матуляй, якая чакае цябе кожны дзень, сустрэцца з сябрамі, адведаць дамы культуры».
Беларусы Мікалаева прымаюць беларускага пасла Ігара Сокала. 2019 год. Фота: фэйсбук пасольства Беларусі ва Украіне
Росквіт дзейнасці мікалаеўскіх беларусаў прыпадае на дапандэмійны 2020 год. У гэты час мясцовая ўлада спрыяла дзейнасці ўсіх нацыянальных дыяспар у Мікалаеве. На беларускіх імпрэзах было заўжды шмат наведнікаў.
«Тут жа да вайны выдатна ставіліся да Лукашэнкі, а праз яго добра ўспрымаліся і беларусы. Тады гэта было бальзам на сэрца. Мы ж не ўсе ведалі, што на радзіме творыцца. Ніхто не мог і блізу дапусціць думкі, што з Беларусі ў тым ліку прыйдзе вайна», — прызнаецца Галіна.
Яна кажа, што ў першыя месяцы вайны здавалася, што беларусам будзе кепска, але ўкраінцы разабраліся і цяпер калі і чуюцца абурэнні, то іх няшмат. Актыўных беларусаў, запрашаюць на гарадскія святы як і раней.
У фэйсбуку Таццяна Дзяменнікава пераставала выстаўляць фота з імпрэзаў у 2021 годзе. Апошні пост прысвечаны афіцыйнаму Дню незалежнасці.
Жыццём беларускіх рупліўцаў ва Украіне пасольства не цікавіцца
У красавіку 2022 года Таццяна мелася ехаць на стажыроўку ў Беларусь, якую арганізоўваў для беларусаў замежжа Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.
У праграме паездкі па музеях, бібліятэках, выставах, асяродках народных промыслаў. Праводзілі майстар-класы па вырабу прадметаў побыту. На стажыроўку зʼязджаліся беларусы з усяго свету.
«Я казала: Таня, бяры адпачынак, едзь, не пашкадуеш. Яна пагадзілася, але пачалася вайна, якая яе забрала», — згадвае Галіна.
Мікалаеўскія беларускі ў нацыянальных уборах, прывезеных паслом Ігарам Сокалам. Фота: сацыяльныя сеткі
Галіна ў пачатку вайны тэлефанавала сяброўцы і была здзіўленая, што тая на працы, бо ў іншых абласных цэнтрах супрацоўнікам дазволілі заставацца дома.
«Калі званіла, то яна была прыгнечанай. Проста сказала, што працуе. Ніхто і не мог сказаць, што чую яе голас апошні раз», — гаворыць Галіна.
29 сакавіка 2022 года ў Мікалаеўскую абласную адміністрацыю пацэліла расійская ракета. У будынку прабіла вялізную дзірку, разбурыўшы яго частку.
Некалькі дзён Таццяна лічылася зніклай. 2 красавіка яе цела было знойдзена пад абломкамі, а 5 красавіка мясцовая ўлада прызнала афіцыйна смерць беларускі і яшчэ 32 яе калегаў.
Пра трагічную смерць кіраўніцы беларускага таварыства ў Беларусі даведаліся на той стажыроўцы, на якую збіралася Таццяна Дзяменнікава. Вестку прывезла адна з удзельніц, сяброўка Таццяны — Алена Аляксеенка з Міргарада. Ёй удалося прарвацца з ахопленай вайной Украіны.
«І гэта сапраўды аказалася не фэйкам — трагічнай праўдай… », — напісала газета «Голас Радзімы» пра красавіцкую стажыроўку ў чэрвені 2022 года. Са спасылкай на Алену ў публікацыі гаворыцца, што Таццяну «пахавалі ў беларускай вышыванцы і яна была вельмі прыгожая».
Галіна заўважае што за час вайны ейным жыццём ніхто з кіраўніцтва беларускага пасольства не цікавіўся. Толькі ў прыватных чатах супрацоўнікі выказвалі нейтральныя словы падтрымкі.
Мікалаеўскія беларускі. Крайняя справа Таццяна Дзяменнікава. Фота: фэйсбук Таццяны Дзяменнікавай
«Таццяна была беларускай патрыёткай, — падсумоўвае Галіна. — Прыгожая жанчына. Яе Бог стварыў, каб на яе дзівіліся, але вайна забрала яе».
Глядзіце таксама:
Пасол Украіны ў Беларусі: Беларусы вераць тэлевізару, але канчатковы пералом пакуль не адбыўся
Пасольства Беларусі ў Украіне: Беларусы ставяцца да чырвона-зялёнага сцяга з трымценнем