У Трампа назвалі фэйкам паведамленне аб ягоным «мірным плане» са здачай тэрыторый Украіны
Дарадца выбарчай кампаніі Дональда Трампа Джэйсан Мілер назваў фэйкавай навіной паведамленне выдання The Washington Post, у якім раскрываліся нібыта дэталі «мірнага плана» Трампа ў дачыненні да Украіны. Пра гэта Мілер расказаў у інтэрв'ю The New York Post, паведамляе «Еўрапейская праўда».
08.04.2024 / 17:31
Мілер настойвае на тым, што Трамп не спыніцца ні на адным мірным плане, пакуль не заступіць у пасаду і не зможа належным чынам узважыць усе варыянты.
«Гэта ўсё фэйкавыя навіны ад Washington Post. Яны проста прыдумляюць гэта», — сказаў дарадца кампаніі Трампа Мілер.
У той жа час ён падкрэсліў, што Трамп — «адзіны, хто гаворыць пра спыненне забойстваў». «Джо Байдэн гаворыць пра працяг забойстваў», — заявіў Мілер, відавочна, маючы на ўвазе пазіцыю Байдэна падтрымліваць Украіну зброяй.
Дональд Трамп — верагодны кандыдат у прэзідэнты ад рэспубліканцаў — часта выхваляўся тым, што мог бы дамовіцца аб мірным пагадненні паміж Расіяй і Украінай на працягу 24 гадзін, калі яго абяруць. Але ён неаднаразова адмаўляўся публічна ўдакладніць, як ён змог бы гэта зрабіць.
Чытайце таксама: