«Пачуй мяне — ты мудак». Прапагандыст у жывым эфіры даў майстар-клас завочнай палемікі

Вядомы прапагандыст Кірыл Казакоў, намеснік генеральнага дырэктара агенцтва «Мінск-Навіны» і галоўны рэдактар газеты «Минский курьер» прадэманстраваў высокі палемічны ўзровень, абмяркоўваючы ў жывым эфіры вячэрняй праграмы агенцтва канфіскацыю кватэры ў свайго былога калегі Івана Падрэза.

12.07.2024 / 21:46

Кірыл Казакоў

Казакоў прызнаўся, што калісьці з Падрэзам яны былі нават прыяцелямі і «абмяркоўвалі творчыя планы». Хоць, маўляў, як чалавек ён «лайно, поўнае лайно».

Прапагандыст не хавае задавальнення, што ў ягонага былога калегі канфіскавалі нерухомасць, якой ён «так моцна ганарыўся», і выказвае сваю радасць вельмі эмацыйна:

«Ваня Падрэз, пачуй мяне — ты мудак. Тым, што ў цябе забралі кватэру, павер ты мне — беларуская нармальная журналісцкая супольнасць гэтым ганарыцца».

Такі стыль вядзення завочнай дыскусіі выклікаў вялікае захапленне з боку яшчэ аднаго топавага прапагандыста Рыгора Азаронка, які запосціў гэты фрагмент праграмы ў сваім канале, напісаўшы, што «Кирилл Владимирович Казаков жжет».

Пра канфіскацыю і разгром сілавікамі сваёй кватэры былы вядучы АНТ і блогер Іван Падрэз паведаміў сёння ў інстаграме.

«У Беларусі, дзе ў мяне была кватэра, я цяпер «экстрэміст». Кватэра, якой я афіцыйна валодаў, цяпер канфіскаваная. Маю 78-гадовую маму выкінулі з яе. Яна правяла тры тыдні ў бальніцах, а потым у сяброўкі. (…) Гэта пекла. Гэта па-за ўсякай мараллю. Выкінуць 78-гадовую жанчыну з дома?» — напісаў Іван.

 

Што за новая журналістка СТБ скакала каля еўрапейскіх дыпламатаў? Гэта дачка каханкі Кірыла Казакова

Прапагандысты зноў звярнуліся да канспіралогіі. Козыр з «Планам Далеса» дастаў Кірыл Казакоў

Хто гэтыя прапагандысты з тэлебачання, каму ўлады асабіста вынеслі падзякі за працу

Nashaniva.com