Згублены замак на Палессі, касцёлы ды савецкі тэатр. Што дзяржава возьме пад ахову сёлета
Больш за дзясятак аб'ектаў па ўсёй Беларусі рыхтуюцца атрымаць ахоўны статус.
19.04.2024 / 13:01
У 2024 годзе запланавана надаць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей дзясятку аб’ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны. Пра гэта распавёў супрацоўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Генадзь Ходар.
Аб’екты атрымаюць ахоўны статус, калі рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прымуць станоўчае рашэнне. Але паколькі прапановы падрыхтаваныя з ініцыятывы мясцовых уладаў, то вынік у прынцыпе прадказальны.
Руіны царквы ў Свержані Рагачоўскага раёна. Фота: Путешествия по Беларуси
У Гомельскай вобласці плануецца надаць ахоўны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці руінам царквы Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна. Сёння царква мае варты жалю стан, захаваліся толькі сцены і краты ў аконных праёмах. Звычайна мясцовыя ўлады не зацікаўленыя ў тым, каб браць на свой баланс такія занядбаныя аб’екты.
Фрагмент карты Вялікага Княства Літоўскага, на якой пазначаны Антонаў
Мур, які меркавана застаўся ад замка ў Антонаве. Фота: Прыпяцкая праўда
Таксама хочуць надаць ахоўны статус месцу былога замка Сапегаў у вёсцы Антонаў Нараўлянскага раёна. Пра гэты замак амаль нічога не вядома. Да гэтага часу не знойдзены дакументы, якія б пацвярджалі яго існаванне, няма вопісаў або інвентароў.
У 1595 годзе кароль Жыгімонт Ваза падарыў маёнтак канцлеру Льву Сапегу, які саступіў яго стрыечнаму брату Лукашу Сапегу. Маёнтак Антонаў прысутнічае на мапе Вялікага Княства Літоўскага 1613 года, дзе пазначаны як умацаванае паселішча. Мясцовыя выданні публікуюць таксама фрагменты мура, які быццам бы захаваўся ад замка.
Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Фота: Турыстычны партал пра Беларусь
У Гродзенскай вобласці вядзецца работа па наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці гістарычнай частцы Слоніма і будынку Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, які быў пабудаваны ў 1977—1984 гады на месцы кляштара бернардзінак. Будынак са скульптурай Пегаса над уваходам лічыцца вяршыняй савецкага мадэрнізму ў Гродне. Сёлета тэатру спаўняецца 40 гадоў. І гэта найменшы ўзрост для будынка, якому можа быць прысвоены ахоўны статус у Беларусі.
Гістарычны цэнтр Слоніма.
Што тычыцца Слоніма, то сёння ў Дзяржаўны спіс унесены цэлы россып каштоўных храмаў і камяніц, але большасць гістарычнага горада застаецца па-за аховай і імкліва псуецца няўдалымі еўрарамонтамі. Гэта другі гістарычны горад, цэнтр якога будзе ўзяты пад ахову на Гродзеншчыне. Летась такі статус атрымаў гістарычны цэнтр Навагрудка.
Таксама ў Дзяржаўны спіс дададуць традыцыю свята «Тры каралі на Гродзеншчыне».
Дом па вуліцы Сацыялістычнай у Бабруйску. Фота: Wikimedia Commons
У Магілёўскай вобласці новых пазіцый у Дзяржаўным спісе не плануюць, але пашыраць існуючы гістарычны цэнтр Бабруйска. Нягледзячы на багатую і выдатна захаваную архітэктурную спадчыну ў Бабруйску, ягоны гістарычны цэнтр быў узяты пад ахову толькі ў 2022 годзе. Тады ў гэтую пазіцыю былі аб’яднаныя 58 гістарычных будынкаў, сёлета плануюць дадаць яшчэ 15. Гэта дамы па вуліцах Сацыялістычнай, 46/1, 52, 52/1, Савецкай, 52/1, 53, 55, 58, Карла Маркса, 63, 65, 70, 72, 76, Камсамольскай, 39, Дзяржынскага, 51, 51А.
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Параф’янаве Докшыцкага раёна. Фота: Гугл Карты
У Віцебскай вобласці ахоўны статус мае атрымаць касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Параф’янаве Докшыцкага раёна. Храм быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ў стылі неабарока па праекце віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. Летась помнікам архітэктуры быў прызнаны іншы ягоны праект — касцёл святога апостала Андрэя ў Лынтупах.
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Браславе. Фота: Гугл Карты
Таксама ў Дзяржаўны спіс плануюць дадаць неараманскі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які быў пабудаваны ў 1824 годзе каля Замкавай гары.
З нематэрыяльнай спадчыны пад ахову возьмуць абрад «Мыццё барод», гарадоцкую вышыўку і танцавальную спадчыну Талачынскага раёна.
Рамонт дома па праспекце Незалежнасці, 27А у 2023 годзе. Фота: photobuildings.com
У Мінску будуць разглядаць толькі адну прапанову — надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці будынку па праспекце Незалежнасці, 27А.
Гэты дом, размешчаны ў глыбіні квартала, адзіны захаваны будынак на былой Юр'еўскай вуліцы, якая цягнулася да вайны ад сённяшніх Леніна да Янкі Купалы, і пралягала прыкладна па лініі фасада Палаца Рэспублікі. Першапачаткова гэта былі два розныя дамы на розных участках: трохпавярховы цагляны дом Вендорфа і аднапавярховы цагляны дом Кратоўскага. У 1910-я над домам Кратоўскага з’явіўся драўляны паверх, які пасля вайны разабралі, дабудаваўшы два паверхі з цэглы.
У Брэсцкай і Мінскай абласцях дадаваць нешта ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей не плануюць. Сёння ў спісе 5685 аб’ектаў, да якіх сёлета мусіць дадацца не менш за 15 новых.
На старых могілках у Гродне паваліўся 222-гадовы помнік. І не факт, што будуць падымаць
Часова закрываюць Сафійскі сабор у Полацку
У Беразіне адродзяць закінуты палац Патоцкіх, які ніяк не маглі прадаць
У Віцебскай вобласці за адну базавую прадаюць сядзібу, звязаную з беларускім рухам