Стаў вядомы прысуд у Расіі за БЧБ-аватарку

Дзмітрыя Махава затрымалі за аватарку ва «Укантакце» з БЧБ-сцягам. На судзе нацыянальны беларускі сцяг ідэнтыфікавалі як сцяг Палка Каліноўскага і звязалі з Легіёнам «Свабода Расіі», піша SOTA.

03.04.2024 / 14:01

Паводле матэрыялаў справы, якія зачытала суддзя, Махаў «11 жніўня публічна ў адкрытым доступе размясціў інфармацыйны матэрыял у выглядзе малюнка бел-чырвона-белага сцяга, які зʼяўляецца сімволікай узброенага фармавання Полк імя Кастуся Каліноўскага, які зʼяўляецца адгалінаваннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь украінскага вайсковага фармавання Легіён «Свабода Расіі», унесенага ў спіс тэрарыстычных арганізацый», — зачытала суддзя. 

Мужчына патлумачыў, што аватарку ён выклаў у 2020 годзе. «А арганізацыя была прызнаная экстрэмісцкай у 2023. Як я павінен быў гэта прадбачыць?» — абураецца ён.

Махава аштрафавалі на 2 тысячы расійскіх рублёў (каля 70 беларускіх рублёў) па артыкуле аб «дэманстрацыі экстрэмісцкай сімволікі».

Мужчыну затрымалі ля падʼезда яго дома 2 красавіка, калі ён гуляў з сабакам.

Раней не было вядома пра справы ў Расіі за нацыянальную беларускую сімволіку. 

У лютым пасол Беларусі ў Маскве Дзмітрый Круты анансаваў стварэнне абʼяднанага рэестра тэрарыстаў і экстрэмістаў для Расіі і Беларусі. 

Чытайце таксама:

З сайта маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі знікла старонка палітолага Суздальцава. Імаверна, праз пераслед беларускімі ўладамі

«Не бачу сябе ў Беларусі. Ненармальна жыць у мінулым». Былы супрацоўнік Symbal.by агаломшыў прызнаннем

Што за новая журналістка СТБ скакала каля еўрапейскіх дыпламатаў? Гэта дачка каханкі Кірыла Казакова

Nashaniva.com