Гісторыя

На старых могілках у Гродне паваліўся 222-гадовы помнік. І не факт, што будуць падымаць

На гродзенскіх фарных могілках упала адно з найстарэйшых надмагілляў, пастаўленае ажно ў 1802 годзе. Пра гэта паведаміў падпісчык тэлеграм-канала Urban Hrodna. Прытым выглядае, што помнік можа так і прапасці, бо ніякай гістарычна-культурнай спадчынай ён не лічыцца, а таму і абавязкаў яго падымаць ніхто не мае. Urban Hrodna дае кароткі агляд цяперашніх спраў у гэтай галіне і разважае, што з гэтым усім рабіць.

Надмагільны помнік больш чым 200-гадовай даўніны, які не вытрымаў выпрабавання часам. Фота: t.me/urbanhrodna

Гродзенскія фарныя могілкі — найстарэйшы камунальны некропаль Беларусі. Яны былі заснаваныя ў 1792 годзе, калі для паляпшэння санітарнай сітуацыі ў буйных гарадах Рэчы Паспалітай вырашылі ствараць камунальныя могілкі за іх межамі. 

Але гродзенскія каталіцкія могілкі, як і праваслаўныя пачатку ХІХ стагоддзя побач з імі, не з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю (ГКК) і не ахоўваюцца дзяржавай.

Комплексна статус ГКК у Гродне маюць толькі Вайсковыя могілкі (1888—1973 гады) на Белуша і Вайсковыя могілкі (1939—1945 гады) на вуліцы Перамогі, а таксама Татарскія могілкі перыяду Сярэднявечча ў Каробчыцах пад Гроднам.

Што тычыцца старых каталіцкіх і праваслаўных могілак, то на іх уключаныя ў спіс ГКК толькі асобныя надмагіллі:

  • магіла Канстанціна і Аляксандры Кемарскіх (пачатак ХХ стагоддзя),
  • магіла Івана і Любові Мураўёвых (пачатак ХХ стагоддзя),
  • магіла Марыі Багдановіч, маці Максіма Багдановіча (пачатак ХХ стагоддзя),
  • магіла Пятра Волкава (канец ХІХ стагоддзя),
  • магіла Івана і Кацярыны Шумавых, Івана Верчыка (канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя),
  • магіла Аляксандра Шырмы (пачатак ХХ стагоддзя),
  • магіла Марыі Жукоўскай (пачатак ХХ стагоддзя),
  • магіла Элізы Ажэшкі і Станіслава Нагорскага (пачатак ХХ стагоддзя),
  • магіла Тэклі Галэмбёўскай і Людвікі Жыгань (каля 1859 года),
  • магіла Міхала і Феліцыі Кандратовічаў (1870-я гады),
  • магiла генерал-маёра Ланскога С.М. (1815 год),
  • тры брацкія магiлы (1944 год).

Помнікі са спісу мусяць ахоўвацца. А вось калі ўпаў помнік са старой магілы, не ўнесенай у спіс ГКК, то ніхто нічога не робіць. Паваленых надмагілляў шмат.

Надпіс на помніку 1802 года, які нядаўна ўпаў. Фота: t.me/urbanhrodna

Таксама даўняя гісторыя — раскраданне надмагілляў і агароджаў на здачу металу. Агулам на могілках на вуліцы Антонава каля 8000 пахаванняў, прыкладна тысяча — асабліва каштоўныя.

Сітуацыя можа быць і іншай, але не менш шкоднай для гістарычнай спадчыны. У 2018 годзе на мінскіх Вайсковых могілках, дзе багата гістарычных пахаванняў і пахаванняў вядомых асобаў, старыя надмагіллі, за якімі доўгі час не даглядаюць сваякі, сталі замяняць тыпавымі надгалоўнікамі. Не ўратаваў нават статус ГКК для ўсіх могілак.

Гродзенскія каталіцкія фарныя могілкі закрытыя. З 1973 года там не робяць новых пахаванняў. Выключэнні — падхоўванні блізкіх сваякоў да кагосьці ўжо пахаванага там, калі з часу пахавання прайшло 20 гадоў.

За парадак на месцах агульнага карыстання на могілках адказвае гарадская Спецаўтагаспадарка (САГ): гэта прылеглая тэрыторыя, перыметр, кантэйнерныя пляцоўкі. Паводле карты санітарнай адказнасці Гродна за могілкі не адказвае ніхто. За тэрыторыяй вакол капліцы на каталіцкіх і царквы на праваслаўных мусяць сачыць адпаведныя рэлігійныя ўстановы. 

«[Цяперашняя сітуацыя з гродзенскімі фарнымі могілкамі] гэта як бульдозерам па іх прайсці, але павольна», — лічыць стваральнік сайта з каталогам гістарычных могілак Беларусі graves.by Андрэй Бурдзянкоў.

Калі ён расчышчаў і каталагізаваў старыя надмагіллі ў Гродне ў 2018-2019 гадах, дапамагаць яму прыйшоў адзін гісторык, і ўсё. 

У Беларусі магілы лічацца прыватнай уласнасцю, сачыць за якой мусяць сваякі пахаванага. Тым не менш, у спісе ГКК Беларусі ёсць і комплексы пахаванняў. Гэта: 

  • каменны могільнік (XIV—XVII стагоддзі) у вёсцы Корыца Дзятлаўскага раёна, 
  • каменныя могілкі (XVI—XVIII стагоддзі) у вёсцы Пустаборы Зэльвенскага раёна, 
  • старыя могілкі ў Навагрудку (ХIХ—ХХ стагоддзі), 
  • каталіцкія могілкі ў Магілёве (пачатак ХIХ — сярэдзіна ХХ стагоддзя),
  • Трышынскія могілкі ХІХ стагоддзя (у межах агароджы) у Брэсце, 
  • Усходнія (1970-я гады) і Вайсковыя (1840—1950 гады) могілкі ў Мінску,
  • партызанскія, брацкія і вайсковыя могілкі з часоў Першай і Другой сусветных войнаў у розных рэгіёнах.

Складанасць з пахаваннямі ў тым, што нашчадкі могуць быць і ў Сібіры, і за акіянам.

«Калі мы лічым гэта спадчынай, то замацоўваем і валанцёрым», — прапанаваў бачанне Андрэй Бурдзянкоў. Таксама магла б быць адмысловая фірма, якая гэтым займаецца, або арганізацыя пры музеі гісторыі менавіта для абнаўлення і рэстаўрацыі гэтых агароджаў і надмагілляў з адпаведных матэрыялаў і адпаведнымі спосабамі. Але гэта запатрабуе вялікіх фінансавых укладанняў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Рубіа: Без дапамогі ЗША Украіны не было б5

Стаць акадэмікам можна будзе толькі з дазволу Рады бяспекі21

Трагедыя на Лагойскім тракце: з акна шматпавярховіка выпаў чалавек у балаклаве і павіс на тросе3

«Абарот — каля $100 мільёнаў». Алесь Мухін расказаў пра бізнэс і заробкі на «Што? Дзе? Калі?»3

Выбухоўку для расійскіх дыверсій у Еўропе перавозілі агенты-беларусы — WSJ з крыніц у спецслужбах11

Кушнер агучыў патрабаванне Трампа да Кіева спыніць удары па расійскіх НПЗ6

Андрэй Пачобут стаў «Асобай года» ў Польшчы2

Былы дырэктар «Сілічаў» жыве ў Крыме і судзіцца з суседкай, якая казала, што ён датычны да смерці чалавека1

«Бітлз-лэнд». У Ліверпулі адкрыецца велізарны музей «Бітлз», праект блаславілі Пол Макартні і Рынга Стар1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію76

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць