Беларускі халаднік трапіў у топ найлепшых халодных супоў свету, абагнаўшы расійскую акрошку

У канцы сакавіка гастранамічны інтэрнэт-партал Taste Atlas прэзентаваў рэйтынг найлепшых халодных супоў усяго свету. У топ-20 трапіў і беларускі халаднік.

30.03.2024 / 10:45

Фота: 1000i1koushyk.blogspot.com

Большая частка супоў еўрапейскія: прычым пяць — іспанскія. У спісе ёсць чатыры варыянты халодных супоў з бураком (літоўскі, латвійскі, польскі і беларускі).

Першае месца ў літоўскага Šaltibarščiai (даслоўна: халодны боршч), які набраў 4,3 бала з 5. Адзначаецца, што суп рыхтуецца з простых інгрэдыентаў, яго прыгатаванне не патрабуе шмат часу.

На другім месцы іспанская Porra Antequeranna (4,3 бала, ваколіцы андалусійскай Малагі), якая нагадвае гаспача і сальмарэху. Робіцца з таматаў, салодкага перцу, часныку, аліўкавага алею і хлеба.

На трэцім месцы ўласна Salmorejo (4,1 бала, Кордава, Іспанія), аднак ён лічыцца самым папулярным. Гэты суп больш густы і крэмападобны, чым гаспача. Дадаюць мясную нарэзку і яйкі.

На чацвертым месцы балгарскі Таратор (4,1 бала): Халодны суп з несалодкім тлустым ёгуртам, агуркамі, часныком, крапівой і арэхамі.

На пятым месцы французскі Vishyssoise (4,1) — крэмавы халодны суп з парэю, бульбы, булёна і вяршкоў.

Tasteatlas.com

Латвійская версія халадніка (Aukstā zupa) на восьмым месцы. У адрозненне ад літоўскага і беларускага туды дадаюць каўбасу.

Іспанска-андалусійскае гаспача на 10-м месцы з 3,7 бала.

Беларускі халаднік на 13-м месцы

«Халаднік — халодны суп з буракоў, які быў асноўнай стравай беларускай кухні з канца XVIII стагоддзя. Яго гатуюць з вараных буракоў, змяшаных з кефірам, агуркамі, зялёнай цыбуляй і кропам. Суп традыцыйна падаецца з лыжкай смятаны..», — гаворыцца ў анатацыі на сайце. Таксама ў Беларусі часам халаднік гатуецца на вадзе.

Адметна, што наш халаднік абышоў расійскую акрошку, у якой 14-е месца і 3,6 бала.

Чытайце таксама:

Самыя агідныя стравы ў свеце: што трапіла ў рэйтынг і ці ёсць там беларускае

Беларускія велікодныя традыцыі ў пытаннях і адказах

Шэф-кухар мінскай гімназіі назваў пяць любімых страў школьнікаў

Nashaniva.com