Дзясяткі беларускіх топ-бізнэсменаў прагарэлі на дзяржаўных аблігацыях. Вярнуць грошы змог толькі сябар Пуціна
Вясной-летам 2022 года ў найбольш інфармаваных дзелавых людзей Мінска сталі актыўна пацець далоні і збіўся сардэчны рытм. Вайна і сапсаваныя адносіны Беларусі з Захадам прывялі да таго, што заходнія фонды пачалі скідваць беларускія дзяржаўныя аблігацыі з вялікім дысконтам. Зніжка сягала 70% ад цаны! Такія аблігацыі — самы надзейны від інвестыцый, дзяржава заўсёды выплачвае па іх працэнты. Істэрыя ахапіла і інвестараў з Расіі. Самыя спрытныя кінуліся браць крэдыты пад свае бізнэсы, каб у рэальнасці купіць беларускія аблігацыі і хутка пракруціць грошы. Што з гэтага выйшла? Вялікае кідалава. Па словах суразмоўцаў «Нашай Нівы» з банкаўскіх колаў, зарабіць удалося толькі аднаму сябру Пуціна, а ўсіх астатніх беларускія ўлады кінулі на сотні мільёнаў еўра. Апісваем, як гэта было.
Чаму дзяржаўныя інвестыцыі больш надзейныя
Калі дзяржаве патрэбныя грошы, яна можа прыцягнуць іх праз інстытут аблігацый — гэта такія паперы, якія набываюць інвестыцыйныя фонды, пенсійныя фонды, банкі і проста інвестары. Кожны год трымальніку аблігацый плаціцца працэнт, а ў канцы абгаворанага тэрміну аблігацыя выкупляецца выдаўцом па намінальнай цане.
Купіўшы, напрыклад, аблігацыю за $100 пад 5% гадавых, за пяць год вы заробіце 25 даляраў працэнтамі (у тэрміналогіі эканамістаў гэта называецца «пагашэнне купонаў») і вернеце назад свае $100.
Дзяржаўныя аблігацыі — гэта, як кажа тэорыя, самая надзейная інвестыцыя ў свеце. Аблігацыі кампаній менш надзейныя — яны могуць закрыцца, сысці ў банкруцтва. А вось выпадкаў знікнення дзяржаваў ці іх дэфолту за апошнія дзесяцігоддзі малавата.
Беларусь рэгулярна займала грошы на замежных рынках праз выпуск гэтак званых «еўрабондаў». З 2018-га іх агулам выпусцілі на $3,2 мільярда.
Тэрміны пагашэння такія:
- 2023 — $800 мільёнаў
- 2026 — $500 мільёнаў
- 2027 — $600 мільёнаў
- 2030 — $600 мільёнаў
- 2031 — $750 мільёнаў.
Хто купляў еўрабонды?
«Парадку 97% еўрааблігацый набыта буйнымі кіраўнічымі кампаніямі і інвестыцыйнымі фондамі», — стандартная фраза на сайце Нацбанка па выніках кожнага выпуску.
Як кажуць нашы суразмоўцы-банкіры, купцоў беларускіх аблігацый можна падзяліць на дзве катэгорыі: гэта замежныя інвестыцыйныя фонды, а таксама беларускі бізнэс, які дзейнічае праз сваіх нерэзідэнтаў, каб прыгожа вывесці грошы з краіны альбо зарабіць больш за дазволенае ўнутры Беларусі.
«Калі інвестыцыйныя фонды фарміруюць партфелі, яны набіваюць іх высока-, сярэдне-, і нізкарызыкоўнымі паперамі. Змешваючы гэта разам, яны атрымліваюць дапушчальны ўзровень рызыкі і жаданы ўзровень прыбытку. Таму нізкарызыкоўныя беларускія аблігацыі амаль аўтаматычна траплялі ў партфелі фондаў», — апісвае першую катэгорыю высокапастаўлены беларускі банкір.
«З другога боку, у саміх беларусаў хапала замежных грошай, якія трэба ў нешта інвеставаць. Не будзеш жа ты адкрываць там бізнэсы — гэта кіраванне, рызыка. Прасцей інвеставаць у паперы. Тым больш гэта вельмі прыгожы і бяспечны спосаб ператвараць свае грошы «тут» у свае грошы «там» — прыватныя беларускія банкі праз давярнае кіраванне самі раілі гэта сваім кліентам. Навошта вам купляць аблігацыі ўнутры краіны, калі мы можам вам купіць праз нерэзідэнта?
Унутры Беларусі дзейнічаюць абмежаванні па працэнтнай стаўцы, больш за 3—4% ты не заробіш, а купіўшы праз нерэзідэнта, ты можаш размясціцца пад 8%. Словам, аргументаў хапала, — апісвае іншы банкір матывацыю другой катэгорыі. — Кліенты занеслі грошы ў банк, банк пералічыў іх брытанскаму брокеру з даручэннем купіць такія і такія паперы. Калі ў кліента ёсць рахунак у іншым месцы, то можна даць брокеру такое ж даручэнне пералічыць грошы назад на замежны рахунак».
Вайна памяняла ўсе правілы
Гісторыя ўсіх гэтых еўрабондаў была руціннай і нічым не адметнай, пакуль Расія разам з Лукашэнкам не напала на Украіну, што ўдарыла па фінансавых адносінах з цывілізаваным светам.
Падагрэла сітуацыю рашэнне Расіі выплачваць даўгі крэдыторам з «несяброўскіх краін» па замежных запазычаннях толькі ў расійскіх рублях і на рахункі ўнутры Расіі.
Беларусь пайшла той жа дарогай, але спачатку гэта датычыла толькі даўгоў перад Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, Паўночным інвестыцыйным банкам і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Гэтага хапіла, каб запусціць чуткі, што і Беларусь у выніку стане пагашаць свае аблігацыі толькі рэзідэнтам «сяброўскіх юрысдыкцый». І таму асноўныя трымальнікі пачалі пазбаўляцца ад каштоўных папер.
«Паводзіны фондаў у такой сітуацыі зразумелыя — ім прасцей скінуць гэтае лайно, чым мець справу з Беларуссю, што рэпутацыйна можа каштаваць нашмат больш, яшчэ і пры імавернасці неатрымання выплат увогуле», — кажа беларускі банкір.
Зваблівая прапанова
Для маштабаў сусветнага рынку беларускія аблігацыі — гэта пыл, сотыя долі працэнта ад мільярдных партфеляў салідных фондаў. І калі фонды пачалі істэрычна пазбаўляцца каштоўных папер, з’явіўся вялікі дысконт. Аблігацыі можна было выкупіць за 30% ад стартавага кошту.
«Ооо! Пайшоў дысконт! І дата канчатковага пагашэння хутка. Тады гэта выглядала гарантаванай стаўкай — выйграе той, хто паспее купіць. Мінскі бізнэс захваляваўся. Ёсць тыя, хто пайшоў у банкі, каб на крэдытныя грошы купіць аблігацыі: вядома, на куплю каштоўных папер табе ніхто крэдыт не дасць, але ў банка можна папрасіць на існуючы бізнэс, трохі падмахлярыць з паперамі, а калі атрымаеш перавод, рознымі схемамі засунуць грошы ў аблігацыі ў надзеі хутка абярнуцца», — кажа банкір. «Нашай Ніве» вядомыя прозвішчы некалькіх такіх бізнэсменаў сярэдняй рукі. Яны адмовіліся каментаваць свае прыгоды.
«Пры гэтым было разуменне, што калі беларусаў унутры краіны і могуць кінуць, то нерэзідэнтаў кідаць не будуць, таму што нельга. Бо іначай гэта дэфолт. Усе змяталі еўрабонды праз сваіх нерэзідэнтаў за мяжой, у прыватнасці, у Казахстане, Расіі і гэтак далей. Дзяржава ж фактычна не ведае, хто купіў аблігацыі — іх купіў брокер, які не раскрывае кліентаў».
«Я так разумею, што грошай на пагашэнне аблігацый проста не было і няма, бо гэта законы прыроды — калі ты дастаеш з бюджэту $800 мільёнаў, то нехта ў дзяржаўным сектары іх не атрымае. Таму Мінфін вырашыў як мага больш скараціць суму выплат і заявіў, што аблігацыі будуць гасіцца ў беларускіх рублях і на беларускія рахункі. Яны лічылі, што замежным фондам прасцей будзе проста спісаць гэтыя капейкі. Капейкі для фондаў, але не для Беларусі», — кажа непасрэдны ўдзельнік гісторыі.
«Каб забраць грошы, трэба паказаць сябе — ты ўжо не можаш іх забраць уцёмную. Ты ідзеш да брокера, атрымліваеш пацверджанне, што гэта твае грошы, указваеш рахунак у Беларусі і ўскрываеш свайго нерэзідэнта, на якога купляліся аблігацыі. І выразна бачна, хто ты».
Сваіх можна і кінуць
«І вось тады ў Мінфіне зразумелі, што адбылося — гэта беларусы і расіяне масава выкупілі дзяржаўныя аблігацыі. Цяпер дзяржава павінна не замежнікам, а сваім жа. А кінуць свой скот, самі разумееце, гэта не тое самае, што кінуць амерыканскі пенсійны фонд», — не стрымліваецца ў словах адзін з пацярпелых.
Вядома, беларускі Мінфін не прызнаваўся, што ён кінуў інвестараў. Замест гэтага яны сталі ўводзіць новыя ўмовы для атрымання грошай. Маўляў, мы пагасім, але толькі па тым курсе, па якім самі скажам, потым — што можам выкупіць за 30% ад цаны, потым — што не будзем увогуле разлічвацца з тымі, хто купіў аблігацыі пасля 9 верасня 2022 года, таму што міжнародныя карпарацыі Citigroup і Citibank адмовіліся быць агентамі ў дачыненні да еўрабондаў.
«Зрабілі выгляд, што гатовыя былі б заплаціць, калі б не заходнікі. Толькі чаму перасталі гасіць купоны яшчэ калі Citibank выконваў свае функцыі — рытарычнае пытанне.
Ну і, адмова CitiBank працаваць з беларускімі паперамі азначае не прынцыповую немагчымасць разлічыцца ў валюце з трымальнікамі аблігацый, а адгаворку. Таму што можна было разлічыцца ў еўра праз Commerzbank ці Raiffeisen, гэтая магчымасць ёсць і цяпер. Хутчэй за ўсё, прывязка да гэтай даты таму, што яны ўбачылі ці зразумелі, калі выкупаўся асноўны аб’ём аблігацый. Таму CitiBank тут ні пры чым. Яны і ў рублях пагасіць не могуць», — кажа беларускі фінасіст.
Некалькі бізнэсменаў пацвердзілі «Нашай Ніве», што і не атрымліваюць выплат па купонах, і не могуць дабіцца пагашэння аблігацый. У Мінфіне іх проста адфутбольваюць. У кожным выпадку гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў.
Ці ўсе прайгралі? Не. Маса народу вельмі добра зарабіла — гэта тыя, хто купіў з дысконтам, але не стаў чакаць пагашэння і перапрадаў іншым ахвотным, каб зарабіць на дэльце ў моманце, а не чакаць магіі ў лютым 2023-га. Вось яны зарабілі. А тыя, хто вырашыў чакаць пагашэння, масава прагарэлі.
«Амаль усе беларускія бізнэсмены з топ-20, якія не звязаны з ІТ, у гэтую гісторыю ўляпаліся, — сцвярджае вартая даверу крыніца з банкаўскіх колаў. Пацвердзіць гэтую інфармацыю наўпрост магчымасці няма. — Не сакрэт, што многіх за гэтыя гады вельмі моцна пастрыглі штрафамі з серыі «самі прыдумайце за што». Народ убачыў у аблігацыях спосаб атрымаць «кампенсацыю». А, выходзіць, такіх кінулі двойчы».
Сябар Пуціна — выключэнне
Што адметна, кінутымі аказаліся і расіяне. Доўг перад расійскімі трымальнікамі беларускіх аблігацый цяпер ацэньваецца ў $160 мільёнаў. Некаторыя ў Расіі спрабуюць судзіцца з беларускім Мінфінам.
Але вось што адметна. Па словах нязвязаных між сабой фінансістаў і банкіраў, адзіны чалавек, якому ўдалося забраць грошы — гэта набліжаны да Пуціна расійскі бізнэсовец Канстанцін Мікалаеў.
«Як яму ўдалося забраць грошы, дакладнай інфармацыі няма, бо гэта ўсё закрытыя справы. Нехта лічыць, што Пуцін выказаў прэтэнзію Лукашэнку: маўляў, чаму маіх крыўдзіш? Але больш імаверна, што нехта з Адміністрацыі Пуціна мог зайсці ў кабінет да [пасла Беларусі ў Расіі Дзмітрыя] Крутога. Гэтага б хапіла. У банкаўскіх колах разлік з Мікалаевым лічыцца фактам», — сказаў нам адзін з нашых суразмоўцаў.
Таксама падкрэслім, што Мінфін Беларусі не стаў выплачваць працэнты і па выпусках аблігацый з пагашэннем у 2026, 2027, 2030 і 2031 гадах. Гэтыя аблігацыі таксама разбіралі з дысконтам, але меншым, чым быў у самага бліжняга выпуску. Гэтымі аблігацыямі таксама пераважна валодаюць беларусы.
Каментары