Культура88

Японцы патрабуюць адмяніць гульню пра чарнаскурага самурая

Петыцыю з патрабаваннем адмяніць чарговую частку папулярнай серыі Assassin's Creed масава падпісваюць заходнія ўльтраправыя. У дыскусіі вакол гульні адзначыўся і Ілан Маск. Але ў саміх японцаў прэтэнзіі не да колеру скуры.

Чарнаскуры самурай Ясукэ. Кадр з трэйлера

Пасля гучнага анонсу гульні Assassin's Creed Shadows, дзеянне якой будзе адбывацца ў феадальнай Японіі XVI стагоддзя, гульнявая супольнасць актыўна абмяркоўвае яе персанажаў і гістарычную дакладнасць.

У гульні будуць два пратаганісты, паміж якімі гулец зможа пераключацца: жанчына-ніндзя Наоэ і чарнаскуры самурай Ясукэ.

Першы трэйлер Assassin's Creed Shadows сабраў рэкордную для серыі колькасць дызлайкаў на фоне абвінавачанняў у гістарычнай недакладнасці і крытыкі вобраза цемнаскурага самурая Ясукэ.

Цяпер група японскіх геймераў, незадаволеных тым, як распрацоўшчыкі адлюстравалі эпоху, стварыла петыцыю з патрабаваннем адмяніць праект.

У петыцыі гаворыцца, што Ubisoft павінна адмяніць Assassin's Creed Shadows праз «сур'ёзную абразу японскай культуры», якую распрацоўшчыкі нанеслі, няправільна паказаўшы вобраз самураяў у гульні.

Ясукэ на постары Assassin's Creed Shadows

Аўтары петыцыі сцвярджаюць, што ў гульні скажоная роля і характар ​​самураяў у японскай гісторыі, што можа быць звязана з расізмам у дачыненні да азіятаў. 

«Гэтая гульня прысвечана японскім самураям, і ў ёй ігнаруецца той факт, што самураі мусяць быць вышэйшай кастай воінаў, якія служаць гокэнінам або знаці», — піша аўтар петыцыі Сімідзу Тору.

У тэксце таксама згадваецца першы еўрапеец, які атрымаў тытул самурая — Уільям Адамс (Міура Андзін), які служыў Такугаву Іэясу ў якасці хатамота і атрымліваў велізарны прыбытак у 250 коку.

Неяпонцу з тэксту петыцыі цяжка зразумець, што канкрэтна не так паказваюць распрацоўшчыкі і якой самі японскія геймеры хочуць бачыць гульню. Але відавочна, што прэтэнзій да колеру скуры ў петыцыі няма.

Але прэтэнзіі да расавай прыналежнасці галоўнага героя з'явіліся ва ўльтраправых з заходніх краін. 

«Гульня настолькі глыбока прасякнута парадкам дня, што ў ёй ёсць цемнаскуры, паказаны як «сапраўдны гістарычны самурай» у Японіі. Абразліва да немагчымасці. Ніхто не прасіў», — напісаў у сваім твітары папулярны ўльтраправы блогер Ян Майлз Чэонг.

На ягоны допіс адгукнуўся Ілан Маск, заявіўшы, што «DEI [разнастайнасць, роўнасць і інклюзіўнасць] забівае мастацтва». 

На сёння петыцыю падпісалі ўжо больш за 50 тысяч чалавек. Паводле аналітыка Даніэла Ахмада, абсалютная большасць падпісантаў — ультраправыя з заходніх краін, якія таксама пакідаюць расісцкія каментарыі.

Самі ж японцы крытыкуюць гістарычныя недакладнасці, звязаныя з архітэктурай, звычаямі і культурнымі нормамі, а не колер скуры аднаго з герояў. Японцы былі абураныя тым, што іхняй петыцыяй скарысталіся заходнія геймеры ў сваіх мэтах. 

Меркаваная выява Ясукэ ў сутычцы сумо. Малюнак, створаны каля 1605 года

Нягледзячы на абурэнні ўльтраправых, чарнаскуры самурай Ясукэ — рэальны гістарычны персанаж. Як слуга італьянскага езуіцкага місіянера Алесандра Валіньяна ён прыбыў у Японію ў 1579 годзе.

Калі яго прадставілі славутаму магнату-даймё Оду Набунагу, той палічыў, што скура мужчыны афарбаваная чарніламі, і загадаў яму распрануцца да пояса і пачысціць скуру. Калі даймё зразумеў, што скура сапраўды ад прыроды такая чорная, то зацікавіўся Ясукэ і прыняў яго на службу. У рэшце чарнаскуры мужчына стаў самураем і збраяносцам даймё. 

Ясукэ быў сведкам таго, як васал, які паўстаў супраць ягонага гаспадара, прымусіў Оду Набунагу здзейсніць харакіры. Самога Ясукэ не кранулі, палічыўшы, што чорны чалавек не японец, а жывёла. Яго выслалі ў хрысціянскую царкву Кіёта, пасля чаго след Ясукэ губляецца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • DEI
    08.07.2024
    Калі ты ня ўльтраправы, скінься мне на выданьне кнігі, пра шляхціча-мурына, які перамагае ў Грунвальдзкай бітве, зрэшты бярэ Мальборк, а пазьней друкуе ў Празе першую беларускую кнігу
  • Так
    08.07.2024
    Ужо хацелася пахваліць, што напісалі пра гэта, тэма гучная ўжо нейкі час. І хацелася дадаць, што можна было шырэй згадаць пра blckwashing спалучаны з неамарксімцкай ідэалогіяй.

    Але пасля цэтліку чарговага выкарыстання цэтліку "ўльтраправыя" (ажно пяць раз!) стала зразумела. А паверце, сярэднястатыстычны падыход японцаў да сваёй культуры і нацыі нашмат больш радыкальны, чым нібыа "ультра/крайне/супер/турба" правых з Заходняй Еўропы.
  • Так
    08.07.2024
    Увогуле, ці рэдакцыя зможа накрэмзаць артыкул, што такое ўльтраправы ці крайнеправы?

    Ці гэта тыя, якія пасмелі выступіць супраць масавай з'явы крыміналу з боку не еўрапейцаў у Еўропе, асабліва ісламістаў? Ці гэта ўсе тыя, якія на права ад цэнтра? А можа тыя, якія выступаюць супраць масавага blackwashing і іншых неамарксісцкіх з'яў? І калі ёсць "ультраправыя" ці ёсць "ультралевыя", бо нешта пра іх не пішацца, а з такіх напрыклад Мэланшон?

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі10

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманыя ў Будапешце інкасатарскія машыны ўкраінскага Ашчадбанка знаходзяцца на тэрыторыі Антытэрарыстычнага цэнтра Венгрыі4

«Страйк пакупнікоў». Чалы спрагназаваў зніжэнне цэнаў на кватэры6

Будаўніцтва трэцяй чаргі Зялёналужскай лініі метро: што ўжо зроблена і што яшчэ наперадзе1

Іран цалкам гатовы да «зацяжной вайны»7

У Будапешце затрымалі сем супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка з дзясяткамі мільёнаў даляраў32

Ці можна прадказаць рэвалюцыю? Навукоўцы прапануюць некалькі формул

Новыя, сучасныя лекі ці даўнія, ранейшыя прэпараты: у якіх пабочак больш?

Мурманскі губернатар прылятаў у Мінск шыкоўным бізнэс-джэтам, які нібыта аплаціў беларускі бок2

Джон Коўл падзякаваў Лукашэнку за сённяшняе вызваленне палітвязняў18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі10

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць