Паплечніка Карач, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР Петрушэнку будуць судзіць за «экстрэмізм»
Талачынскі РАУС завёў адміністрацыйную справу на сталініста з гарадскога пасёлка Коханава Талачынскага раёна, адстаўнога палкоўніка Мікалая Петрушэнку. Пра гэта паведаміла прарасійская актывістка з Віцебска Эльвіра Мірсалімава, якая раней таксама, нягледзячы на свае зусім не дэмакратычныя і не нацыянальныя погляды, трапіла ў тыя ж жорны.
23.04.2024 / 21:41
Мікалай Петрушэнка
Паводле апальнай сталіністкі, Мікалай Петрушэнка ў асабістай размове з ёй паведаміў, што адміністрацыйную справу супраць яго пачалі, расследавалі і перадалі ў суд Талачынскага раёна. Разгляд яе прызначаны на 25 красавіка ў 10.00.
Петрушэнка, калі верыць Мірсалімавай, напоўнены аптымізмам: маўляў, «справа ў судзе рассыплецца як мінімум па факце недаказанасці або спыненая за адсутнасцю правапарушэння».
Што менавіта яму закідаюць, пакуль невядома.
Мікалай Петрушэнка — асоба вядомая, і не толькі ў Беларусі. На ўвесь Савецкі Саюз ён праславіўся ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі гэты ўраджэнец Рэчыцкага раёна быў народным дэпутатам СССР, прытым вельмі публічна актыўным. Праўда, выбіраўся ён не ад Беларусі, а ад Казахскай ССР, бо ў той час служыў там у савецкім войску, даслужыўшыся да звання палкоўніка.
Петрушэнка быў у той час адным з твараў антыперабудовачных сілаў, прадстаўнікі якіх з трыбуны З'езда народных дэпутатаў рэзка крытыкавалі тагачаснага кіраўніка савецкай дзяржавы Міхаіла Гарбачова і яго атачэнне з кансерватыўных пазіцый, выступалі супраць нават тых вельмі непаслядоўных і палавінчатых рэформаў, якія Гарбачоў спрабаваў праводзіць. Частыя і палымяныя выступленні дэпутата ў вайсковай форме ад Казахстана, прамаўляныя з моцным беларускім акцэнтам, сталі адным са знакаў таго часу.
Пасля фіяска палітычных сілаў, якія горача падтрымліваў Петрушэнка, што мела вынікам распад Савецкага Саюза, савецкі палкоўнік не застаўся ладзіць новае жыццё ў казахстанскіх стэпах і не атабарыўся на расійскіх прасторах. Пасля звальнення з войска ён вярнуўся на радзіму ў Беларусь. Пасяліўшыся ў Коханаве пад Талачыном, адстаўны палкоўнік заняўся фермерствам, але не пакідаў і грамадска-палітычных спраў.
На дзіва, доўгі час Петрушэнка, пры ўсёй адыёзнасці сваіх поглядаў, не знаходзіў агульнай мовы з рэжымам Лукашэнкі і шмат гадоў з'яўляўся сябрам апазіцыйнай камуністычнай партыі на чале з Сяргеем Калякіным (пасля партыя «Справядлівы свет»). Таксама ён супрацоўнічаў з арганізацыяй «Наш дом», заснаванай Вольгай Карач. Актыўна публікаваўся ў мясцовай прэсе, канфліктаваў з мясцовымі ўладамі, часам нават прыцягваўся да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці. Але ў сацсетках і іншых публічных выступленнях працягваў бараніць не толькі камуністычную ідэалогію, але і практыку савецкіх уладаў, у тым ліку здзейсненае імі ў часы сталінізму.
Зрэшты, падзеі 2020 года, здавалася б, канчаткова прымірылі Петрушэнку і з беларускім рэжымам. Тады ягонае прозвішча знайшлося ў злітых базах тых, хто даносіў сілавікам на мірных пратэстоўцаў. Але, як выглядае, залічваць гэта яму не спяшаюцца.
Прарасійская актывістка Мірсалімава атрымала гіганцкі штраф — за «адзіночны пікет з БЧБ»
«Называлі палітычнай прастытуткай». Сталіністка Мірсалімава расказала пра два дні за кратамі
Хто такая Эльвіра Мірсалімава, якую ўжо нават лукашэнкаўцы вінавацяць у беларусафобстве