Кныровіч як бізнэс-анёл уклаў у стартапы сотні тысяч даляраў. Не стрэліў ніводзін
У новым выпуску ТОКу бізнэсовец Аляксандр Кныровіч расказаў, ці змог зарабіць на падтрымцы стартапаў.
21.05.2024 / 15:01
Аляксандр Кныровіч. Скрын відэа TOK_talk / YouTube
Бізнэсмена Аляксандра Кныровіча за актыўную падтрымку стартапаў раней называлі «бізнэс-анёлам».
Ён згадвае:
«Пачатак стартап-руху быў прыкладна ў 2010-м годзе. І так здарылася, што я быў з ім побач. Напэўна, гэта было некалькі сотняў тысяч [даляраў]. І як звычайна ў бізнэсе, гэтыя грошы былі ці страчаны. Ці іх можна назваць платай за адукацыю сябе і тых маладых бізнэсоўцаў, якія атрымалі магчымасць за гэтыя грошы папрацаваць».
На ўдакладняючае пытанне, ці значаць такія словы тое, што ніводзін стартап не стрэліў, Кныровіч адказаў:
«Праўда ў тым, што так. Мы вучыліся. Былі і іншыя бізнэсоўцы, акрамя мяне. Яны страцілі больш. <…> Не ўсе стартапы страцілі ўсе грошы. Некаторыя працуюць і дагэтуль. Але гэта не адзін [прыбытковы] да дзесяці [стратных], як павінны зарабляць бізнес-анёлы на сваіх укладаннях».
Адказваючы на пытанне, якія стартапы ён адбіраў для сваіх інвестыцый, Кныровіч заўважыў:
«Я адбіраў не стартапы, а людзей. Прыходзяць людзі са стартапамі. Зразумела, што там малыя грошы, і гэта выглядае як самы пачатак бізнэсу. Ты разумееш, якія велізарныя рызыкі для таго, каб зрабіць з малога стартапа буйное прадпрыемства. Сем крокаў — і на кожным з іх магчыма страціць усе грошы.
Таму ты ўкладаеш не ў стартап, а ў чалавека, які прыйшоў з гэтым стартапам, каб паспрабаваць паглядзець, як ён будзе з гэтым змагацца, як ён будзе рухацца наперад. І ў гэтым сэнсе я бачу аддачу ад грошай».
Па словах Кныровіча, інвеставанне ў стартапы — асобны від бізнэсу. І на гэтым зарабілі тыя людзі, «якія зрабілі з гэтага прафесію і сталі прафесійнымі бізнес-анёламі».
Але пра страчаныя грошы Кныровіч не шкадуе: «Я дзякую Богу, што мы далі штуршок іншым суполкам бізнэс-анёлаў, якія дагэтуль існуюць. Я сам на гэтым нічога не зарабіў».
Глядзіце цалкам:
Кныровіч: Будучы прэзідэнт Беларусі знаходзіцца цяпер у Беларусі
Кныровіч: «Бабарыка – ідэаліст. Гэта не памылка, а хрысціянская ахвярнасць»