Улады збіраюцца ліквідаваць абʼяднанне татараў, якое ўзначальвае муфтый Беларусі
Мінскі гарадскі суд 18 чэрвеня разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі з патрабаваннем ліквідаваць Беларускае грамадскае абʼяднанне татараў «Зікр уль-Кітаб», піша «Позірк».
09.06.2024 / 12:14
Суддзя Алена Сямак пачне працэс а 10:00.
Паводле звестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, арганізацыя зарэгістраваная 5 ліпеня 1993 года (да 2000-га — Беларускае грамадска-культурнае абʼяднанне татараў-мусульман «Аль-Кітаб»). Разам з Мусульманскім рэлігійным абʼяднаннем у Рэспубліцы Беларусь садзейнічае будаўніцтву і аднаўленню мячэцяў, культурных цэнтраў, школ, музеяў, бібліятэк і інш.
Старшынёй «Зікр уль-Кітаб» зʼяўляецца муфтый Абу-Бекір Шабановіч, які з 2005 года ўзначальвае згаданае Мусульманскае рэлігійнае абʼяднанне. Шабановіч удзельнічае ў шматлікіх праўладных акцыях, дзяржаўныя медыя прадстаўляюць яго лідарам беларускіх мусульман. У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яго прэміяй «За духоўнае адраджэнне».
Каля вытокаў «Зікр уль-Кітаб» і I Усебеларускага зʼезда мусульман, па рашэнні якога ў 1994 годзе было створана Мусульманскае рэлігійнае абʼяднанне, стаяў адзін з лідараў татарскай дыяспары, вядомы гісторык Ібрагім Канапацкі (памёр 9 верасня 2005 года ва ўзросце 56 гадоў).
10 кастрычніка 2023 года звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс з затрыманай Зарынай Канапацкай — дачкой Ібрагіма Канапацкага, якая на той момант была старшым навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі Беларусі IX-XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. На запісе яна — не па ўласнай волі — кажа, што «была падпісана на экстрэмісцкія каналы, бот «Перамога», «знаходзілася побач з мітынгамі, фатаграфавалася на фоне пратэснага натоўпу».
Ці было ёй пастаўлена ў віну штосьці канкрэтнае, невядома.
Апеляцыю журналіста Карнея адхілілі, ён рыхтуецца да калоніі, скардзіцца на цыгарэтны дым
Стала вядомая дата суда над пенсіянеркай Галінай Лагацкай