Усяго патроху22

Выконвае каманды і любіць «прычоскі». Пад Магілёвам жыве ягня, якое лічыць сябе сабакам

Бусік — ягня, але незвычайнае. Ён з першых дзён жыцця рос у доме з людзьмі, смактаў малако з дзіцячай бутэлечкі, спаў у ложачку, а за маму прымаў і прымае… магіляўчанку Тамару Мацвіенка. Як так выйшла, піша Magilev.by.

Бусік, як звычайна, жуе смакотку. Тут і далей фоты Тамары Мацвіенкі

Ніколі не кажы «ніколі»

Тамара Мацвіенка некалькі гадоў таму выйшла на пенсію, з'ехала з абласнога цэнтра і цяпер жыве з мужам у сваім доме ў Магілёўскім раёне.

У сям'і — вялікая гаспадарка: агарод, сад, каты і сабакі. А гэтай зімой у мужа і жонкі, як жартуе Тамара Рыгораўна, здарыўся прыплод. Вельмі мілы чорненькі і кучаравенькі «прыплодзік».

«Смешна сказаць, але для мяне гэта было ўсё адно, што на сёмым дзясятку нарадзіць дзіця, — рагоча суразмоўніца. — Зноў адчула ўсю любату мацярынства!»

Тамара з дзяцінства цярпець не можа авечак і бараноў. Нават пах іхні не пераносіць. А ўсё таму, што яе маленькую, калі хварэла, мама паіла барановым тлушчам.

«Гідота рэдкая! Бараніны, як разумееце, з тых часоў не ем. І ўжо каго-каго, а авечак трымаць наогул ніколі не збіралася».

Але, як гаворыць народная мудрасць, ніколі не кажы «ніколі»… Сястра-заатэхнік нечакана, ні з поля ні з лесу зрабіла радні такі вось «жывы падарунак», аргументаваўшы:

«Тома, у вас тут, на вёсцы, столькі прасторы! Ну, ты не любіш бараніны… Затое, можа, дзеці і ўнукі будуць есці».

А ў авечкі, якую падарылі, зноў-такі нечакана гэтай зімой нарадзілася двое дзіцянят… І панеслася!

Тая самая «глузда» з двума сваімі ягнятамі: аднаго затаптала, другога, Бусіка, выратавалі людзі

Маці або мачыха? «Глузда»!

«Калі мы зразумелі, што авечка нарадзіла дваіх ягнят, тэлефаную сястры і пытаюся: «Якія мае дзеянні?». Сястра адказвае: «Ніякіх! Гэта ж не карова, даіць нельга. Малыя самі павінны падысці і папіць малачка…»

Ніякіх дык ніякіх. А праз пару дзён муж знайшоў у хляве цельца аднаго ягняці — маці затаптала… У нас на вёсцы такіх называюць «глузда». Дурная баба, прасцей кажучы. Не маці, а мачыха.

Зноў тэлефаную сястры, каб параіцца. Яна рэкамендуе: «Ты паспрабуй падвядзі ягнятка, што жывое засталося, да авечкі». Я падводжу — тая як стала скакаць, як стала біць капытамі! Спрабую паднесці дзіцяня да вымені — гэтая «глузда» мне ледзь зубы не выбіла…

Што рабіць? Трэба забіраць маленькае ў хату… Яно ж зусім дробнае, каля 2 кілаграмаў. Загіне без ежы, без мацярынскага цяпла».

Муж і жонка знайшлі скрынку з-пад надзіманага басейна, заслалі яе пялёначкай і паставілі дзе цяплей у хаце. А менавіта ў сваёй спальні. Ды яшчэ, як высветлілася, карміць ягня трэба было, як чалавечае малое: кожныя тры гадзіны.

Навошта даросламу мужыку дзіцячая бутэлечка?

«Спрабую дзіцяня напаіць малаком, а яно — ніяк! — працягвае аповед Тамара Мацвіенка. — Кажу мужу: «Славік, ідзі ў аптэку па дзіцячую бутэлечку». А што рабіць?»

Вячаслаў таксама прывязаны да Бусіка: дзіцячыя бутэлечкі купляў ягняці менавіта ён

Балазе, аптэка ёсць у аграгарадку непадалёк. Там, вядома, невымоўна здзівіліся, калі дарослы мужык, пенсіянер, папрасіў бутэлечку для немаўляці.

Фармацэўты ў яго пытаюцца: «Слава, а табе для чаго?» Муж суразмоўніцы — мужчына з гумарам, адказвае: «Дзяўчаты, надакучыла гарэлку піць са шклянкі! Я налью сабе ў дзіцячую бутэлечку і паволі буду цадзіць…»

Увогуле, пачыналі паіць Бусіка з маленькай бутэлечкі, потым перайшлі на паўлітровую. Соску на бутэлькі працягвалі купляць у аптэцы. «Доза павялічваецца», — жартаваў «тата» Бусіка.

Уласна кажучы, і імя ягня атрымала ў гонар… першай бутэлечкі з соскай. На ёй было напісана «Бусінка», ну а раз хлопец — то Бусік.

«Тупае-тупае па хаце — не дае спаць»

Тамары дзеля кучаравага дзіцяняці прыйшлося кардынальна памяняць свой рэжым.

З Бусікам не засумуеш!

«Для мяне раней самае страшнае было, калі хтосьці пасля 21-й гадзіны тэлефанаваў. Усё, гэта значыць, ноч бяссонная! А тут, уяўляеце, інтэрвал кармлення — кожныя тры гадзіны. Ну нічога, сяк-так прывыкла».

Потым Бусік падужэў, стаў выскокваць са скрынкі.

«Тупае-тупае па хаце — не дае спаць. Кажу мужу: «У нас ёсць драўляны ложачак унука, даставай». Залезлі на гарышча, адшукалі. Знайшлі і матрац маленькі, апусцілі ў самы ніз, каб малы не выскокваў. Вось так і спалі ўсе халады».

Чым старэйшае рабілася ягня, тым больш павялічваліся прамежкі паміж кармленнямі. Бо Бусік, як і каты з сабакамі, прывык спаць усю ноч. Улічваючы створаныя яму каралеўскія ўмовы, можна сказаць, без задніх капытоў.

Ягня-сабака

З часам ягня стала лічыць сябе сабакам. Шмат у чым пачало капіраваць паводзіны сабакі.

Скажам, прыязджае ў госці да дзядулі з бабуляй унук — Бусік першы імчыцца з ім гуляць; пацяплела — суправаджае гаспадыню па справах; каманды выконвае. Нават не самыя для яго прыемныя.

Бусік за сваёй «мамай» Тамарай Мацвіенкай ходзіць як прывязаны

«Дапусцім, прыйшлі да суседкі, а ў яе кветачкі проста ў двары. Малы скок туды. Я, каб не пагрыз, клічу: «Бусік, да мяне!» Ён слухаецца. «Пайшлі дадому», — без пярэчанняў ідзе», — хваліць гадаванца гераіня.

А яшчэ ягня страшна любіць, калі яго расчэсваюць, робяць прычоскі. Гэта, як кажа Тамара Мацвіенка, для яго проста «фыр-фыр».

«Бусік — не пераходзячы вымпел»

На пытанне, што будзе з жывёлінай далей, жанчына адказвае:

«Бусік — не пераходзячы вымпел. Мы з ім не збіраемся расставацца».

Да таго ж цяпер ягня не стварае ніякіх клопатаў. Есць бульбачку, моркву, капусту, траўку жуе… А з дому яго з прыходам цяпла перасялілі ў хлеў (зрабілі асобнае стойла, каб з агрэсіўнай мамкай-авечкай не сутыкаўся). У ім Бусік начуе.

«Кожны вечар ён з задавальненнем бяжыць у свой хляўчук. Чаму? Бо ведае, што там яго чакае малако».

Днём жа ягня-сабака топчацца ў двары ці ходзіць за гаспадыняй. Ахоўвае.

«На руках ужо яго не цягаю — здаровенькі хлопчык вымахаў, — усміхаецца наша гераіня. — Проста абдымаемся, шкадуем, Бусік ліжа мне шчокі…»

Суседзі ж да незвычайнага «пажа» Тамары Мацвіенкі даўно прызвычаіліся. І калі раней дзівіліся ды жартавалі, то цяпер прыходзяць у госці і перш за ўсё кажуць: «О, прывітанне, Бусік!»

Каментары2

  • Acab
    07.06.2024
    Якое яно на смак?
  • валодаў
    08.06.2024
    Па вопыту трымання авечак скажу, што звычайна тыя бараны, што выкармленыя людзьмі, калі вырастуць пачынаюць біцца

«Я падняў аднаго са слабавікоў — і выпусціў яго на асфальт». Дэсантнік Руслан Акостка расказаў, як адседзеў 4 гады17

«Я падняў аднаго са слабавікоў — і выпусціў яго на асфальт». Дэсантнік Руслан Акостка расказаў, як адседзеў 4 гады

Усе навіны →
Усе навіны

Новым кіраўніком «Хезбалы» стаў стрыечны брат Насралы2

Руслан Акостка эвакуіраваны

Прыватны сектар уздоўж Арлоўскай у Мінску заменяць шматпавярховікі

У Маскве адбылася серыя выбухаў у ЖК «Селігер Сіці»2

«У наступным годзе іх тут не будзе». Як Свята-Елісавецінскі манастыр гандлюе ў Польшчы8

У Таронта сталі папулярныя каціныя туры

Што з выездам з Беларусі раніцай у панядзелак?

Мінкультуры завярнула праект патрыятычнага лагера на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці3

Прэзідэнт Латвіі зламаў руку падчас катання на ровары3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я падняў аднаго са слабавікоў — і выпусціў яго на асфальт». Дэсантнік Руслан Акостка расказаў, як адседзеў 4 гады17

«Я падняў аднаго са слабавікоў — і выпусціў яго на асфальт». Дэсантнік Руслан Акостка расказаў, як адседзеў 4 гады

Галоўнае
Усе навіны →