Рамашэўская-Гузы просіць дапамагчы ёй грашыма на адвакатаў — падпісчыкі абурыліся
У сакавіку Агнешку Рамашэўскую-Гузы звольнілі з пасады дырэктаркі «Белсата». Яна адразу дала зразумець, што пасля 17 год кіравання каналам проста так адтуль не сыдзе і вырашыла падаваць у суд на тэлекампанію, структурнай адзінкай якога з'яўляецца беларускі канал. Цяпер экс-дырэктарка збірае грошы на адвакатаў.
25.04.2024 / 00:27
«У сувязі з маёй судовай справай супраць TVP я вельмі прашу падтрымкі і салідарнасці. Юрыдычныя паслугі для звычайнага чалавека ў Польшчы жудасна дарагія, і справа нават не ў тым, што я не магу іх сабе дазволіць, проста ўсё гэта вельмі несумленна… 1900 чалавек падзяліліся допісам на збор у сацыяльных сетках. Калі б кожны ахвяраваў хаця б 10 злотых (прыблізна $2,5 — «НН»), уся сума была б ужо сабраная», — просіць экс-дырэктарка «Белсата».
Скрыншот з твітара Рамашэўскай-Гузы
На гэты момант на сервісе Zrzutka.pl на збор спадарыні Агнешкі пад назвай «На судовую справу супраць TVP» сабралі крыху больш за 14 тысяч злотых з патрэбных ёй 19 тысяч. Запытаная сума — трохі менш за $5 тысяч.
Агнешка Рамашэўская-Гузы абяцае: калі грошай перавядуць больш, чым ёй будзе патрэбна, яна перадасць іх у фонд салідарнасці, які дапамагае сем'ям рэпрэсаваных калег і на падтрымку тых праектаў «Белсата», на якія сёння бракуе сродкаў.
Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота: Белсат
У каментах падпісчыкі рэзка раскрытыкавалі ініцыятыву былой дырэктаркі «Белсата»: «Вы — нахабніца. За сваю працу ў TVP вы атрымлівалі добрыя грошы ад польскіх падаткаплатнікаў. Няўжо, зарабляючы 22 000 злотых у месяц (плюс бонусы), вы цяпер павінны арганізоўваць збор?»; «Калі ласка, выдаліце гэта паведамленне. Ёсць людзі, якім сапраўды патрэбная дапамога» — гэта толькі частка каментароў пад яе пастом у твітары.
Пазітыўных каментароў на гэты момант няма.
Нагадаем, Агнешку Рамашэўскую-Гузы звольнілі з пасады дырэктаркі «Белсата» 12 сакавіка. Пры гэтым ёй нібыта спярша прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні і «з залатым парашутам», але жанчына на гэта не пагадзілася. Новым кіраўніком «Белсата» стаў Аляксей Дзікавіцкі.
Чытайце таксама:
Дзікавіцкі: Па-людску разумею рыторыку Рамашэўскай. Але я б сышоў спакайней