Як кароль Стэфан Баторый бараніў праваслаўных ад новага календара
Архіўны дакумент, выяўлены даследчыкамі, пралівае святло на складаны працэс пераходу з юліянскага календара на грыгарыянскі, які на Беларусі нярэдка канчаўся бойкамі паміж вернікамі розных канфесій.
13.05.2024 / 10:11
Партрэт караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, каля 1583 года. Музей гісторыі мастацтваў у Вене. Фота: Wikimedia Commons
Гісторык і архівіст Дзяніс Лісейчыкаў апублікаваў на ўласнай фэйсбук-старонцы ліст караля Стэфана Баторыя, накіраваны 21 студзеня 1584 года да гарадскіх уладаў Вільні. У ім ён забараняў гвалтам навязваць праваслаўным вернікам новы грыгарыянскі каляндар, калі на тое не было дазволу праваслаўнага іерарха.
«воитом, бурмистром, радцам в месте нашом Виленском будучым, иж есмо календар новоправленыи в панствах нашых приняти казали <…> кгды ж люди греческого закону до тое реформацыи календара нового без призволенья старшого патрияръхи своего кгвалтом примушани быти не мают, для чого хочемъ мети и приказуем вам абы есте им свят их обходити и святити не забороняли <…> Писанъ у Городне лета от нароженя Сына Божьего 1584 месяца генвара 21 дня».
Гэты дакумент засведчыў складанасць пераходу шматканфесійнай дзяржавы на новы каляндар, спрэчкі вакол якога перарасталі ў адкрытыя сутыкненні, а манарху даводзілася іх гасіць і залагоджваць бакі.
Як да гэта дайшло?
Новы «каталіцкі» каляндар
Падставай для прыняцця новага календара стаў паступовы зрух адносна юліянскага календара дня вясенняга раўнадзенства, які выкарыстоўваўся для ўстанаўлення даты святкавання Вялікадня. Няправільны разлік Вялікадня прыводзіў да невыканання Вялікага посту, што лічылася цяжкім грахом, — гэта падштурхнула Каталіцкую царкву да правядзення рэформы.
Пра неабходнасць дапрацоўкі юліянскага календара пачалі гаварыць ужо ў XIV стагоддзі. Але паколькі ён быў асвечаны рэлігійнай традыцыяй, то на змены ў ім на працягу некалькіх стагоддзяў не адважваліся.
Папа Грыгорый XIII склікае камісію для рэфармавання календара. Сцыпіён Турамінус. Фота: Wikimedia Commons
Толькі ў часы агульнага рэфармавання Каталіцкай царквы прыйшоў час і на змену календара. На пачатку 1570-х па ініцыятыве папы Грыгорыя XIII пачала працаваць каляндарная камісія. Першынство ў ёй належала астраному і матэматыку Хрыстафору Клавіюсу.
Новы каляндар быў уведзены папскай булай «Inter gravissimas» ад 21 лютага 1582 года. Згодна з ёй, адлік па грыгарыянскім календары павінен быў пачынацца ў каталіцкіх краінах у кастрычніку гэтага года. Пасля 4 кастрычніка наступала адразу 15 кастрычніка — выключаліся дні, якія назапасіліся з-за недасканаласці высакоснай сістэмы.
За працай над новым календаром зацікаўлена сачыў кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый. У гэты час ён праз свайго брата вёў ажыўленыя перамовы з ордэнам езуітаў і з папам аб адкрыцці езуіцкіх школ і калегіумаў на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
Сцэна ўвядзення новага календара на магіле Папы Грыгорыя XIII у саборы Святога Пятра ў Рыме. Фота: Wikimedia Commons
Рэч Паспалітая была, разам з Папскай вобласцю і Іспаніяй, сярод першых еўрапейскіх дзяржаў, якія прынялі новы каляндар. Для пратэстанцкіх і праваслаўных еўрапейскіх краін, на якіх папскія булы не мелі ніякай сілы, пераход на грыгарыянскі каляндар расцягнуўся на стагоддзі.
У Рэчы Паспалітай спецыяльнага загаду ці соймавай пастановы адносна пераходу на грыгарыянскі каляндар, хутчэй за ўсё, не было. З кастрычніка 1582 года на грыгарыянскі каляндар цягам пары тыдняў перайшлі сойм, канцылярыі Кароны Польскай і ВКЛ, цягам наступнага года — усе іншыя дзяржаўныя ўраднікі і гарадское самакіраванне.
Праваслаўныя і пратэстанты супраць
Распаўсюджанне новага календара ў шматканфесійнай Рэчы Паспалітай не было лёгкім. Найбольш выразна гэта праяўлялася ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе большую частку насельніцтва тады складалі праваслаўныя, а таксама моцныя пазіцыі мелі пратэстанты.
Праваслаўныя патрыярхі, да якіх звярнуліся вернікі з Рэчы Паспалітай, адмовіліся ад выкарыстання новага календара, палічыўшы яго ерассю, якая парушае каноны хрысціянскай царквы.
На такіх пазіцыях стаялі і пратэстанцкія святары. Але ў большасці дыстрыктаў (епархій) кальвіністы даволі хутка перайшлі на грыгарыянскі каляндар.
Найдаўжэй старога календара трымаліся кальвіністы Рускага дыстрыкта (пасля Беларускага), які аб'ядноўваў абшчыны Менска, Койданава, Полацка, Мсціслава, Оршы і іншых гарадоў. Сінод дазваляў некаторым зборам гэтага дыстрыкта святкаваць па абодвух календарах.
Каляндарнае пытанне такім чынам станавілася прычынай канфліктаў. Каталікі, найперш шляхта, настойваючы на тым, што новы каляндар з’яўляецца агульным для ўсіх жыхароў краіны, спрабавалі гвалтам прымусіць праваслаўных і пратэстантаў змяніць парадак літургій і даты святочных набажэнстваў.
Ліст караля Стэфана Баторыя да гарадскіх уладаў Вільні, напісаны 21 студзеня 1584 года. Фота: фэйсбук Дзяніса Лісейчыкава
Праваслаўныя і пратэстанты ў адказ пачалі са зброяй бараніць свае цэрквы і зборы. У Львове, Полацку, Вільні, Рызе каляндарная праблема вылілася ў асабліва зацятыя бойкі паміж жыхарамі.
Улады мусілі пайсці на саступкі. Цягам 1584—1586 гадоў Стэфан Баторый надаў права праваслаўным і надалей карыстацца юліянскім календаром.
Менавіта каб залагодзіць незадаволенасць праваслаўных, якія не прымалі новы каляндар, кароль Стэфан Баторый са сваёй рэзідэнцыі ў Горадні напісаў ліст да гарадскіх уладаў Вільні.
Тое, што праваслаўным у Рэчы Паспалітай удалося адстаяць стары каляндар, не ў малой ступені заслуга мітрапаліта Анісіфара (Дзевачкі). Праўда, Анісіфар сёння больш вядомы тым, што ўжо праз некалькі гадоў трапіў у беспрэцэдэнтную гісторыю: у час наведвання Вільні ў 1589 годзе канстанцінопальскі патрыярх Ерамія II склікаў сабор, на якім адбылося звяржэнне мітрапаліта.
Вільня канца XVI стагоддзя — месца асабліва зацятых боек паміж жыхарамі за розныя календары. 1581. План горада з атласа Гогенберга і Браўна. Фота: Wikimedia Commons
Пасля Берасцейскай уніі 1596 года юліянскі каляндар стаў таксама літургічным календаром уніятаў.
Выкарыстанне адначасова двух хрысціянскіх календароў стварыла на нашых землях вельмі спецыфічную карціну штодзённага жыцця. Праваслаўныя, пратэстанты і ўніяты жылі па двух календарах, пішучы ў дакументах грыгарыянскую дату, але молячыся паводле юліянскага календара.
Ізноў па-старому
Вяртанне да старога календара адбылося ў Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Па меры таго як беларускія землі адыходзілі да Расійскай імперыі, на іх у якасці календара справаводства і свецкага жыцця, а не толькі літургіі, усталёўваўся юліянскі каляндар.
Гэты працэс завяршыўся ў 1799 годзе, калі спецыяльным указам Паўла І юліянскі каляндар прадпісвалася ўжываць з 1 студзеня 1800 года ў якасці дзяржаўнага на землях былой Рэчы Паспалітай.
Грыгарыянскі каляндар раз-пораз яшчэ вяртаўся на Беларусь у XIX стагоддзі — разам з войскам Напалеона і ў часы паўстанняў 1830-1831 і 1863—1864 гадоў.
Неабходнасць каляндарнай рэформы пачала абмяркоўвацца і ў самой Расійскай імперыі ў другой палове XIX стагоддзя. Але супраць такой рэформы рашуча выступала Праваслаўная царква, чыё меркаванне пераважыла аргументы навукоўцаў.
Чарговы раз грыгарыянскі каляндар у заходнюю частку Беларусі прынеслі кайзераўскія войскі ў час Першай сусветнай вайны. Але ўсходняя, неакупаваная, працягвала карыстацца юліянскім календаром аж да рэвалюцыі.
Петраградская газета «Известия», якая выйшла 14 лютага па новым стылі.
Бальшавікі правялі каляндарную рэформу адной з першых, скарыстаўшыся напрацоўкамі камісій, якія дзейнічалі яшчэ ў царскі час. Дэкрэтам ад 26 студзеня 1918 года абвяшчалася, што з 1 лютага пачынае дзейнічаць еўрапейскі (грыгарыянскі) каляндар. Пасля 31 студзеня адразу ішло не 1 лютага, а 14 лютага. Больш спробаў вярнуцца да юліянскага календара на афіцыйным узроўні ніколі не рабілася.
Каляндарныя спрэчкі ў праваслаўі сёння
Руская праваслаўная царква, аднак, на грыгарыянскі каляндар так і не перайшла, і аказалася ў меншасці сярод праваслаўных цэркваў.
Каб выправіць хібы старога юліянскага календара, праз якія ён адрозніваецца ад грыгарыянскага календара (якім мы карыстаемся цяпер у паўсядзённым жыцці) на 13 дзён, што робіць яго астранамічна няправільным, сербскім астраномам, прафесарам матэматыкі і нябеснай механікі Бялградскага ўніверсітэта Мілуцінам Міланкавічам быў распрацаваны новаюліянскі каляндар.
Новаюліянскі каляндар быў прыняты ў маі 1923 года ў Канстанцінопалі на саборы ўсходніх праваслаўных цэркваў менавіта для таго, каб не прымаць «каталіцкі» грыгарыянскі каляндар.
Кафедральны сабор Праваслаўнай царквы Украіны — Міхайлаўскі Залатаверхі сабор у Кіеве. Фота: Wikimedia Commons
Канстанцінопальская, Кіпрская, Эладская, Польская, Румынская, Александрыйская, Антыяхійская праваслаўныя цэрквы прынялі новаюліянскі каляндар яшчэ ў 1920-я гады, Балгарская — у 1968 годзе. Пераход на гэты каляндар летась Праваслаўнай царквой Украіны выклікаў надзвычай бурлівую рэакцыю ў прыхільнікаў «рускага свету».
Цікава, што новаюліянскі каляндар ужо калісьці выкарыстоўваўся РПЦ у савецкія часы, праўда, усяго 24 дні. Ён быў уведзены патрыярхам Ціханам 15 кастрычніка 1923 года, але кансерватыўныя колы ў Царкве аспрэчылі новаўвядзенне, і ён быў вымушаны 8 лістапада «часова адкласці паўсюднае і абавязковае ўвядзенне ў царкоўны ўжытак новага стылю».
Праз памылкі ў юліянскім календары ён усё больш разыходзіцца з грыгарыянскім (і адпаведна новаюліянскім) — на 1 дзень за стагоддзе, калі папярэдняе стагоддзе не дзялілася на 4. Так, пачынаючы з 2101 года РПЦ давядзецца святкаваць Раство ўжо не 7-га, а 8-га студзеня.
Дзе знаходзілася першая друкарня на Беларусі?
Які беларускі горад першым займеў генплан?
Упершыню частка беларускіх праваслаўных будзе адзначаць Каляды 25 снежня па новым стылі