«Зачыніш дзверы і пацалуеш яе, бо ёсць такая магчымасць». Як жанчыны кахаюць жанчын у калоніі

«Наша Ніва» звязвалася з Дар'яй Афанасьевай, былой палітзняволенай і фем-актывісткай, дзеля гутаркі пра каханне паміж зняволенымі жанчынамі. Атрымалі шчыры расповед пра нашмат большае — тое, на што гатовы чалавек, калі яго пазбаўляюць любові і цяпла. І як за гэта караюць.

25.05.2024 / 07:00

Фота: imenamag.by

«Неабавязкова будуць пацалункі, нейкія эратычныя дотыкі ці сэкс, усё можа спыніцца на цёплых жэстах»

Больш за ўсё, кажа Дар’я, у калоніі пакутуюць палітзняволеныя жанчыны, якія ўсвядомілі сябе лесбіянкамі яшчэ на волі. І тут галоўная праблема — немагчымасць падтрымаць камунікацыю з партнёркай, бо ў калоніях палітвязні могуць ліставацца толькі з блізкімі сваякамі.

У Беларусі няма аднаполых шлюбаў, таму партнёрка ніяк не можа афіцыйна стаць блізкім сваяком. Тады застаецца адно:

«Можна прасіць маму ці тату перадаваць прывітанне ў лістах, але тут пытанне ў тваіх адносінах з імі і магчымасці ім давяраць. Тым больш што ты не будзеш праз іх перадаваць нешта зусім асабістае, не ўсе гатовыя адкрыцца пасярэдніку. Магчыма, да затрымання жанчына нікому не расказвала пра гэтую сувязь і сваю арыентацыю, але, каб падтрымліваць кантакт са сваёй парай, ёй даводзіцца сказаць бацькам — маўляў, мая сяброўка будзе праз вас мне пісаць і перадаваць прывітанне. 

Дар'я Афанасьева. Фота: крыніца суразмоўцы

У больш здаровай сітуацыі ты можаш прыйсці з ёй да бацькоў і сказаць: пазнаёмцеся, гэта мая дзяўчына, мы кахаем адна адну. А тут гэта адбываецца неяк жудасна: ты сядзіш, а яна не ведае, што ёй рабіць і куды звяртацца, казаць пра вас ці не казаць, ты не можаш гэта з ёй абмеркаваць і прыйсці да рашэння», — тлумачыць Дар’я.

Нават калі атрымалася перадаваць прывітанні праз родных, такая камунікацыя можа быць занадта доўгай — трэба дачакацца, каб ліст дайшоў, партнёрцы перадалі інфармацыю, тая дала адказ, а пасля дайшоў зваротны ліст.

Таксама для такіх жанчын існуе пытанне, ці расказваць у лістах пра сваю арыентацыю: на свабодзе пра гэта можна было казаць адносна адкрыта, а ў калоніі так не атрымаецца, бо такая інфармацыя можа стаць дадатковай нагодай для ціску.

Нярэдка здараецца, што ў калоніі жанчыны, якія раней лічылі сябе гетэрасэксуальнымі, пачынаюць цікавіцца іншымі жанчынамі. Дар’я тлумачыць гэта дзвюма прычынамі. Па-першае, на яе думку, у нашай культуры не даюць дзяўчатам выбару, якой можа быць іх арыентацыя, іх вучаць толькі адной магчымасці. А потым жанчына трапляе ў сітуацыю, калі мужчын вакол цябе амаль што няма, а калі яны ёсць, то непрыемныя — рэжымныя, аператыўныя супрацоўнікі. У жанчыны адбіраюць асноўны выбар, і яна пачынае прыглядацца да альтэрнатыўнага варыянту. А паколькі раней яна не ведала, што такое магчыма, тое, што з ёй адбываецца, пачынае яе пужаць.

Па-другое, кажа дзяўчына, зняволенай можа проста не хапаць цяпла і падтрымкі: 

«Не тое што там змяняецца арыентацыя… Хутчэй, гэта пра тое, што ты шукаеш кагосьці блізкага. Не абавязкова будуць пацалункі, нейкія эратычныя дотыкі ці сэкс, усё можа спыніцца на цёплых жэстах, якія ты вызначыш як нешта большае, бо табе гэтага вельмі не хапае. Калі ты там жывеш гадамі, табе хочацца, каб нехта цябе абняла, пачакала, зрабіла табе каву, спытала, як прайшоў твой дзень. Гэтага так не хапае, што ты за гэта чапляешся і часам, магчыма, табе хочацца чагосьці большага. А потым ты выходзіш на волю, у цябе зноў з’яўляецца выбар і ты забываеш тое, што было ў калоніі. Магчыма, нехта шукае і проста сэксуальнае задавальненне, але за кратамі гэта звязана з вялікім выкідам адрэналіну, бо шмат небяспекі.

Ведаю дзяўчыну, якая да зняволення не задумвалася ні пра што аднаполае, але за кратамі прыйшла да мяне пытацца: што ёй рабіць, калі яна мае такія адчуванні? Я ў яе спытала, навошта яна ставіць сабе рамкі. Там і так усё забаранялі, дык калі яна мае гэтае цудоўнае пачуццё, чаму б не паспрабаваць? І гэта аказалася ўзаемна».

У выніку, згадвае беларуска, жанчына выйшла на год раней за сваю абранніцу і дачакалася яе. За гэты год яна сустрэлася з яе роднымі, падтрымлівала іх і яе, перадавала паштоўкі праз маму. Калі адносіны пачынаюцца ў калоніі, жанчыны чакаюць сваіх партнёрак — суразмоўца не згадвае ні аднаго адваротнага выпадку.

Дар’я расказвае: тым, хто ніколі не сутыкаўся з лесбіянкамі, падавалася, што ў калоніі іх вельмі шмат.

Насамрэч гэта не так, проста ў калоніі высокая канцэнтрацыя жанчын, і ўсе ведаюць адна адну, быццам гэта адна вялікая вёска, немагчыма нешта схаваць. Больш за тое, усе пра гэта гутараць, бо ў калоніі нічога не адбываецца, а гэта нешта цікавае. Але былі такія жанчыны, як Дар’я, хто прымаў рашэнне не заводзіць у калоніі ніякіх адносінаў, бо гэта звязана «з разбітым сэрцайкам, рызыкай, вялікімі праблемамі і для мяне, і для жанчыны, з якой я магла б пачаць адносіны».

«Ты пацалуешся, а потым у цябе сэрца грукае яшчэ пару гадзін, і ты не можаш зразумець, чаму»

Як пачынаюцца адносіны ў калоніі? «Проста ты заўважаеш атмасферу ля яе, ловіш вайб і разумееш, што ў цябе з ёй агульныя інтарэсы ці табе цікавей слухаць яе, а не іншых. На шыхтаванні ты шукаеш яе вачыма. Калі яна ў іншым атрадзе, ты пастаянна яе выглядваеш. Табе хочацца рабіць ёй маленькія сюрпрызы і падаруначкі — у калоніі гэта забаронена, але ты гатовая рызыкнуць, каб яе парадаваць.

Фота: sputnik.by

Калі ты на бальнічным, а яна на працы, можна проста да яе прыходу зрабіць ёй каву ці гарачы бутэрброд і паклапаціцца пра яе. Там гэта шануецца больш, чым айфон у падарунак на волі. Прыходзіш з дзяжурства, а ў цябе кава гатовая і стаіць ёгурт з лыжачкай.

Ты разумееш, што яна рызыкавала і парушала правілы, бо нельга рабіць іншай асуджанай каву і дзяліцца, але яна зрабіла гэта дзеля цябе, і табе вельмі прыемна.

А далей вы прызнаецеся адна адной ці не, бо ты ўсё роўна адчуваеш, калі падабаешся чалавеку больш чым па-сяброўску», — разважае Дар’я.

Нічога большага ты там не зробіш, кажа суразмоўца, усё праяўляецца праз дробязі. Ёсць магчымасць заляцацца, напісаць дзяўчыне верш, вы можаце закрыцца ў пакоі для мыцця, дзе добрая акустыка, і яна табе там будзе спяваць песню. Дар'я называе невымоўнымі адчуванні, калі зняволеныя перад адбоем могуць разам стаяць і глядзець на неба ў вакенца, і дзяўчына раптам пачне чытаць партнёрцы верш.

Гэта яшчэ і магчымасць расфарбаваць жыццё, тлумачыць беларуска. На волі ў цябе шмат розных эмоцый, а за кратамі пастаянна дзень сурка. А тут ты пачынаеш чакаць сустрэчы, шукаеш чалавека позіркам, заўжды маеш, да каго падысці і пагутарыць, каго парэўнаваць. Тады час ідзе хутчэй і жыць больш цікава.

Магчымасці для сэксу? Канечне, яны ёсць, смяецца Дар’я: «Было б жаданне — можна знайсці варыянты і ў атрадзе, і на фабрыцы, проста шукаеш момант, калі нікога не будзе вакол. Калі гаворка пра сэкс, трэба, каб ніхто не праходзіў міма даволі шмат часу, або каб тыя, хто вакол, не зразумелі, што адбываецца. У гэтым плюс аднаполых адносінаў, бо тады можна не спаліцца, калі нехта ёсць каля вас.

А калі мы кажам пра пацалункі, дотыкі і абдымкі, з гэтым нашмат прасцей — для гэтага дастаткова і пары хвілін, і пары секундаў. Часам ты разумееш, што ў цябе ёсць 15 секунд, і ты зачыніш дзверы і пацалуеш яе, бо ёсць такая магчымасць. Галоўнае — рашыцца на гэта, бо калі вас зловяць, будзе вельмі дрэнна, так проста гэта не пакінуць. Ты пацалуешся, а потым у цябе сэрца грукае яшчэ пару гадзін, і ты не можаш зразумець, чаму: або пацалунак быў такі прыемны, або ты баялася, што вас спаляць». 

Апошняе здаралася пастаянна, кажа суразмоўца. У калоніі ёсць пары, пра якіх усе ведаюць, бо яны пастаянна бавяць час разам, проста не да ўсіх за гэта ёсць прэтэнзіі. Пытанне ў тым, тлумачыць Дар’я, ці добрыя ў цябе адносіны з адміністрацыяй і ці ты не перабіраеш: адна справа, калі вы гэта робіце ціхенька, а на вачах ва ўсіх проста гутарыце, і іншая, калі вы цалуецеся пры ўсіх, тады цябе перавядуць, будзе ціск і рапарты.

У швейным цэху калоніі. Фота: imenamag.by

«Хадзілі плёткі, што кантралёрка закахалася ў асуджаную і ў выніку звольнілася»

Супрацоўнікаў калоніі беларуска дзеліць на дзве катэгорыі — або яны ненавідзяць лесбіянак, або ім усё роўна, але на іх цісне кіраўніцтва. У правілах унутранага распарадку ёсць пункт 58.29, які забараняе «лесбіянства і распусныя дзеянні сэксуальнага характару». Але ж з лесбіянкамі звычайна разбіраюцца іншым чынам:

«Цябе спалілі за адносінамі — вас перавядуць у розныя атрады і на розныя змены, каб вы не маглі камунікаваць, не дадуць працаваць звышурочна. Тады вы зможаце бачыцца толькі ў нядзелю, а калі будынкі вашых атрадаў далёка адзін ад аднаго ці калі табе забароняць хадзіць у клуб, вы не пабачыцеся і ў нядзелю. Яны могуць зрабіць тваё знаходжанне ў калоніі яшчэ больш невыносным: пастаянна будуць чапляцца, маніпуляваць і выкарыстоўваць цябе, паспрабуюць вас рассварыць, пусцяць чуткі. Цябе перавядуць у атрад з дрэннай рэпутацыяй, і любая твая камунікацыя цяпер будзе пад дадатковым кантролем. 

Супрацоўнікі вельмі дрэнна рэагуюць нават на звычайную камунікацыю. Калі б мяне заўважылі ў стасунках з жанчынай, потым любую маю цёплую камунікацыю разумелі б як рамантычную. У калоніі нельга сябраваць, нельга цёпла камунікаваць — забіваюць усё чалавечае. За гэта цябе могуць выклікаць у кабінет, гутарыць з табой непрыемным чынам. Калі я казала, што на волі змагалася за правы жанчын, мяне адразу адпраўлялі «на востраў Лесбас», пачыналі наязджаць — маўляў, ты з гэтых?»

Чаму ў калоніі няма сяброўства? Дар’я кажа, што адміністрацыя стварае такія ўмовы, каб жанчыны не сябравалі, там трэба выжываць. Нехта мае дапамогу з волі, а нехта — не, і таму з дзяўчынай могуць пачаць сябраваць, бо ў яе добрая перадача, прасіць каву ці цукерку. Калі перадача сканчаецца, «сяброўка» пераходзіць да іншай, у якой ёсць такая ж перадача, а ты ж ёй ужо даверылася. Так здарыцца раз, два — а на трэці раз ты ўжо ім не паверыш.

Або жанчыны моцна сябруюць, а потым адну з іх выкліча аператыўнік і скажа: «Здавай, а то ў цябе не будзе спаткання з сям’ёй». Зразумела, што ты паставіш сям’ю на першае месца. А каго табе здаваць, як не сяброўку, пра якую ты ведаеш усё? Такіх гісторый вельмі шмат, але не сярод палітычных, запэўнівае суразмоўца.

Калі супрацоўнікі высветлілі арыентацыю жанчын, яны могуць «падкласці» адну пад другую — падгаварыць асуджаную, каб яна ўцерлася ў давер да іншай жанчыны, а потым падставіла яе ці справакавала канфлікт, каб у той жанчыны быў рапарт за парушэнне. Таму за кратамі пастаянна думаеш: чалавек насамрэч хоча з табой камунікаваць ці гэта нейкая падстава? Дар’я кажа, што шмат круціла ў галаве, ці не «спалілася» яна позіркам ці паводзінамі. 

У мужчынскіх калоніях існуе «нізкі статус», які звязаны з сэксуальнымі перавагамі чалавека. У жаночай калоніі такога няма: «Я гутарыла з дзяўчынай, якая сядзела недзе ў 2016 годзе, адкрытай лесбіянкай. Яна казала, што з-за гэтага пару разоў з ёй не хацелі сядзець за адным сталом, але цяпер такога няма. Часам праскоквалі словы накшталт «калупалкі», але ніякага ціску ад асуджаных не было».

На тэрыторыі калоніі. Фота: sputnik.by

Дар’я згадвае гісторыю, калі супрацоўніца калоніі закахалася ў зняволеную: «Не ведаю, наколькі гэта праўдзіва, але хадзілі плёткі, што кантралёрка закахалася ў асуджаную і ў выніку звольнілася. Я хачу ў гэта верыць, думаю, такое магчыма».

«Круціш у галаве, як там яна, і можаш надумаць усё што заўгодна»

Што адбываецца з адносінамі, калі ты фактычна губляеш партнёрку на некалькі гадоў? Пытанне ў тым, разважае суразмоўца, наколькі раней адносіны былі асэнсаваныя і наколькі партнёркі гатовыя іх захоўваць. Тваю палавінку пасадзілі, а ты, магчыма, маеш нявырашаныя пытанні з ёй, ці яна са свайго боку думае, што яе чакаюць неяк не так, і ты не маеш адваротнай сувязі. Яшчэ ўплывае, ці вымушаная дзяўчына з’ехаць з краіны, бо і яе могуць пераследаваць, і ад гэтага камунікацыя таксама пагаршаецца. Пытанне, ці гатовая яна прыняць, што партнёрку яшчэ прыйдзецца чакаць, магчыма, некалькі гадоў, ці трэба жыць далей.

Для чалавека за кратамі час застывае, застываюць і адносіны, якія былі да гэтага. А калі вязень ці зняволеная выходзіць на волю, вакол яе шмат адбываецца, і яе прыхільнасць да іншага чалавека эвалюцыянуе. На волі ёсць багата магчымасцяў і знаёмстваў, можна проста зайсці на сайт знаёмстваў ці пазнаёміцца з кімсьці на канцэрце, а ў партнёркі за кратамі такой магчымасці няма. Таму шмат хто са зняволеных мае параною і недавер да каханых на волі.

Пакуль ты за кратамі, ты ж не можаш выключыць сваіх прусакоў у галаве, кажа Дар’я: «Пачынаеш геройнічаць — маўляў, не чакай мяне, жыві сваім жыццём, або наадварот просіш цябе чакаць. Хочаш, каб табе перадалі шакаладку з салёнай карамеллю, а табе перадаюць белую порыстую, і ты такая: чаму ты яе купіла, хто ў цябе там такое любіць? 

Рэч і ў тым, ці былі вы да гэтага гатовыя. Не думаю, што ўсе, хто цяпер сядзяць за падзеі 2020-га, былі гатовыя да таго, што трапяць за краты і паедуць у жаночую калонію. Калі б дзяўчаты загадзя ведалі, што здарыцца, ці выйшлі б яны на пратэсты? Мне здаецца, мала хто ў адносінах гатовы чакаць гадамі. Гэта вельмі цяжка псіхічна, ды і здароўе пакутуе ад таго, што ты пастаянна на нервах. Круціш у галаве, як там яна, і можаш надумаць усё што заўгодна». 

Палітычных жанчын звычайна добра чакаюць, кажа суразмоўца. Ёсць і іншыя прыклады, але іх вельмі мала. А іншым зняволеным, каго сустракала Дар’я, амаль ніколі так не шанцуе.

Яна згадвае прыклад, калі жанчына не дачакалася жанчыну: «Мне здавалася, у іх былі такія яркія эмоцыі, яны пастаянна бавілі разам час. Адна засталася ў калоніі, а іншая паехала ў калонію-пасяленне, потым вызвалілася і выйшла замуж. Яны пратрымаліся адна без адной толькі пару месяцаў. 

Напэўна, той, што выйшла замуж, проста не хапала станоўчых эмоцый, любові і клопату. Калі яна была ў калоніі, яна гэта прыняла і сама дала гэта чалавеку, бо шмат хто мае жаданне дзяліцца любоўю. А потым яна выйшла і зразумела, што цяпер можа атрымаць падтрымку і клопат ад кагосьці больш звыклага для яе. Іншай дзяўчыне было вельмі цяжка — яна думала, што ўсе словы аказаліся хлуснёй, шукала, што яна зрабіла не так».

«У СІЗА так адвыкла ад святла, што ў калоніі не магла цалкам расплюшчыць вочы». Экс-палітзняволеная — пра тры гады за кратамі за чаты ў тэлеграме

«Падзельнікі? Класныя дзеці». Выкладчыца БДУІРа, якая адсядзела па справе студэнтаў, пра тое, як аптымізм выратоўваў за кратамі

Даведаліся пра зняволеных, якія ў гомельскай калоніі прэсавалі Марыю Калеснікаву

Вера Белацаркоўская