Грамадства55

Хто гэтыя прапагандысты з тэлебачання, каму ўлады асабіста вынеслі падзякі за працу

Рэжым абвясціў падзяку шэрагу прапагандыстаў, сярод якіх тры не самыя вядомыя фігуры. Аднак іх «унёсак» у прасоўванні праўладных наратываў і скажэнні інфармацыйнага поля нельга перамяншаць. БАЖ распавядае пра тэлевізійшчыкаў, якіх адзначылі за заслугі «ў рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».

Андрэй Мохар, Кацярына Тумас-Цішкевіч і Вольга Коршун

Былая настаўніца, жонка супрацоўніка ААЦ, вядучая АНТ

Тэлевядучая АНТ Кацярына Тумас-Цішкевіч, якой цяпер 41 год, нарадзілася ў Слуцку, скончыла гімназію № 1, пасля паступіла ў педуніверсітэт імя М. Танка і нават выкладала ў адной з сярэдніх школ Мінска.

На дадзены момант Кацярына Тумас-Цішкевіч займае пасаду загадчыцы аддзела вядучых інфармацыйна-аналітычных праграм АНТ. Аднак менеджэрскія здольнасці праявіліся не адразу, аб чым яна шчыра распавядала ў адным з інтэрв’ю:

— Я настаўнік-прадметнік, але ніяк не класны кіраўнік. І калі ўручылі клас, запанікавала. Была вельмі маладзенькай, да таго ж па натуры зусім не «матуля». Размаўляла з дзецьмі на роўных. Словам, класнае кіраўніцтва здалося непасільнай ношай, і я сышла са школы.

Пасля кар’ера дзяўчыны раптам пайшла ўгару. Яна сама сцвярджала, што скончыла курсы па падрыхтоўцы тэлевядучых і атрымала запрашэнне на тэлебачанне. Некаторы час працавала вядучай рэгіянальных навінаў Мінскай вобласці на БТ, аднак, відаць, прыйшлося зрабіць перапынак у сувязі з нараджэннем дзіцяці. Новы віток кар’ера атрымала ў 2012 годзе.

Кацярына Тумас-Цішкевіч. Фота: скрыншот БТ

— На АНТ мяне запрасілі зусім нечакана, — сцвярджала супрацоўніца тэлеканала. — Знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, працавала на паўстаўкі, выходзіла ў эфір толькі па выходных. І зусім выпадкова мяне заўважылі.

Хутчэй за ўсё, меў месца шчаслівы выпадак: у 2012 годзе з АНТ сышлі некалькі супрацоўнікаў і трэба было закрываць пытанне з кадрамі. Кацярына Тумас-Цішкевіч стала тэлевядучай, неаднаразова ўдзельнічала ў розных акцыях тэлеканала і некалькі разоў прадстаўляла яго на афіцыйных мерапрыемствах.

Кацярына Тумас-Цішкевіч. Выстава «СМІ Беларусі». Фота: скрыншот YouTube-канала АНТ

— Цяпер на першы план выходзяць дэталі, — разважала Кацярына Тумас-Цішкевіч яшчэ да 2020 года. — Інфармацыя можа быць аднолькавая, і, зразумела, важна, хто першым яе паведаміць. Але потым перавага будзе ў таго, хто здолее больш даведацца пра сітуацыю. І тут не ўсе могуць «капаць» аднолькава глыбока.

Гледзячы па ўсім, падчас і пасля пратэстаў прапагандыстка, сапраўды, стала «капаць» глыбока. Праект «Дзікае паляванне» ўключыў супрацоўніцу дзяржаўнага тэлеканала ў свой спіс з фармулёўкай «твар прапагандысцкіх сюжэтаў і фільмаў на АНТ пра беларускую апазіцыю, кандыдатаў у прэзідэнты, разгоны мірных акцый, пра «ўцёкі» сяброў Каардынацыйнай рады за мяжу і пра адсутнасць катаванняў на Акрэсціна».

Кацярына Тумас-Цішкевіч падчас акцыі па выкананні афіцыйнага гімна. Фота: скрыншот YouTube-канала АНТ

Па звестках «Дзікага палявання», муж тэлевядучай — Сяргей Тумас, супрацоўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра. Грамадзянскія актывісты сцвярджаюць, што «ён адзін з тых, хто адказвае за адключэнне мабільнага інтэрнэту і зніжэнне патоку хатняга інтэрнэту, узлом і блакаванне сайтаў, старонак у сацыяльных сетках, Telegram-каналаў, а таксама дае навінавыя сюжэты і фільмы АНТ пра апазіцыю, кандыдатаў у прэзідэнты, мірныя акцыі і Каардынацыйную раду».

Сяргей Тумас, муж Кацярыны Тумас-Цішкевіч. Фота: «Дзікае паляванне»

Нягледзячы на прыналежнасць да публічнай прафесіі, пра супрацоўніка АНТ 46-гадовага Андрэя Мохара ў адкрытых крыніцах не так шмат інфармацыі. На сайце тэлеканала, у прыватнасці, паведамляецца, што ў прафесію прыйшоў па слядах бацькі. Гаворка, відаць, пра Кастуся Мохара, які ўсё жыццё працаваў у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе».

У нулявыя Андрэй Мохар быў вядомы як каментатар снукера (разнавіднасць більярда) на АНТ, некаторы час быў дыджэем, пасля ўзначальваў FM-радыёстанцыю. У дадзены момант займае пасаду кіраўніка дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання АНТ.

— Мяркую, у нашай прафесіі немагчыма стаць кіраўніком і спыніць займацца журналістыкай. Так не бывае. Можна быць добрым менеджарам, кіраўніком. Але калі ты не практыкуеш, нічога не атрымаецца, — неяк адзначаў супрацоўнік дзяржканала.

Андрэй Мохар. Фота: sb.by

Цікава, што на сайце тэлеканала факт стажыроўкі ў ЗША, Еўропе, Кітаі і Расіі згадваецца як пазітыўны момант. А калі ўважліва чытаць інтэрв'ю Андрэя Мохара ў праўладнай газеце «СБ. Беларусь сегодня», то можа закрасціся думка: а ці не дасылае супрацоўнік АНТ відавочныя сігналы?

Узяць хаця б такія яго словы:

— Казаць сёння даводзіцца гучней, хоць бы для прыцягнення ўвагі. Не ўпэўнены, што ў гэтай бітве можа быць пераможца. Каб выйграць, як вы кажаце, інфармацыйную вайну, трэба каб хтосьці змоўк. Так не бывае.

У тым жа тэксце ён таксама трапна адзначаў, што міжнародная павестка саступае беларускай, бо «людзям цікава тое, што побач». У адрозненне ад адыёзных прапагандыстаў Андрэй Мохар пазбягае рэзкіх ацэнак і абразаў у дачыненні да дэмакратычных палітыкаў і незалежных медыя, нягледзячы на досыць правакацыйныя пытанні аўтаркі тэксту.

— І мы сёння канкуруем, па сутнасці, самі з сабой. Што я маю на ўвазе? На нашым тэлерынку, дзе вялікі ўплыў расійскіх каналаў, якія вырабляюць якасны прадукт, мы змагаемся за ўвагу гледача з імі. Не з калегамі з Беларусі, а з калегамі з вялікіх расійскіх каналаў. З бюджэтамі, вопытам і магутнай школай, — а ў гэтай цытаце ўвогуле можна пабачыць занепакоенасць расійскім уплывам.

Прапагандыстка новага пакалення 

Палітычная аглядальніца дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання СТБ Вольга Коршун уяўляе сабой новую фармацыю прапагандыстаў, якія не пасаромеліся рабіць кар'еру на фоне падзеяў у 2020 годзе. Ступенькі яе службовай лесвіцы складаюцца з ліслівых слоў на адрас улады, абурэння Захадам, паклёпу ў бок «збеглых журналістаў».

— У журналістыку я прыйшла адразу пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ, — расказвала пра пачатак працы на прапаганду Вольга Коршун. — Мой аднакурснік працаваў на СТБ і падказаў, што там як раз шукалі чалавека на месца рэдактара міжнароднай службы. Не было гарантый, што мяне возьмуць, але вельмі хацелася паспрабаваць.

Дзяўчына прыйшла на дзяржаўны тэлеканал у сакавіку 2011 года і працуе на ім ужо больш за 10 гадоў.

— Першапачаткова мая задача складалася ў падрыхтоўцы міжнародных дайджэстаў, — спачатку прапагандыстка была ў СТБ на другіх ролях. — Троху пазней падключыліся і абавязкі рэдактара рэгіянальнай службы. Гэта значыць першыя некалькі гадоў я працавала за кадрам, мантавала чужыя сюжэты і маніторыла міжнародную абстаноўку.

Паводле самой Вольгі Коршун, прасоўваць уверх яе сталі былыя кіраўнікі тэлеканала Кірыл Казакоў і Ігар Слуцкі. Так супрацоўніца СТБ стала вядучай навінаў, пасля працавала ў лукашэнкаўскім пуле, вяла праграму «В людях». Цяпер выступае на першых ролях у аўтарскім праекце «Неделя».

Вольга Коршун. Фота: СТБ

— Нашы апаненты часта папракаюць дзяржаўныя СМІ ў тым, што мы нібыта паказваем дабратворную карцінку і не гаворым аб праблемах. Гэта меркаванне абсалютна ангажаванае. Мы ў кожным выпуску падымаем вострыя сацыяльныя тэмы, — апраўдвалася Вольга Коршун у інтэрв'ю «СБ. Беларусь сегодня».

Аднак калі яна паспрабавала звярнуцца да фактуры, то зрабіла толькі горш, згадаўшы інцыдэнт у Мачулішчах (у лютым 2023 года там быў пашкоджаны расійскі ваенны самалёт, і некаторы час прапаганда не заўважала гэты выпадак):

— Нас папракалі ў тым, што ў чарговым выпуску «Недели» мы нічога не сказалі пра тое, што здарылася, нібыта ўтаілі. Але мы не сказалі, бо не было ніводнага афіцыйнага каментара. Што казаць? Распаўсюджваць чарговыя чуткі і здагадкі? Быў інцыдэнт ці не было? Паўтаруся, фактчэкінг для нас на першым месцы.

Калі сур'ёзна чытаць інтэрв'ю Вольгі Коршун, то мімаволі ўзнікае пытанне: ці гэта жывы чалавек, які прамаўляе свае думкі? Хутчэй аўдыёзапіс, які ўключыў прапагандысцкія наратывы: Амерыка дыктуе як жыць Польшчы, «збеглыя журналісты» пераварочваюць нашыя навіны, калі ўжо скончыцца пераслед па прафесійным прынцыпе (дарэчы, калі?).

— Сітуацыя 2020 года ўсіх нас, журналістаў у тым ліку, змяніла, — відавочна, што Вольга Коршун памылкова прылічвае сябе да журналістаў. — Мы сталі зубасцейшымі, смялей адстойваем свой пункт гледжання і ўжо не маем ілжывых ілюзій у дачыненні да нашых апанентаў, якія вядуць адкрытую інфармацыйную вайну з намі.

Вядома, што жанчына замужам. Яе сужэнец — канаіст Дзмітрый Трацякоў.

Дзмітрый Трацякоў, муж Вольгі Коршун. Фота: скрыншот з YouTube-канала БТ

Каментары5

  • Сымон
    11.01.2024
    — Нас папракалі ў тым, што ў чарговым выпуску «Недели» мы нічога не
    сказалі пра тое, што здарылася, нібыта ўтаілі. Але мы не сказалі, бо не
    было ніводнага афіцыйнага каментара. Што казаць? Распаўсюджваць чарговыя
    чуткі і здагадкі? Быў інцыдэнт ці не было? Паўтаруся, фактчэкінг для нас на першым месцы.

    Прапагандыстка Коршун нават не разумее, што падобнымі заявамі яна пераканальна дэманструе ўласную журналісцкую прафесійную непрыдатнасць. Бо сапраўдны журналіст - гэта ў першую чаргу рэпарцер, які ня толькі чакае афіцыйных каментароў, але таксама самастойна шукае як мага больш крыніц інфармацыі, выязджае на месца падзей, размаўляе з відавочцамі і г.д.
  • даведка
    11.01.2024
    Эти бабенцы с государственного каналов, которым только по 30-40 лет, выглядят гораздо старше своих лет.
  • Правдоруб
    11.01.2024
    Третьяков, из- за жонки не станет участником 3 игр, всё просто!
    Ты или Спортсмен, или муж жены-пропагандонки под санкциями!

Пратасевічу адмянілі гіганцкі штраф, і ён паляцеў на адпачынак у Дубай31

Пратасевічу адмянілі гіганцкі штраф, і ён паляцеў на адпачынак у Дубай

Усе навіны →
Усе навіны

Рыжанкоў: Захад хоча, каб Мінск праводзіў антырасійскую палітыку6

«Людзі выйшлі ў двор пагрэць ваду ў кацялку, а расійскі снайпер прастрэліў посуд, каб паздзекавацца». Беларускі паэт пра жыццё ў Бучы5

Беларус даслаў у шэраг райвыканкамаў просьбы памяняць мову вулічных шыльдаў. Што яму адказалі12

«Нічога там новага няма» — Вальфовіч аб прарыве ўкраінцаў у Курскую вобласць5

«Самае галоўнае цяпер — забяспечваць суб’ектнасць Беларусі». Франак Вячорка расказаў, ці ёсць стратэгія ў дэмсілаў і на што ўплывае Ціханоўская25

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

Такарчук: Можа, за Ягорава прагаласаваць, які будзе Лукашэнку ногі цалаваць? Языкі паадрываць бы гэтым галасунам64

Гузы, хмеры і брудныя хмеры: кніга пра беларускіх дыназаўраў

Як хутка праверыць, ці ёсць вы ў базе дармаедаў12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пратасевічу адмянілі гіганцкі штраф, і ён паляцеў на адпачынак у Дубай31

Пратасевічу адмянілі гіганцкі штраф, і ён паляцеў на адпачынак у Дубай

Галоўнае
Усе навіны →