БТ запісала прапагандысцкае інтэрв'ю з Дар'яй Лосік яшчэ ў сакавіку, але пакажа толькі цяпер

Прапагандысты анансавалі паказ інтэрв’ю з палітзняволенай Дар’яй Лосік. Яе муж, блогер Ігар Лосік, таксама знаходзіцца за кратамі. Як стала вядома «Нашай Ніве», відэа запісвалі яшчэ некалькі месяцаў таму.

07.06.2024 / 16:19

Дар'я Лосік з дачкой Паўлінай

У канцы мая блогер Аляксандр Кабанаў паведаміў у стрыме, што Дар’я Лосік напісала заяву на развод з Ігарам Лосікам. Пасля гэтага беларускія медыя праз свае крыніцы пацвердзілі інфармацыю, што развод адбыўся.

Былая палітзняволеная Дар'я Афанасьева расказвае, што прапагандысцкае відэа з Дар’яй Лосік запісалі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. Гэта не адзіная зняволеная калоніі №4, вымушаная прайсці праз падобную працэдуру — аналагічныя гутаркі запісваліся як мінімум яшчэ з дзвюма жанчынамі.

Суразмоўца апісвае стан былой суседкі як няпросты: «Даша трапіла ў вельмі складаную сітуацыю, дзе ў яе з самага пачатку не было выбару. У яе скралі мужа, сям'ю, яна перастала жыць уласным жыццём. Яшчэ да таго, як яна апынулася за кратамі, Даша паставіла на паўзу і сваё жыццё, і жыццё дачкі.

Яна пастаянна збірала перадачы і ездзіла ў СІЗА, потым у турму… Увесь час чакала званкоў, давала нейкія інтэрв'ю, пісала пасты. Даша жыла ў няволі разам з Ігарам і рабіла ўсё, што ад яе залежыць».

Афанасьева пасябравала з Дар'яй Лосік — дзяўчыны знаходзіліся ў адным атрадзе. Яна заклікае не звяртаць увагі на інфармацыю пра развод Лосікаў і на інтэрв'ю яе сяброўкі:

«Дзяўчаты ў закладніках, яны выжываюць як могуць. Мне б не хацелася, каб, калі Даша выйдзе з турмы, на яе пасыпаліся непрыемныя пытанні. Яна траўмаваная і сваім тэрмінам, і тэрмінам мужа. Калі прапаганда такое здымае, значыць, ім дагэтуль трэба нешта даказаць людзям — даказаць, што мы «пакаяліся».

Я шчаслівая, што пазнаёмілася з Дашай. Гэта добры і спагадлівы чалавек, якому я заўжды магла давяраць».

«Антошкіна — гэта пекла». Страшны маналог палітзняволенай

«Зачыніш дзверы і пацалуеш яе, бо ёсць такая магчымасць». Як жанчыны кахаюць жанчын у калоніі

«Дзяўчына, з якой былі разам 6 гадоў, не захацела адносінаў». Як супрацоўнік «Беларуснафты» адседзеў 3 гады за абарону пратэстоўца

Вера Белацаркоўская