Больш за 30 тапельцаў ад пачатку года. Чаму ўкраінская памежная рака Ціса забірае жыцці?

Памежная рака стала месцам гібелі дзясяткаў украінцаў. Чаму яна такая небяспечная?

20.05.2024 / 18:15

Рака Ціса. Фота: dpsu.gov.ua

Толькі за адзін дзень, як паведамляюць украінскія памежнікі, рака Ціса, якая падзяляе Украіну і Румынію, вынесла целы шасці чалавек. А ўсяго з пачатку года рака забрала жыцці 32 чалавек.

У пераважнай большасці выпадкаў гэта ўкраінцы, якія імкнуцца нелегальна пакінуць краіну. Ціса ўжо атрымала назву «ракі смерці».

Ціса — гэта самая вялікая рака Закарпацця, якая мае даўжыню амаль тысячу кіламетраў (966 км). Шырыня ракі на ўчастках з суседнімі Румыніяй і Венгрыяй дасягае 80 метраў, а глыбіня — 2,5 метра.

Рака плыткая толькі з боку Украіны. З другога боку яна глыбокая. Да таго ж рака становіцца вельмі небяспечнай, калі мяняецца ўзровень вады. Так, вясною яна папаўняецца талымі водамі, якія ў яе трапляюць з гор.

Да таго ж, як тлумачыць  спікер Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны Андрэй Дземчанка, як і ўсе горныя рэкі, Ціса непрадказальная. У асобных месцах яна вызначаецца моцным цячэннем. На ёй сустракаюцца варонкі, якія зацягваюць людзей, ці намытыя равы, у якіх можа знаходзіцца розны друз, напрыклад, карэнні дрэваў ці бярвенні. Зачапіўшыся за іх, чалавек можа і не выкараскацца.

Фота: zahidnuy.kordon / Facebook

Як пішуць украінскія выданні, у памежных раёнах дзейнічаюць сапраўдныя злачынныя групоўкі. На іх працуюць мясцовыя жыхары, якія дапамагаюць ухілістам знайсці шлях да ракі праз некалькі ўзроўняў аховы. Яшчэ да вайны гэтыя сцежкі выкарыстоўвалі кантрабандысты.

Як сцвярджаецца, суправаджэнне да месца ля ракі каштуе ад 3 тысяч долараў. Чалавеку даводзяць, што рака неглыбокая і ўсё бяспечна.

Украінскія журналісты са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах пішуць, што ў маі, у сувязі з прыняццем новага закону аб мабілізацыі, спробы незаконна перасячы мяжу робяцца ўсё часцейшымі. Адпаведна вырасла і колькасць ахвяр. З пачатку месяца на рахунку ракі іх ўжо восем.

МЗС Украіны даручыла ўсім консульствам прыпыніць аказанне консульскіх паслуг для мужчын 18—60 гадоў

Пад Віцебскам хлопец хацеў папужаць сяброў, прыкінуўшыся, што топіцца. У выніку патануў сапраўды 

Nashaniva.com