Дзяржаўныя кінематаграфісты могуць зняць фільм пра 2020 год па сцэнары Васкрасенскага 

Але лепш — вялікі серыял.

28.06.2024 / 08:30

Яўген Арандарэвіч. Скрын відэа: BelarusOneTV / YouTube

Старшыня праўладнага Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арандарэвіч у праграме «Скажінемолчі» на БТ расказаў, ці будуць яны здымаць кіно пра падзеі 2020 года. Раней аб працы над сцэнарыем такога фільма расказваў Юрый Васкрасенскі.

Па словах Арандарэвіча, 2020 год — адзін з эпізодаў. Фільм павінен ахопліваць значна большы перыяд.

«Калі здымаць сапраўды вялікі фільм, то трэба здымаць фільм аб асобе. Як, напрыклад, ёсць фільм «Аляксандр» пра Аляксандра Македонскага. Трэба паказваць менавіта станаўленне нашай дзяржавы, паказваць усе тыя 30 гадоў, якія наша краіна ідзе да поспеху».

Па словах старшыні Саюза кінематаграфістаў, Беларусь — «адзіная краіна, дзе рай на зямлі».

«Калі гаварыць пра фільм, то трэба яго рабіць не поўным метрам, бо за сто хвілін не раскажаш. Гэта павінен быць вялікі серыял, пачынаючы з 90-х аб тым, якія выпрабаванні ляглі на нашу краіну, на нашага прэзідэнта, якім правільным курсам наш лідар вядзе нашу айчыну.

Мы бачым, як прыйшлі да 2020-х гадоў. І які велічэзны давер, падтрымка ў кіраўніка нашай дзяржавы ў людзей. Мы ўсё бачым, мы ўсе ўсё разумеем, чым быў 2020 год».

Арандарэвіч запэўніў, што Саюз кінематаграфістаў звяжацца з Юрыем Васкрасенскім і абмяркуе яго сцэнар.

«Паглядзіце наверх». Выйшаў фільм пра беларускія пратэсты, які дорыць надзею

На кінафестывалі ў Нью-Ёрку паказалі мастацкі фільм пра Кацярыну Андрэеву. Дзелімся ўражаннямі ад прагляду

Фільм пра «пекла Акрэсціна» перамог на «Бульбамуві»

Nashaniva.com