Аўстрыйскі палітолаг спрагназаваў, што пачатку вайны Расіі з НАТА можа папярэднічаць паўстанне палякаў у Беларусі. А чаму не бунт рэптылоідаў?

Аўстрыйскі палітолаг Густаў Грэсель у эфіры праграмы выдання Bild выказаў думку, што падставай для вайны Расіі супраць НАТА можа стаць інсцэніроўка паўстання польскай меншасці ў Гродзенскай вобласці Беларусі, якое нібыта падтрымалі краіны Балтыі. Для абароны хаўрусніка іх у адказ, маўляў, атакуе Расія.

13.07.2024 / 16:55

Перад тым, як выказаць сваё меркаванне, Густаў Грэсель прааналізаваў карту расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017». На яго думку, УС РФ тады фактычна адпрацоўвалі напад на краіны НАТА па некалькіх напрамках.

Па словах Грэселя, непасрэднай зачэпкай для вайны па такім сцэнары можа стаць інсцэніроўка паўстання польскай меншасці ў Гродзенскай вобласці Беларусі, якое нібыта падтрымалі краіны Балтыі. А тады ўжо для абароны саюзніка іх у адказ атакуе Расія.

Грэсель адзначыў, што цяпер усе сілы ВС РФ сцягнутыя ва Украіне, ваяваць на балтыйскім кірунку няма каму. Але калі Расія атрымае верх над УСУ, то загартаваныя ў баях часці могуць перакінуць на новую вайну. Пра ўвагу да гэтага рэгіёну гаворыць, маўляў, нядаўняе аднаўленне Ленінградскай вайсковай акругі.

На думку палітолага, у выпадку новай вайны ўсё будзе залежаць ад таго, як хутка краіны Балтыі і Польшча правядуць мабілізацыю і ці спыняць УС РФ на мяжы. Тады НАТА перакіне туды сухапутныя рэзервы і выкарыстае аэрадромы Швецыі для атрымання перавагі ў паветры.

Грэсель лічыць, што Расія ня будзе ўжываць ядзерную зброю, а абмяжуецца канвенцыйнай вайной. Ядзерныя пагрозы могуць пайсці ўжо толькі пасля захопу краін Балтыі, каб прымусіць Захад прызнаць іх часткай Расіі.

Сцэнарый пачатку вайны, дадзены Густавам Грэселем, адразу ж раскрытыкаваў іншы заходні эксперт Аляксандр Фрыдман, які як ураджэнец і грамадзянін Беларусі куды лепш арыентуецца ў мясцовых рэаліях, у тым ліку ў этнанацыянальнай сітуацыі ўнутры Беларусі і ў суседніх краінах. 

Называючы Густава Грэселя «адным з самых вядомых вайсковых экспертаў у нямецкамоўнай прасторы», Фрыдман называе прапанаваны ім сцэнарый з задзейнічаннем польскай меншасці «кур'ёзным».

«Паўстанне польскай меншасці ў Гродзенскай вобласці» пры падтрымцы краін Балтыі? А чаму адразу не бунт рэптылоідаў пры падтрымцы Вільні і Рыгі?», — іранічна пытаецца Аляксандр Фрыдман.

Наколькі імаверныя Трэцяя сусветная вайна і ядзерны ўдар? Ацэнка Фрыдмана

«Вайна паказала, што на баку Захаду стаіць меншасць. А Арменію Расія так проста не пакіне»

«Я не этнічны беларус, але з беларускасцю ніколі не парываў». Моўнае пытанне Аляксандра Фрыдмана

Nashaniva.com