35-гадовы жыхар Ліды загінуў у Малі — паехаў кіроўцам да вагнераўцаў
Аляксандру Жэгздрыну было 35 гадоў. У яго была жонка і дзве непаўналетнія дачкі.
10.06.2024 / 07:00
Аляксандр Жэгздрын. Фота: Укантакце
Асаблівых праблемаў з законам у Аляксандра не было. Адзінае — ён у 17 гадоў зліў дзесяць літраў бензіну з нейкай машыны, а таксама скраў лабавыя шчоткі і накрыўку бака. Але справу закрылі за адсутнасцю склада злачынства.
Працы ён мяняў часта. У базах «Кіберпартызанаў» з 2006 па 2021 відаць больш за дзесяць месцаў, прычым па розных кірунках. Жэгздрын працаваў і кіроўцам, і менеджарам. А з 2013-га быў у кіраўніцтве фірмы з красамоўнай назвай ААТ «Біткоін», сферай дзейнасці якой пазначаны аптовы гандаль.
У чэрвені 2021-га жыхару Ліды абмежавалі выезд з Беларусі па пастанове суда, але за што — невядома.
Аляксандр Жэгздрын. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Невядома таксама, чаму ён зрабіў такі выбар, але ў жніўні 2023 года Аляксандр паехаў на заробкі ў Расію.
Там ён заключыў працоўны кантракт, паводле якога быў накіраваны ў Афрыку ў якасці кіроўцы. У лістападзе 2023 года лідчанін расказаў жонцы, што едзе працаваць у Малі.
Расійскія найміты прыехалі ў Малі яшчэ ў 2021-м годзе па запрашэнні мясцовай хунты. А ў красавіку 2024-га стала вядома, што Расія пашырае набор на афрыканскі кірунак, запрашаюць і беларусаў — маўляў, рызыкаў там меней, чым ва Украіне, таму людзі ідуць.
Але лідчаніну не пашчасціла. У студзені 2024-га яго жонцы Вікторыі паведамілі, што Аляксандр Жэгздрын загінуў ад агнястрэльных раненняў каля сталіцы краіны, горада Бамака — акурат там знаходзіцца база вагнераўцаў. Цела Аляксандра перавезлі ў Беларусь супрацоўнікі ПВК.
Гэтая публікацыя зробленая з дапамогай Digital Intelligence Team. Гэта OSINT-праект, які супрацоўнічае з Кіберпартызанамі і іншымі прадэмакратычнымі структурамі ды праектамі, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці.
Актыўны ўдзельнік пратэстаў-2020 пайшоў ваяваць за «ДНР». Там і загінуў
У складзе экіпажу збітага ў студзені каля Белгарада Іл-76 быў беларус. Што пра яго вядома
На вайне з Украінай загінуў экс-вагнеравец, які двойчы збягаў з-пад суда на фронт