Узмоцнены кантроль чыгункі на польскай мяжы спыніўся праз 33 гадзіны. Слова за Лукашэнкам
Польскія дыпламаты адзначаюць, што гэта дэманстрацыя магчымасцяў — дакладны сігнал рэжыму Лукашэнкі.
04.07.2024 / 14:03
Тэрмінал у Малашэвічах. Фота: PKP Cargotor
Абяцаны ўзмоцнены кантроль тавараў у буйным тэрмінале мытнага афармлення ў Малашэвічах на мяжы з Беларуссю працягваўся 33 гадзіны. Пра гэта паведамляе польская радыёстанцыя RMF FM.
Афіцыйна мытная служба паведаміла аб правядзенні планавых інспекцыйных мерапрыемстваў з мэтай абароны мытнай тэрыторыі ЕС ад прытоку небяспечных грузаў ці рэчываў. Змесціва кантэйнераў, якія трапілі ў Польшчу праз Беларусь (у асноўным з Кітая), старанна правяралася.
Выданне піша, што польскія ўлады прынялі рашэнне аб гэтай форме ціску на рэжым Лукашэнкі зыходзячы з таго, што даходы ад транзіту складаюць значную частку паступленняў у дзяржаўны бюджэт Беларусі.
Акрамя гэтага польскі бок разлічвае, што іх дзеянні выклічуць адпаведную рэакцыю з боку Кітая, які можа прайграць ад блакіроўкі тэрмінала ў Малашэвічах, праз які па сушы ідуць кітайскія тавары на Захад.
Як адзначае выданне, польскія дыпламаты ў неафіцыйных размовах адзначылі, што гэта дэманстрацыя магчымасцяў — дакладны сігнал рэжыму Лукашэнкі аб тым, што польскія ўлады могуць на законных падставах заблакаваць чыгуначны транзіт з усходу праз Беларусь у Еўрасаюз.
Раней па дыпламатычных каналах Варшава патрабавала ад Мінска выдаць забойцу польскага салдата, спыніць міграцыйны ціск на мяжы, вызваліць Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў.
Польшча ўвядзе дэталёвы кантроль транзіту з Кітая праз Беларусь, давяла да Мінска патрабаванні
Латушка: Лукашэнка склікаў закрытае пасяджэнне Рады бяспекі для абмеркавання патрабаванняў Польшчы
Польшча запатрабавала ў Беларусі выдаць забойцу польскага памежніка