Пентагон пра ўдары па Крыме: Калі РФ занепакоеная сваімі стратамі, няхай спыняе вайну
У Пентагоне адказалі на абвінавачанні Расіі ў датычнасці ЗША да «гібрыднай вайны» супраць іх пасля ўкраінскіх удараў па Крыме.
25.06.2024 / 08:52
Пат Райдар. Фота: AP Photo / Jacquelyn Martin
Каментуючы ўдары ўкраінскіх сіл па Крыме, якія, як сцвярджала РФ, рабіліся з дапамогай ракет ATACMS, прадстаўнік Пентагона Пат Райдар сказаў, што Украіна сама выбірае цэлі для нападаў, паведамляе «Еўрапейская праўда».
«Важна азірнуцца назад, менавіта да незаконнага ўварвання Расіі ва Украіну, важна азірнуцца назад і паглядзець на тое, як мы дайшлі да таго, што маем сёння. І калі яны [РФ] занепакоеныя ахвярамі сярод сваіх войскаў, то няхай спыняюць гэтую вайну і вяртаюць суверэнную тэрыторыю Украіны, а не ўводзяць туды свае войскі без патрэбы», — падкрэсліў прадстаўнік Пентагона.
Ён таксама нагадаў, што менавіта Расія нясе адказнасць за ўварванне ва Украіну, што прывяло да гібелі тысяч нявінных украінцаў.
Раней у Мінабароны Расіі заявілі пра напад «па грамадзянскай інфраструктуры горада Севастопаль пастаўленымі ЗША аператыўна-тактычнымі ракетамі ATACMS». Расійскія ўлады гавораць пра чатырох загінулых і больш як 150 пацярпелых.
У той жа час у расійскім Мінабароны прызналі, што ахвяры сярод мірнага насельніцтва адбыліся ў выніку працы СПА РФ.
МЗС Расіі ў панядзелак выклікала амбасадара ЗША Лін Трэйсі, якой заявіла, што Штаты «вядуць супраць Расіі гібрыдную вайну і фактычна сталі бокам канфлікту», паабяцаўшы «адказ на гэтае злачынства».
Украіна атакавала ў Крыме цэнтр расійскай касмічнай сувязі
Больш за 140 чалавек параненыя на пляжы ў Крыме, куды прыляцелі аскепкі збітай ракеты
У Крыме ракетнымі ўдарамі знішчаныя два радары комплексаў С-300 і С-400 — Генштаб УСУ