Акадэмія навук збірае перадзамовы на дзве кнігі па гісторыі беларускай мовы
Аддзел гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі аб'явіў пра дзве падрыхтаваныя да друку працы і збірае перадзамовы на кнігі, каб улічыць інтарэсы чытачоў пры выпуску накладу выданняў.
01.06.2024 / 16:20
Фота ілюстрацыйнае
1) «Гісторыка-этымалагічны слоўнік іншамоўных слоў у старабеларускай мове» (рукапіс знаходзіцца ў выдавецтве «Беларуская навука»), падрыхтаваны галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы членам-карэспандэнтам НАН Беларусі Аляксандрам Булыкам.
У гэтай лексікаграфічнай працы разглядаюцца запазычанні старабеларускай мовы, паказаны час іх першай пісьмовай фіксацыі, значэнне, ужыванне ў помніках пісьменнасці, арфаграфічныя варыянты, этымалогія, дэрывацыйны патэнцыял, для параўнання пададзены іх адпаведнікі ў суседніх славянскіх мовах.
2) Перавыданне вядомай манаграфіі «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аркадзя Жураўскага з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння навукоўца.
У кнізе асвятляецца станаўленне і развіццё беларускай літаратурна-пісьмовай мовы эпохі беларускай народнасці, яе роля і функцыі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці нашых продкаў. Асобна асвятляецца моватворчая дзейнасць Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Змешчаныя назіранні і вывады грунтуюцца на непасрэдным вывучэнні аўтарам арыгіналаў рукапісных і друкаваных помнікаў старабеларускай пісьменнасці.
Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства просяць усіх, хто жадае набыць гэтыя кнігі пасля іх апублікавання, напісаць на адрас ahbm1952@mail.ru да 10 чэрвеня.
Як жонка Лукашэнкі ў 1995-м галасавала супраць рускай мовы
Ці не ўзарве моўнае пытанне постлукашэнкаўскую Беларусь?