У складзе экіпажу збітага ў студзені каля Белгарада Іл-76 быў беларус. Што пра яго вядома
Ігар Саблінскі стаў чацвёртым загінулым пілотам, які паходзіў з Беларусі і ваяваў на баку Расіі, піша Радыё Свабода.
Транспартны самалёт Іл-76 пацярпеў крушэньне сёлета 24 студзеня ў Белгарадзкай вобласьці. Тады расейскія ўлады назвалі катастрофу Іл-76 тэрактам і абвінавацілі Ўкраіну ў яго зьбіцьці.
Расейцы сьцьвярджалі, што на гэтым самалёце перавозілі 65 украінскіх палонных для заплянаванага на той дзень абмену. Тады праз падзеньне самалёта абмен скасавалі, але дагэтуль у Расеі не абнародавалі вынікі дасьледаваньня знойдзеных на месцы падзеньня чорных скрынь і не перадалі Ўкраіне доказы знаходжаньня на яго борце ўкраінскіх вайскоўцаў.
Цяпер і ў Расеі, і ва Ўкраіне па факце катастрофы Іл-76 вядуць крымінальнае расьсьледаваньне.
Увесь экіпаж загінуў
Экіпаж самалёта складаўся з 6 асобаў. У яго склад уваходзіў бартавы радыст Ігар Саблінскі. Ён паходзіць зь Беларусі — нарадзіўся ў Віцебску.
Членаў экіпажу доўга не маглі ідэнтыфікаваць. Афіцыйная цырымонія разьвітаньня з экіпажам адбылася толькі 8 лютага.
Выданьне «Южный Урал» са спасылкай на прадстаўніка каманднага складу 117-га вайскова-транспартнага авіяпалку Арэнбургу паведаміла, што целы экіпажу «зьбіралі па фрагмэнтах».
«Пакуль целы па полі рассыпаныя, ідзе збор фрагмэнтаў», — цытавала выданьне прадстаўніка полку праз пяць дзён пасьля катастрофы.
Ён жа расказаў, што гэты экіпаж быў «зьлятаны» — выконваў задачы і ў Сырыі, і ў Казахстане, і на тушэньні пажараў у Турэччыне.
Для старшага прапаршчыка Ігара Саблінскага гэта мусіў быць ці не апошні палёт — пасьля 30 гадоў службы ён падаў дакумэнты аб выхадзе на пэнсію па ўзросьце.
Нарадзіўся ў Віцебску ў сям’і лётчыка
Ігар Саблінскі нарадзіўся ў Віцебску 6 верасьня 1969 году. У Беларусі яго і пахавалі, аднак дакладнае месца пахаваньня публічна не ўдакладнялі.
Грамадзянская жонка радыста Юлія Шукшына, зь якой яны рыхтаваліся да вясельля, паведаміла, што бацькі Ігара Саблінскага памерлі, калі яму было 20 гадоў.
Паводле яе слоў, Ігар пайшоў вучыцца на пілёта адразу пасьля школы.
«Ён спрабаваў сябе ў іншых сфэрах, але заўсёды казаў, што лятаць — адзінае, што сапраўды падабаецца і чым ён хоча займацца. Пайшоў шляхам бацькі, які таксама быў лётчыкам», — расказала яна мясцовым журналістам.
У сям’і Саблінскіх было чацьвёра дзяцей — Ігар, ягоная сястра-блізьня і малодшыя сястра і брат.
У першым шлюбе Ігар Саблінскі меў дачку Арыну.
Дачка прыйшла на разьвітаньне з бацькам у ягоным кіцелі
Арына Саблінская, дачка загінулага радыста ад першага шлюбу, жыве ў Арэнбургу. Яна вучылася ў мясцовым унівэрсытэце на юрыдычным факультэце.
На цырымонію разьвітаньня, якая праходзіла ў спартова-культурным комплексе «Арэнбуржа» 8 лютага, паводле мясцовых выданьняў, прыйшлі «тысячы жыхароў Арэнбургу».
Усе труны былі закрытыя, а на іх ляжалі расейскія сьцягі. На гэтую цырымонію прыбыў камандуючы вайскова-транспартнай авіяцыяй Расеі Ўладзімір Бенедыктаў, які ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды сваякам загінулых лётчыкаў. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб іх пасьмяротным узнагароджаньні ордэнамі Мужнасьці за тое, што адвялі падбіты самалёт ад населенага пункту.
Ордэн Мужнасьці Саблінскага атрымала ягоная дачка.
Якія яшчэ ўзнагароды меў пры жыцьці
Ігар Саблінскі меў кваліфікацыйную катэгорыю «бартавы спэцыяліст першай клясы», старшы паветраны радыст. Ён працаваў і інструктарам маладых лётчыкаў. У небе правёў больш за 6 тысяч гадзін.
Як паведаміла «Новоорская газета», «за мужнасьць, адвагу і самаахвярнасьць» ён быў узнагароджаны мэдалём Несьцерава (дзяржаўная расейская ўзнагарода, названая ў гонар вайсковага лётчыка Пятра Несьцерава, які ўпершыню ў практыцы баявой авіяцыі выкарыстаў таран, загінуў у 1914 годзе. — РС), мэдалямі «За адзнаку ў вайсковай службе» ўсіх ступеняў, «За вайсковую доблесьць» 2 і 1 ступені, «Удзельнік ваеннай апэрацыі ў Сырыі» і «За ўмацаваньне баявой садружнасьці».
З пачатку вайны ўключылі ў базу «Міратворац»
Ігар Саблінскі разам зь іншымі сваімі калегамі па экіпажы пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны трапіў у базу «Міратворац» як «удзельнік расейска-беларускай ваеннай агрэсіі» і «саўдзельнік злачынстваў расейскай улады супраць Украіны і яе грамадзян».
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны 10 сакавіка 2022 году ідэнтыфікавала Ігара Саблінскага як вайскоўца 117-га асобнага транспартнага авіяпалка, які дастаўляў зброю і боепрыпасы для забойства мірных грамадзян Украіны.
Колькі яшчэ пілётаў беларускага паходжаньня ваявалі на баку Расеі і загінулі
Ігар Саблінскі стаў чацьвёртым загінулым лётчыкам, які паходзіў зь Беларусі ваяваў на баку Расеі. Але ён адзіны, каго пахавалі ў Беларусі.
Вядома, што адным зь першых загінуў Раман Гровіч. Ён паходзіў з Кобрыні Берасьцейскай вобласьці, нарадзіўся 16 лютага 1974 году і загінуў у першы ж дзень вайны, 24 лютага 2022-га, пад Кіевам. Раман Гровіч быў камандзірам верталётнага зьвяна, меў званьне маёра. Ягоны верталёт украінцы зьбілі над Кіеўскім вадасховішчам. Зьвестак аб тым, дзе ён пахаваны, няма. У 1995 годзе ён скончыў Сызранскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча.
12 траўня 2022 году ва ўзросьце 67 гадоў загінуў былы беларускі лётчык Мікалай Маркаў. Ён хоць і нарадзіўся ў Расеі, але пахаваны ў горадзе Лідзе Горадзенскай вобласьці (пэўна, меў беларускае грамадзянства). Мікалай Маркаў вучыўся ва Ўкраіне — у 1976 годзе ён скончыў Чарнігаўскае вышэйшае вайскова-авіяцыйнае вучылішча. Служыў спачатку ў Казахстане, а потым у Беларусі — у Паставах і Лідзе. Выйшаў у адстаўку ў званьні палкоўніка авіяцыі Рэспублікі Беларусь. Магчыма, ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр» у Афрыцы, а потым адправіўся на Данбас. Украінцы зьбілі ягоны самалёт-штурмавік Су-25 над Папаснай у Луганскай вобласьці.
Капітан Ігар Валачылаў, бартавы мэханік расейскага вайсковага самалёта Іл-22, які зьбілі вагнэраўцы ў часе свайго мяцяжу, паходзіў зь Беларусі. Ён нарадзіўся ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці ў сьнежні 1973 году. У 1996 годзе скончыў Стаўрапольскае вышэйшае авіяцыйнае інжынэрнае вучылішча. З 2015 году служыў у вайсковым цэнтры на аэрадроме ў Іванаўскай вобласьці Расеі. Вядома, што да сваёй гібелі ў часе мяцяжу вагнэраўцаў Ігар Валачылаў выконваў «баявыя задачы» на вайне Расеі ва Ўкраіне. Яго пахавалі на гарадзкіх могілках у расейскім горадзе Іванаве.
Каментары