«У СІЗА так адвыкла ад святла, што ў калоніі не магла цалкам расплюшчыць вочы». Экс-палітзняволеная — пра тры гады за кратамі за чаты ў тэлеграме
За амаль тры гады, што Марыя Несцерава адседзела ў лукашэнкаўскай турме, яна так і не страціла надзею на вольную Беларусь. Яна была назіральніцай на выбарах і бачыла, як кіраўніца камісіі ўцякае праз акно. За кратамі Марыя чакала, што вось-вось патэлефануюць на КПП і ўсіх палітвязняў запросяць з рэчамі на выхад. Расказваем яе гісторыю.
«Было спадзяванне, што калі людзі масава паўдзельнічаюць у выбарах, гэта паўплывае на сістэму»
Марыі Несцеравай 57 гадоў. Жанчына мае адукацыю матэматыка, доўгі час працавала ў ІТ, а таксама аддала восем гадоў мытнай службе. У час перад затрыманнем Марыя была прадпрымальніцай, займалася сеткавым маркетынгам.
Упершыню яна выйшла на пратэсты яшчэ ў 2006-м. У 2010-м і 2015-м хадзіла толькі на выбары, але ў 2020-м зноў адчула жаданне быць актыўнай. Паўплываў кавід і тое, як беларуская дзяржава яго замоўчвала — у Марыі гэта выклікала абурэнне, захацелася дбаць пра справядлівасць і грамадскія інтарэсы. І каб рэалізаваць сваё памкненне, жанчына вырашыла запісацца незалежнай назіральніцай на выбары.
Калі рыхтавалася да гэтай працы, Марыя гутарыла з былымі назіральнікамі і ўсвядоміла, як працуе беларуская сістэма фальсіфікацыі выбараў: «Яе найвышэйшыя элементы ўладкавалі ўсё так, што яны застаюцца з чыстымі рукамі, ім прыходзяць патрэбныя даныя. Падман ідзе збольшага з боку кіраўнікоў камісій, па пратаколах, якія яны робяць. Калі іх папросяць паказаць сапраўдныя лічбы, у іх будуць ужо гатовыя дакументы з неабходнымі лічбамі».
У адказ Марыя і іншыя назіральнікі яе раёна, Партызанскага, рыхтавалі сваю сістэму: дамовіліся, каб усе назіральнікі па раёне збіралі даныя па пратаколах, а потым планавалі разам паехаць у раённую выбарчую камісію і параўнаць свае лічбы з афіцыйнымі. Зрабіць гэта не атрымалася — 9 жніўня ўвечары пачаліся затрыманні, ды і мала дзе на ўчастках паказалі пратаколы, на ўчастку Марыі кіраўніца камісіі нават збегла праз акно пры падтрымцы АМАПу.
Марыя згадвае, што іх назіральніцкая суполка была вельмі моцнай, больш за месяц актывісты рэгулярна сустракаліся. Надрукавалі багата ўлётак пра чат-бот «Голасу», і назіральнікі раскідвалі іх па паштовых скрынях, на прахадной Трактарнага завода аддавалі ўлёткі проста ў рукі працоўным, раздавалі ў Трактаразаводскім пасёлку, пісалі ў мясцовым чаце, што трэба ісці галасаваць.
9 жніўня перавярнула Марыі бачанне грамадства: «Я зразумела, што мы зусім не такія абыякавыя, як прызвычаіліся сябе ацэньваць. А потым адключылі інтэрнэт і было адчуванне, што ідзе вайна. Я сама са Сцяпянкі, і ў першыя ночы пасля выбараў чула, як з боку Уручча кожныя некалькі секунд ідзе страляніна».
Марыі даводзілася і дапамагаць у пошуках людзей, якія зніклі пасля выбараў — да прыкладу, былі затрыманыя на ўчастку. Жанчына згадвае, што ва ўмовах без інтэрнэту нельга было адкрыць мапу і паглядзець, як даехаць да Акрэсціна, а хто тады ведаў, дзе яно знаходзіцца? Дапамагалі старыя веды — яшчэ ў 2006-м падчас аднаго з мітынгаў Марыя збіралася ісці да Акрэсціна.
Пазней яна пачала валанцёрыць — адміністравала чаты раёнаў, звязаныя з «Краінай для жыцця», і прадпрыемстваў:
«З 15 жніўня і да майго затрымання ў кастрычніку я цалкам прысвяціла сябе чатам і іншай актыўнасці. Хутка ўзнікла пытанне, на што мне жыць, і мы яго агучвалі, але ж мяне схапілі і далей гэта прапрацаваць не атрымалася.
Пачала бачыць, што людзі не разумеюць — Святлана не для сябе змагаецца за перамогу, а каб вярнуць у краіну магчымасць сумленных выбараў. Спадзявалася, што людзі адчуюць гэты заклік».
Да Марыі даводзілі, што яе шукаюць сілавікі, і жанчына разумела: калі яе затрымаюць, гаворка будзе ісці не пра суткі, яна была гатовая нават на крыміналку. Але ж, кажа, усе тады спадзяваліся, што палітвязні не будуць сядзець свае тэрміны.
Марыя была больш гатовая да наступстваў, калі ішла ў назіральнікі: «У тое лета пастаянна сціскалася кола, пачаліся першыя затрыманні, і выглядала, што выбары не пройдуць спакойна. Але было спадзяванне, што калі людзі масава паўдзельнічаюць у выбарах, гэта паўплывае на сістэму.
Добра памятаю, як 5 жніўня ў першы раз ішла на ўчастак. Зрабіла крок за парог кватэры — і быццам пачалося новае жыццё, я пакінула ззаду свой сімвалічны страх. Не ведала, што мяне чакае наперадзе, але саступаць не збіралася, хаця далей было яшчэ цяжэй».
«Прымусіла ўсіх загадваць жаданне, каб палітвязні ўсёй Беларусі ў 2023-м вызваліліся мірным шляхам і выйшлі ў вольную краіну»
І на Валадарцы, і ў калоніі Марыя спадзявалася, што нешта адбудзецца і ўсіх палітвязняў вызваляць. Бо так бывала раней — напрыклад, пасля Плошчы-2010, калі частка затрыманых выйшла на волю праз паўгода за кратамі.
Найвялікшым жаданнем для жанчыны было выйсці на волю разам з усімі палітвязнямі. Марыя згадвае, як у апошні дзень 2022 года, а 20-й гадзіне, разам з іншымі зняволенымі яна чакала кантралёраў у дворыку калоніі: «Прымусіла ўсіх — нас было чалавек дзесяць — стаць у кола, узяцца за рукі і сінхронна загадваць жаданне, каб палітвязні ўсёй Беларусі ў 2023-м вызваліліся мірным шляхам і выйшлі ў вольную краіну.
У калоніі ў кожным атрадзе ёсць стол дзяжурнага, дзе стаіць тэлефон сувязі з КПП. Часам туды тэлефануюць, калі трэба некага выклікаць. І кожны званок, колькі б іх не было, у мяне было адчуванне, быццам гэта хочуць паклікаць усіх «экстрэмістаў» з рэчамі на КПП».
Яшчэ адзін яркі ўспамін — першыя дні на Валадарцы. Марыя расказвае, як сядзела на верхняй шконцы насупраць дзвярэй і ўсведамляла, што не можа гэтыя дзверы адчыніць. Гэтая думка прасякнула ўвесь яе розум — яе трымаюць за закрытымі дзвярыма, яна ў памяшканні, адкуль не можа выйсці па сваім жаданні, і гэта выклікала вялікае абурэнне. Але Марыя вырашыла, што не мусіць звяртаць на гэтую думку ўвагу.
Сукамерніцы падзяліліся з жанчынай расфарбоўкамі-мандаламі, а сын паклаў ёй у першую перадачу фламастары, таму за кратамі жанчына бавіла час маляваннем. Чытаць ёй было вельмі цяжка, бо мела страсенне мазгоў, Марыю збілі пры затрыманні.
Калонію актывістка згадвае як месца, дзе вельмі мала свабоднага часу, дзе ў любую хвіліну зняволеных могуць некуды паклікаць і нельга нават спакойна схадзіць у прыбіральню, а гэта адбіваецца на здароўі. А яшчэ, кажа Марыя, ёй там давялося даваць рады праблемам з вачыма:
«Калі я прыехала ў калонію, першыя некалькі тыдняў не магла цалкам расплюшчыць вочы, бо так адвыкла ад святла. Глядзела на асфальт, не магла падняць вочы да неба і сонца.
У мяне моцна пагоршыўся зрок. Правяла ў СІЗА 11 месяцаў, а там вельмі дрэннае асвятленне, і сцены пафарбаваныя ў колер, які паглынае святло — брудна-жоўты ці брудна-зялёны. Натуральнага святла ў камерах няма, бо на вокнах металічныя жалюзі, і толькі на шпацырах ты бачыш сонца і неба, пераключаешся, а гэта ж тое, што дапамагае падтрымаць зрок».
«Толькі калі мяне судзілі адну, я супакоілася, што нікому не прынесла шкоды»
Калі ў маі 2023-га Марыя выйшла на волю, яе чакала 86-гадовая матуля — у кожным лісце палітзняволеная прасіла яе дачакацца. І родныя, і сябры раілі жанчыне з’язджаць, але тая не хацела пакідаць матулю, таму і засталася ў Беларусі. Спадзявалася, што ў супрацоўнікаў хопіць спраў і без яе, але ўсведамляла небяспеку.
Марыя кажа, што пасля затрымання ў 2020-м яе, як і шмат іншых пратэстоўцаў, далучылі да вялікай крымінальнай справы па 293 артыкуле. На першым допыце жанчына адмовілася даваць паказанні, і тады сілавікі ўзяліся за яе тэлефон, а там было вельмі шмат інфармацыі — толькі чатаў прадпрыемстваў там было больш за 40.
Без яе паказанняў, лічыць жанчына, сілавікам было вельмі цяжка зразумець, што там да чаго.
Таксама ў Марыі ўзнікла ідэя выдаваць газету для працоўных. Яна здолела сабраць міні-рэдакцыю і зрабіць першы нумар, распаўсюдзіла яго ў тэлеграме і надрукавала тысячу яго асобнікаў, разам з камандай амаль падрыхтавала другі нумар.
Марыя баялася за паплечнікаў: «У першыя тры дні на Акрэсціна, калі я чула любы шоргат, бегла да кармушкі, калі яна была адкрытая, і глядзела, каго вядуць, каб гэта толькі не былі звязаныя са мной людзі. Але нікога з іх не ўзялі. І толькі калі мяне судзілі адну, я супакоілася, бо пабачыла, што нікому не прынесла шкоды.
Так разумею, што інфармацыя, якую ўзялі ў мяне, засталася ў КДБ. Напэўна, тады ў іх адначасова было шмат спраў, і маю справу яны палічылі не самай цікавай, але інфармацыю ў сябе пакінулі».
У снежні 2023-га Марыя атрымала інфармацыю, што яе справу ў КДБ паднялі, таму вырашыла тэрмінова эвакуявацца. Яна разважае, што, калі б яе ўзялі ў другі раз, тэрмін быў бы вельмі доўгі.
Са старым пашпартам, без візы і практычна з пустымі рукамі Марыя з’ехала ў Грузію — дапамог «Байсол». Яна апынулася там 24 снежня, і ў лютым знайшла працу — прыбірае невялікі офісны цэнтр. Але ж у будучыні плануе перабрацца ў ЕС, бо там лягчэй атрымаць палітычную абарону.
Жанчына спадзяецца запусціць бізнэс-праект, які будзе карысны і палітвязням, і іх сем’ям. Ёсць багата ініцыятыў, якія з гэтым працуюць, але, мяркуе Марыя, яшчэ адна не будзе лішняй:
«Калі я была за кратамі, прыдумала, што можна шыць вырабы пад брэндам «Шытае белымі ніткамі». Яшчэ дакладна не распрацоўвала праект, але мне здаецца, што грошы з такіх вырабаў можна перадаваць у фонды дапамогі палітвязням.
Гэта могуць быць цішоткі з нашымі жоўтымі біркамі, як на турэмным адзенні, а на бірках замест фота і даных пра палітвязня можна размясціць qr-код са спасылкай на сайт, дзе будуць распавядацца гісторыі палітвязняў. І гэтыя цішоткі павінны быць чорнага колеру, але пры гэтым шытыя белымі ніткамі».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Бесараб — пра цынгу Латыпава: Мне тут бачыцца рука нейкіх медыкаў-катаў
Буцік-гатэль, музей ці прастора для службаў? Што ладзяць на месцы былых турмаў
-
Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні
-
Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною
-
Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі
Каментары