Мова22

«Па-мясцоваму не магла, а па-беларуску «не выпендрывайся». Дачка Васіля Сёмухі расказала, як з дзяцінства купалася ў моры шматмоўнасці 

Дачка перакладчыка Васіля Сёмухі і хросная дачка пісьменніка Уладзіміра Караткевіча Алеся Сёмуха расла ў атачэнні гукаў розных моў, канчаткова перайшла на беларускую мову дзякуючы талакоўцам, даўно жыве ў ЗША і захоўвае сваю беларускасць. «Мова Гомель» распытала Алесю Сёмуху пра яе дзяцінства, уплыў бацькі і прысутнасць беларускай мовы ў штодзённым жыцці.

Aliesia Siomucha z baćkam Vasiliom Siomucham
Алеся Сёмуха з бацькам Васілём Сёмухам. Фота з прыватнага архіва

Васіль Сёмуха (18 студзеня 1936 — 3 лютага 2019) — беларускі перакладчык з нямецкай, польскай, іспанскай, украінскай, латышскай і іншых моў. Адна з яго фундаментальных прац — поўны пераклад Бібліі на беларускую мову, над чым ён працаваў 14 гадоў.

Дзяцінства і гукі розных моў

— Алеся, ваш бацька, Васіль Сёмуха, паходзіў з Пружаншчыны, з Брэсцкай вобласці, але вы самі нарадзіліся ўжо ў Мінску?

— Так, я нарадзілася ў Мінску на Камароўцы, а бацька паходзіў з Пружаншчыны, ён нарадзіўся і вырас на хутары Ясенец.

— Вось пытанне мовы цікавае. Якая была ваша першая мова: руская ці беларуская, і калі руская, то ў якім моманце жыцця беларуская мова з’явілася?

— Бацька мой у хаце гаварыў на розных мовах, ён мог пераходзіць з адной мовы на другую. Маці гаварыла па-руску, у дзіцячым садку, у які мяне аддалі, таксама ўсё па-руску было. А бацька часта гаварыў па-свойму, як ён казаў, на паляшуцкай гаворцы. Часта расказваў розныя казкі, якія яму калісьці яго баба Рэпіна расказвала, і ён іх пераказваў. Ён увесь час тыя самыя расказваў мне і майму брату, пра горобэйчыка ці яшчэ пра што. Мова палеская была заўсёды на слыху, па-беларуску бацька таксама часта гаварыў.

Ён пастаянна працаваў, і як працаваў, то так і гаварыў. На кухні, ці дзе мімаходзь, гаварыў па-беларуску. Калі мы былі ў горадзе ці ў больш публічных месцах, у краме, гаварыў па-руску, з маці і па-руску, і па-беларуску, маці таксама часта адказвала па-беларуску, яна сама з Гомельшчыны была.

У дзяцінстве я з ім вельмі не любіла ездзіць у аўтобусах, таму што калі ён быў са мной у аўтобусе, то любіў мяне «выстаўляць»: пачынаў гаварыць да мяне вельмі гучна і не беларускай мовай, а трасянкай, вельмі смачнай трасянкай, прычым часта гаварыў такія абсурдныя рэчы (Алеся смяецца)… Усе пачыналі глядзець, а ён такое дурное нешта гаварыць, як нейкі «бот» з нейкай глухой вёскі: «дачушка ну ты паглядзі…», і мне як дзіцяці неяк сорамна было, а яму гэта вельмі падабалася. Вось такія падколы былі. Гэта такая яго забава была.

— То-бок, ён такое задавальненне атрымліваў ад гэтага…

— Ён заўсёды атрымліваў вялікае задавальненне ад «смакаты» мовы. Яму заўсёды прыемна было, па-першае, бачыць, як людзі рэагавалі на мову, і не толькі на беларускую, але на трасянку, на палескую, а час ад часу ён са мной пачынаў гаварыць па-нямецку.

Калі я была маленькая, мне пазней самі бацькі расказвалі, ён неяк паспрабаваў навучыць мяне гаварыць на нямецкай мове і месяцы чатыры гаварыў дома толькі па-нямецку. Я гэтага не памятаю і нямецкай мовы я не ведаю. Але я памятаю гучанне нямецкай мовы, бо ён часта ў хаце гаварыў па-нямецку, дэкламаваў нешта, а потым па-беларуску. Відаць, у яго вельмі моцнае гукавое было ўспрыняцце мовы.

Таксама яму была патрэбная музыка. Ён вельмі часта ставіў класічную нямецкую музыку і пад яе перакладаў, час ад часу нешта дэкламаваў. Калі перакладаў з польскай, то хадзіў па хаце і ўвесь час гаварыў па-польску.

У школе я, натуральна, вучылася па-руску, з сябрамі я гаварыла па-руску, як і ўсе дзеці ў школе. З ім то па-руску, то па-беларуску. Па-палеску я не ўмела, не ведала палескай мовы, акрамя тых казак, якія ён мне пастаянна расказваў. А калі прыязджалі ў Пружаны, у Пружану́, як ён казаў, я там гаварыла па-руску, бо па-мясцоваму не магла, а калі загаворыш па-беларуску, то там глядзелі кшталту «не выпендрывайся», што разумная надта.

Aliesia Siomucha z baćkam Vasiliom Siomucham i mužam Markam, taksama Alieś Kamocki i Ryhor Baradulin
Алеся Сёмуха з бацькам Васілём Сёмухам і мужам Маркам, таксама Алесь Камоцкі і Рыгор Барадулін. Фота зроблена ў Мінску ў 2001 годзе Сяргеем Шапранам

Моўныя сітуацыі былі розныя. У сярэдняй школе ўсё па-руску было, таму я нават добра не памятаю, як з бацькам тады гаварыла. Відаць, па-руску па звычцы. У старэйшых класах дакладна гаварыла з ім па-руску, і ён часта пераходзіў на такую фармальную, тэлевізійную рускую мову.

Яна з яго вуснаў гучала заўсёды вельмі правільна, але неяк… недарэчна. Я заўсёды не ведала, ці ён кпіць з мяне, ці што. Ён як бы казаў правільна ўсё, але ў мяне вушы заўсёды былі настроеныя на падвох нейкі. Было ўражанне, што за гэтым нешта стаіць.

— На Гомельшчыну ездзілі да дзядулі і бабулі?

— Дзядулі мае ўсе загінулі падчас вайны, бабуля з Пружаншчыны таксама загінула. Мы ездзілі да бацькавай цёткі, якая яго выхавала. Матчына маці жыла ў Гомелі, я да яе таксама ездзіла, але не памятаю, на якой мове яна са мной гаварыла. Відаць, па-руску.

Яна працавала, а я з дзецьмі бегала з раніцы да вечару, мела поўную свабоду. Яна жыла на вуліцы Пясочнай, здаецца, так яна называлася. Там ва ўсіх сады былі, яблыні, вішні. Але памятаю, што баба з сяброўкамі сваімі гаварыла на нейкай такой беларуска-ідыш трасянцы. Гэта была такая свойская трасянка. Я часткова разумела, што яны гаварылі, там шмат слоў беларускіх было, асабліва калі тэма нас датычыла.

Там цэлая вуліца старых людзей жыла, прыватныя дамы без каналізацыі, з газавымі балонамі, вада з калодзежа. Яны сядзелі на лаўках і «лясы тачылі». Усе старыя былі, да ўсіх прыязджалі ўнукі. Я іх бабкамі называла, але яны, відаць, можа такога ўзросту былі, як я цяпер, а мне яны старымі здаваліся.

Ва ўсіх былі гароды, было некалькі дамоў цыганоў. Цыганы па-свойму гаварылі. А баба з сяброўкамі на гэтай беларуска-ідыш трасянцы, але толькі з некаторымі.

— Можна сказаць, на слыху ў вас былі розныя мовы з дзяцінства?

— Так. І ад паездак у Пружаны, у Бярозу, у Сялец, у Гомель, у хаце. Гукі розных моў заўсёды гучалі. Часам бацька ставіў нямецкія оперы, нямецкая часта гучала, але яна неяк не прыліпла да мяне. У школе я вучыла англійскую мову, таму яшчэ англійская дадалася.

Студэнцтва і пераход на беларускую мову

— Так разумею, што ваша беларуская мова прыйшла ўжо ў студэнцкія гады?

— Так, я паступіла на беларускі філфак, пазнаёмілася там з Марынай Місько, і, здаецца, мы яшчэ толькі ўступныя іспыты здавалі, як я заўважыла, што яна ўвесь час гаварыла на беларускай мове, як кажуць, без прычыны. Мне нават у галаву гэта раней не прыходзіла, каб увесь час гаварыць па-беларуску. Але калі я пачула ад яе, я падумала, што гэта цікава.

Яна мяне запрасіла на некалькі мерапрыемстваў «Талакі», і я пайшла паглядзець. Студэнты ж філфака паміж сабою па-руску гаварылі, у тым ліку беларускага філфака. Толькі некаторыя гаварылі ўвесь час па-беларуску, Марына Місько, Славамір Адамовіч, які са мной быў на адным курсе, Міхась Скобла, яго жонка таксама і яшчэ пару чалавек. Але са 110 чалавек на аддзяленні ну можа сем-восем увесь час па-беларуску гаварылі. Таму для мяне гэта быў такі рубікон.

Я пабыла на некалькіх святкаваннях «Талакі», пабачыла іншых людзей, якія гавораць увесь час па-беларуску. Мяне запрасіў на шпацыр-гутарку Алесь Суша, мы з ім гулялі дзве гадзіны па Мінску, ён увесь час гаварыў, пераконваў, я падумала, ну вось маладыя людзі гавораць увесь час без прычыны па-беларуску і я пачну. І пачала. Мне было 18 гадоў, і з таго часу я рускай мовай не карыстаюся.

Aliesia Siomucha (zlieva) z dvuma dziaŭčatami
Алеся Сёмуха (злева) з дзвюма дзяўчатамі. Здымак захоўваецца ў Віленскім музеі Луцкевічаў

— Як ваш тата адрэагаваў, калі вы перайшлі на беларускую мову, была нейкая рэакцыя з яго боку?

— Вельмі станоўчая. Ён вельмі падтрымліваў мае сувязі з талакоўцамі, нават ганарыўся гэтым, што нездарма выгадаваў дачушку. Ён вельмі падтрымліваў мае першыя спробы перакладу, я перакладала некаторыя рэчы на беларускую мову. Апавяданне «Каралеўства Беларусь», апавяданне «Табу» з польскай мовы, з англійскай мовы рабіла пераклад.

Ён казаў, што ў мяне вельмі добра атрымліваецца. Але я адчувала, што ў мяне няма такой вытрымкі, як у яго, каб сядзець дзень і ноч перакладаць. Я — чалавек не акадэмічнага складу, мне трэба дзея. Я магу перакласці нешта кароткае, а потым мне нечым іншым трэба заняцца, я люблю разнастайнасць і актыўнасць у занятках.

А бацька, памятаю, увесь час сядзеў за сталом. Мы прачыналіся, ён ужо быў на нагах, мы лягалі спаць, ён яшчэ працаваў. Такой здольнасці сядзець за сталом у мяне не было. Але ж не абавязкова быць перакладчыкам.

Бацька даваў мне парады моўныя. У мяне ж запас слоў гарадскі быў. Бацька калі гадаваўся, то на яго мове ўсе гаварылі, ён меў уплывы ад розных людзей, што складае больш шырокую моўную базу чалавека. А мая база — гэта бацька, сябры-талакоўцы і тое, што я сама чытала. Але гэта не мова, якая перадаецца ад супольнасці, не мова жыццёвых сітуацый. Таму ён даваў мне парады, што ў нас так гаварылі, або так трэба гаварыць. Гэта пашырала мой моўны запас.

Я ўжо пачынала займацца журналістыкай. Ездзілі мы і ў Беласток, было вельмі цікава паслухаць беларускую мову беластачан.

Hrupavy zdymak u kvatery Juryja Turonka ŭ Poĺščy, prykladna 1989-1990 hod
Групавы здымак у кватэры Юрыя Туронка ў Польшчы, прыкладна 1989-1990 год

Успаміны пра Караткевіча

— Асоба Уладзіміра Караткевіча, які быў вашым хросным бацькам, неяк прысутнічала ў вашым жыцці, уплывала на вашае жыццё?

— Я яго асабіста амаль не памятаю. Памятаю адзін раз, калі ён быў у нас у хаце, то мяне на назе гушкаў і рагатаў. Гушкаў і рагатаў, і настолькі гучна рагатаў, што гэта я запомніла.

А наконт прысутнасці… Я ведаю, што ён мяне хрысціў і што з маімі бацькамі яны ўвесь час сустракаліся. Бацькі жылі спачатку ў бараку на Камароўцы, я нарадзілася там. Караткевіч туды ўвесь час прыходзіў, у іх з бацькамі былі свае літаратурныя гаворкі, чарку выпівалі. А ў 1970-м годзе мы пераехалі ў звычайную двухпакаёвую кватэру, Караткевіч туды заходзіў, але ўжо рэдка.

Памятаю яшчэ, калі была ў дзіцячым садку і маці мая там працавала, што нехта прыйшоў і маці з гэтым чалавекам вельмі доўга праз плот размаўляла. Маці пазней сказала, што Валодзя прыходзіў развітацца, ведае, што канец прыйшоў, хацеў папрасіць прабачэння і развітацца. Гэта быў час, калі ён ужо вельмі хворы быў.

Але бацькі заўсёды пра яго гаварылі. Ён быў у нашым доме нават не ў фізічнай прысутнасці. «О, Валодзя…», яны ўзгадвалі нешта, рагаталі. І бацька мне заўсёды казаў, што «ну вось твой хросны бацька, каб жыў, табе па срацы б даў за такія рэчы».

Жыццё ў ЗША і беларуская прысутнасць

— Наколькі цяпер, жывучы ў ЗША, у зусім іншай моўнай і цывілізацыйнай прасторы, дзе ўсё функцыянуе іначай, наколькі лёгка ці цяжка захаваць сваю беларускую прысутнасць і беларускую мову?

— Напачатку я была ў вельмі блізкім кантакце з беларусамі Нью-Ёрка, і там беларуская мова жыла свабодна. Можна сказаць, што кожную нядзелю пасля царквы збіраліся. Плюс святы. Я адразу з усімі пазнаёмілася, сям’я Андрусішыных была цудоўная, такія шчырыя, адкрытыя, гасцінныя людзі. Ездзілі на святы ў Нью-Джэрсі, дзе жылі Вітаўт Кіпель ды іншыя, у фундацыю Крачэўскага. Тая старэйшая эміграцыя вельмі моцна трымала беларускую грамаду. Гэта была вельмі моцная супольнасць.

Aliesia Siomucha z baćkam Dančyka — Paŭlom Andrusyšynym i Antonam Šukielojciam
Нью-Ёрк, 1993 год, кватэра Данчыка. На фота Алеся Сёмуха з бацькам Данчыка — Паўлом Андрусішыным і Антонам Шукелойцем

А потым я выйшла замуж і выехала ў Вашынгтон. Там вялікай беларускай грамады не было. Я пазнаёмілася з Алесяй Кіпель, і мы час ад часу сустракаліся. У Вашынгтоне, разам з Алесяй, мы стварылі Вашынгтонскі гурток БАЗА, беларуска-амерыканскае задзіночанне. Нас было чалавек з 10-20. Суполка існуе дагэтуль. Я — скарбніца. Мы робім культурныя імпрэзы і прапагандуем беларускія інтарэсы ў амерыканскіх дзяржаўных установах.

Я жыла і жыву пад Вашынгтонам. Тут эмігранты іншыя. Гэта пераважна былі прафесіяналы, якія прыехалі па дыпламатычных, бізнэс, адукацыйных справах, і ўсе былі вельмі занятыя.

Але ў мяне ніколі не ўзнікала пытання захавання беларускага. А куды яно падзелася б? У гэтым сэнсе асаблівага пытання няма, забыць гэта немагчыма. Ніякіх складанасцяў не было, каб захоўваць, але не было ўжо такіх магчымасцяў, каб актыўна падтрымліваць. Але грамада расла. Цяпер тут шмат беларусаў, і беларуская грамада досыць вялікая.

Aliesia Siomucha na pracy, 2023 hod
Алеся Сёмуха на працы, 2023 год
Aliesia Siomucha z siabroŭkaj
Кавярня «Вэсэлка» ў Нью-Ёрку на Манхэтане, 2024 год. Алеся Сёмуха з сяброўкай дзяцінства Марыянай, адзінай асобай, з якой яна час ад часу размаўляе па-руску па звычцы з дзяцінства

Але амерыканская культура іншая, яна іншая ў тым сэнсе, што жыццёвае асяроддзе не такое, людзі сябруюць іначай, іншыя адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі.

У беларускім асяроддзі людзі лічаць, што яны мусяць ведаць усе пра ўсіх, тут жа больш індывідуалістычная культура. Проста так ніхто ў хату не ўваліцца. Гэта натуральная культура, але для беларусаў часта занадта фармалізаваная.

Мне заняло колькі гадоў зразумець гэтую розніцу, і я не маю ніякіх праблем, хоць з гадамі я больш амерыканізавалася. Мой муж — амерыканец, на працы таксама амерыканскае атачэнне, культура дамінуе амерыканская. Таму мне яна зараз бліжэйшая і камфортнейшая.

Я люблю сваю мяжу. І чалавек досыць адкрыты, але сама вызначаю межы свайго ўдзелу, адкрытасці ці заангажаванасці, не люблю фамільярнасці. Мне больш падабаецца аўтаномія, я зразумела, што мне гэта заўсёды падабалася. Я была заўсёды незалежная ў думках, і калі цэлая сістэма на гэтым пабудаваная, то адразу адчуваецца, што гэта мне па душы.

Я думаю, што і бацьку майму гэта б пасавала. Ён быў вельмі індывідуалістычны, не любіў, калі ў яго жыццё лезлі без яго дазволу. З блізкімі сябрамі ён мог больш сабе дазволіць, але не з іншымі людзьмі. Бараніў свае межы, межы свайго прыватнага жыцця. Я думаю, што ў гэтым сэнсе ён бы ацаніў амерыканскую культуру пазітыўна.

Каментары2

  • Вашынгтон
    16.05.2024
    Што Сёмуха Біблію пераклаў, добра. Але тое, што Алеся валодае аўтарскім  правам на яго, дрэнна. Людзі за кожную цытату павінны плаціць. З гэтай нагоды ўжываюць іншыя пераклады.
  • Ахти ж ты.
    21.05.2024
    даўно жыве ў ЗША і захоўвае сваю беларускасць. 
    https://nashaniva.com/342913
     А уже внуки ее будут американцами без знания мовы и русского. Ассимиляция однако. В Беларуси народ уже не говорит на мове. Еще поколение- два и нету белорусов.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, куды пайшоў на працу адстаўлены старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч4

Стала вядома, куды пайшоў на працу адстаўлены старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Алексін набыў «залаты» пашпарт Вануату1

Паўза ці канец? Што азначае рашэнне ЗША прыпыніць дапамогу Украіне7

Еўракамісія прадставіла план пераўзбраення ЕС і падтрымкі Украіны на 800 мільярдаў еўра13

Вахцёрка інтэрната БДУ паказала свой працоўны дзень — і скарыла тыкток3

Лукашэнка заклікаў развіваць майнінг9

У старым жылфондзе прадаюць тройку па $4200 за квадрат. Чаму так дорага?

Сын экс-хакеіста зборнай Беларусі Алекс Гальчанюк, які са скандалам з'ехаў з ЗША, атрымаў расійскі пашпарт7

Лукашэнка прызначыў двух новых міністраў2

Эвакуявалі з Беларусі журналістку Ксенію Луцкіну6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, куды пайшоў на працу адстаўлены старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч4

Стала вядома, куды пайшоў на працу адстаўлены старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць