Як будзе выглядаць відэагульня пра старажытны Тураў
9.07.2024 / 10:42
За амбіцыйным праектам стаіць купка студэнтаў-энтузіястаў. Калі гульня здабудзе папулярнасць, распрацоўшчыкі падумваюць стварыць наступную пра Полацкае княства.
Палескія пейзажы ў Tales of Meadows. Фота: Qualestory Games
Гульню Tales of Meadows (Казкі пра лугі) пра Тураўскае княства XIII стагоддзя распрацоўвае невялікая мінская інды-студыя Qualestory Games. Гэта гістарычная прыгодніцкая RPG з адкрытым светам, дэманстрацыю гульнявога працэсу на днях паказалі публіцы.
Ролік пачынаецца з адсылкі да расійскай гульні «Смута», выпушчанай сёлета студыяй Cyberia Nova. Tales of Meadows прэзентуе сябе як беларускі адказ «Смуце». За беларускім праектам стаяць чацвёра студэнтаў-першакурснікаў з БНТУ, БДМУ і філфака БДУ, якія працуюць на ўласным энтузіязме.
Дзеянне ў гульні будзе разгортвацца ў адным з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў — Тураве, сталіцы некалі ўплывовага княства. Гульцы возьмуць на сябе ролю рыцара Філіпа, сына пасадніка, якому трэба будзе разгадаць таямніцу старажытнага ордэна, выратаваць бацьку і адолець ворагаў.
Сюжэтная галіна Tales of Meadows будзе даволі кароткай — усяго 4-5 гадзін, але яе кампенсуе адкрыты свет беларускай мінуўшчыны. Натхненне хлопцы чэрпалі ў такіх звышпапулярных гульнях, як Assassinʼs Creed і «Вядзьмар».
Тураў знакаміты сваімі каменнымі крыжамі — ім таксама знайшлося месца ў гульні. Фота: Qualestory Games
Выбар Тураўскага княства ў якасці лакацыі распрацоўшчыкі тлумачаць тым, што ў XIII стагоддзі яно прыйшло ў заняпад, і ім цікава было ўзнавіць тое, як людзі перажывалі падзеі таго часу. Дакладнай інфармацыі пра горад таго часу амаль няма, абапіраюцца на кароткія звесткі з «Аповесці мінулых гадоў» і падручнікаў.
У гульні можна будзе прабегчыся вуліцамі старажытнага Турава. Фота: Qualestory Games
«Мы аднаўляем Тураў, яго наваколлі. Гэтым летам паедзем у горад нашай дружнай камандай, каб фатаграфаваць усё навокал, наведваць музеі. Будзем спрабаваць як мага старанней узнавіць Тураў таго часу. Таксама хочам дадаць у наш свет нейкіх мясцовых легенд, магчыма, камеа гістарычных асоб», — адзначае адзін з хлапцоў у інтэрв'ю дзяржаўнай газеце.
У студыі Qualestory Games не хаваюць, што іхняя гульня — гэта альтэрнатыўная гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях. Для многіх легенды старажытных часоў асацыююцца з жанрам фэнтэзі. Але ад першапачатковай ідэі ўвесці ў гульню выдуманых чароўных персанажаў усё ж вырашылі адмовіцца.
Адкрыты свет дазволіць збегчы ад сюжэту, каб палюбавацца навакольнай прыгажосцю. Фота: Qualestory Games
«Хочацца паказаць нешта рэальнае. Мы думалі заправіць усё беларускай міфалогіяй, таму што яна вельмі шырокая, але адмовіліся ад гэтай задумы. Магчыма, яна будзе прадстаўлена ў якасці легенд і пасхалак, а не ўплываць прамым чынам на сюжэт», — адзначае адзін з хлапцоў.
У найбліжэйшыя месяцы выйдзе дэма-версія гульні, якую плануюць паказаць на штогадовай беларускай гульнявой выстаўцы Unicon, што праходзіць у пачатку верасня і ў студзені.
Якая RPG без адпачынку каля вогнішча? Фота: Qualestory Games
Выхад гульні чакаецца толькі ў другой палове 2025 года. Калі запуск пройдзе паспяхова, то ў студыі думаюць пра працяг, які ахопіць іншую вяху гісторыі Беларусі, напрыклад, Полацкае княства перад уваходжаннем у склад Вялікага Княства Літоўскага.
Але для далейшага развіцця студыі патрэбнае больш магутнае і прасунутае абсталяванне. Таму хлопцы хочуць падаць свой праект на дзяржаўны грант. Сёння праект існуе толькі на іхнім энтузіязме і на платных падпісках людзей, якім цікавы праект.
Студэнты Давід, Слава, Багдан і Улад вучыліся ў адным класе і цяпер разам цягнуць амбіцыйны праект
«Мы плануем заснаваць сапраўдную студыю, паказаць свету, на што здольныя беларускія хлопцы. Амбіцыі велізарныя, галоўнае — зрабіць нашу першую гульню, каб у нас былі сродкі для далейшага прасоўвання. Многія хочуць пагуляць у гульню сваёй мары, і крута, калі ты сам можаш выканаць сваё жаданне».
Чытайце таксама:
Японцы патрабуюць адмяніць гульню пра чарнаскурага самурая
Мінская студыя выпусціла дэма відэагульні, у якую можна будзе пагуляць па-беларуску