Турэцкі абітурыент перабраў з тэхналогіямі падчас спісвання экзамена і трапіў у турму
Дэталі выкарыстанага хлопцам «інавацыйнага» метаду апісала мясцовая паліцыя.
15.06.2024 / 20:11
Турэцкі паліцыянт расказвае пра механізм спісвання затрыманага абітурыента. Скрыншот відэа мясцовай паліцыі горада Іспарта
Паводле справаздачы паліцыі турэцкага горада Іспарта (каля Анталіі), на якую спасылаецца выданне Daily Mail, адзін з абітурыентаў падчас здачы «экзамену вышэйшых навучальных устаноў» (YKS, аналаг беларускага цэнтралізаванага экзамену) выкарыстаў штучны інтэлект і «шмат рознай тэхнікі», каб спісаць тэст, за што быў затрыманы.
На афіцыйным відэа паліцыі Іспарты супрацоўнік апісаў механізм спісвання, які ладзіў абітурыент перад арыштам.
«Падчас TYT (Basic Proficiency Test, базавы тэст на веды), які з'яўляецца першым этапам уступнага экзамену ва ўніверсітэт (YKS), арганізаванага ў Іспарце, у выніку вобшуку, які мы правялі ў абітурыента, паводзіны і дзеянні якога былі падазронымі, была выяўленая тэхніка для падману экзаменатараў.
Невялічкая камера, схаваная ў гузіку кашулі, рабіла здымкі экзаменацыйных заданняў, маршрутызатар у падэшве красоўка забяспечваў інтэрнэт-сувязь, а адказы на пытанні абітурыент атрымліваў ад ChatGPT апошняй мадэлі праз маленькую слухаўку, схаваную ў вуху», — расказвае турэцкі паліцыянт у відэа.
Турэцкія медыя таксама адзначаюць, што акрамя абітурыента быў затрыманы і ягоны памочнік, які ўдзельнічаў у арганізацыі механізма спісвання тэсту, аднак ён быў выпушчаны адразу пасля допыту.
А абітурыент, якога злавілі за спісванне, быў змешчаны ў турму і ўсё яшчэ застаецца там у чаканні суда.
Саму відэасправаздачу турэцкай паліцыі з англійскімі субтытрамі вы можаце паглядзець ніжэй.
Муж некалькі гадоў здраджваў жонцы і старанна выдаляў кампрамат з айфона. Але макбук усё захаваў
Пасля падключэння да інтэрнэту карэнныя жыхары Амазонкі трапілі ў порназалежнасць
Выконвае каманды і любіць «прычоскі». Пад Магілёвам жыве ягня, якое лічыць сябе сабакам