Кітай пабудаваў і хавае ў таямніцы першы ў свеце «дронаносец»

Спадарожнікавыя здымкі ўпершыню зафіксавалі спецыяльны кітайскі авіяносец выключна для дронаў, які ўлады Кітая некалькі гадоў афіцыйна хаваюць ад свету і трымаюць далёка ад асноўных кітайскіх портаў, паведамляе амерыканскае выданне Naval News. Аналітыкі паспрабавалі высветліць магчымыя характарыстыкі «дронаносца».

17.05.2024 / 19:57

Спадарожнікавы здымак ад 6 мая 2024 года, зроблены над адной з верфяў ракі Янцзы ў правінцыі Цзянсу побач з Нанкінам і Шанхаем. Пад літарай А пазначаны сакрэтны кітайскі «дронаносец». Крыніца: Naval News / SkyWatch, Airbus

У адной з верфяў ракі Янцзы правінцыі Цзянсу (побач з гарадамі Нанкін і Шанхай) спадарожнікамі быў зафіксаваны першы ў свеце «дронаносец» ВМФ Кітая — карабель авіяноснага тыпу, які прызначаны выключна для запуску баявых ці разведвальных дронаў розных памераў.

Паводле разведкі ЗША і выдання Naval News, карабель быў пабудаваны яшчэ ў 2022 годзе і з тых часоў яго існаванне Кітаем ніяк не прызнаецца.

«Дронаносец» з'яўляецца чацвертым па ліку авіяносцам Кітая і размешчаны ён «наўмысна далёка» ад асноўных суднабудаўнічых заводаў Шанхая. Апарат не падобны ні на які вядомы заходні карабель, адзначаюць аналітыкі.

Па габарытах ён меншы, чым звычайны авіяносец. Палётная палуба прыкладна на дзве траціны карацейшая і напалову вузейшая за самыя буйныя ўзоры авіяносных суднаў. Канструкцыя палётнай палубы не дазваляе адначасова запускаць і саджаць апараты, але падыходзіць для паступовага ўзлёту і пасадкі беспілотнікаў з нерухомым крылом і размахам крылаў да 20 метраў.

«Корпус «дронаносца» таксама незвычайны — гэта шырокі катамаран. Такая форма карабля з'яўлялася толькі канцэпцыяй, ніхто дагэтуль не адважваўся падобнае рэалізаваць. З-за нізкасці палётнай палубы ў апарата, хутчэй за ўсё, няма ангараў, альбо ў іх вельмі невысокія столі», — аналізуе старшы навуковы супрацоўнік Інстытута Мітчэла і былы афіцэр разведкі ВМС ЗША Дж. Майкл Дам.

Кітайскі «дронаносец». Крыніца: Naval News / SkyWatch, Airbus

Майкл Дам мяркуе, што такі апарат не прызначаны для працяглага вядзення бою і хутчэй з'яўляецца эксперыментальнай платформай для выпрабаванняў беспілотнікаў у моры, або ён будзе выконваць іншыя даследчыя місіі.

Нешта не сыходзіцца: Кітай можа хлусіць свету пра свой рэальны вайсковы бюджэт

«Турнэ паказала, што Еўропу ён не лічыць самастойным гульцом і не гатовы здаваць Пуціна». Як Сі Цзіньпін з'ездзіў у Еўропу

Кітайцу з амерыканскім пашпартам забаранілі ўезд у Беларусь. Магчыма, пасля праверкі тэлефона

Nashaniva.com