Украінскія амбіцыі мець F-16 разбіваюцца аб моўны бар'ер, узлётна-пасадачныя палосы і запчасткі — Bloomberg

Гэтым летам Кіеў нарэшце атрымае знішчальнікі F-16, але ў значна меншай колькасці, чым чакалася. Шэраг сур'ёзных праблем прымушаюць усумніцца ў мэтазгоднасці іх адпраўкі.

15.07.2024 / 11:46

Фота: AP Photo/Tsafrir Abayov

Як піша Bloomberg, адпраўка ваенных самалётаў была адным асноўных пунктаў парадку дня саміту НАТА ў Вашынгтоне. На запуск працэсу спатрэбілася больш за год. Прэзідэнт Джо Байдэн дазволіў адпраўку F-16 ва Украіну ў маі 2023 года.

Неўзабаве пасля гэтага пачалося навучанне ўкраінскіх пілотаў. Але адміністрацыя ЗША доўга цягнула з перадачай самалётаў. Асноўнай прычынай з'яўляўся страх, што гэта справакуе Уладзіміра Пуціна.

Апошнія падзеі змянілі мысленне заходніх лідараў. «Контрнаступленне Расіі ў апошні час прымусіла некаторых саюзнікаў задумацца аб тым, што ім давядзецца адказваць на запыты Украіны», — цытуе выданне старшага выкладчыка Ланкастэрскага ўніверсітэта Сімону Саарэ (Simona Soare).

Неназваны высокапастаўлены чыноўнік НАТА пералічыў выданню тры асноўныя пытанні, якія хвалююць тых, хто займаецца планаваннем паставак.

Па-першае, самалёты павінны быць пераканфігураваныя ў залежнасці ад задачы, напрыклад, разведка або бой.

Па-другое, Украіна не мае доўгіх і якасных узлётна-пасадачных палос, неабходных для F-16, а таксама сховаў, якія маглі б абараніць іх ад расійскіх нападаў.

Па-трэцяе, лагістыка падтрымкі самалётаў вельмі складаная.

Гэта тычыцца як паставак запчастак, так і правядзення тэхнічнага абслугоўвання і пошуку інжынераў. Украіна спрабуе ў лічаныя месяцы дамагчыся таго, на што звычайна сыходзіць тры-чатыры гады.

Выданне адзначае, што прадстаўнік Lockheed Martin Corp., вытворцы F-16, на адпраўленае пытанне не даў адказу пра тое, як будзе ажыццяўляцца абслугоўванне і пастаўкі запчастак.

Перад пагрозай паўторнага прыходу да ўлады ў ЗША адміністрацыі Трампа саюзнікі па НАТА пагадзіліся ўзяць на сябе больш шырокую ролю па каардынацыі перададзенага абсталявання і навучання. Штат з прыкладна 700 чалавек будзе адказваць за гэта ў розных месцах, у тым ліку ў трох існуючых структурах у Польшчы, Славакіі і Румыніі, дзе праводзіцца навучанне пілотаў.

Але ў навучанні ўкраінскіх пілотаў, як адзначаюць ваенныя чыноўнікі, вялікай перашкодай з'яўляецца моўны бар'ер. Акрамя гэтага, неабходна разумець, што за тыя месяцы, што прайшлі з пачатку навучання, поле бою змянілася: абодва бакі сталі спадзявацца на танныя беспілотнікі, а Расія ўзмацніла сваю СПА.

Неназваны ўкраінскі чыноўнік, знаёмы з сітуацыяй, у інтэрв'ю выданню зменшыў значэнне моўнага бар'ера, але прызнаў, што мелі месца затрымкі з падрыхтоўкай, укамплектаваннем персаналам і тэхнічным абслугоўваннем, а таксама праблемы сховаў ад расійскіх атак.

Як піша Bloomberg, адзначаныя праблемы аказаліся настолькі сур'ёзнымі, што прымусілі ўсумніцца ў мэтазгоднасці адпраўкі знішчальнікаў ва Украіну. У бліжэйшы час Украіна зможа размясціць эскадрыллю F-16 у колькасці ад 15 да 24 самалётаў, што нашмат менш за 300, аб якіх просяць яе лідары.

Іншая крыніца пацвердзіла, што Кіеў разлічвае атрымаць 6 самалётаў F-16 гэтым летам і да 20 самалётаў да канца года.

Пачаўся працэс перадачы знішчальнікаў F-16 Украіне — першыя самалёты ўжо на шляху ў краіну

Масква пагразіла ядзерным ударам па ўкраінскім аэрадроме, дзе будуць базавацца F-16

УСУ мяняюць стратэгію, рыхтуючыся да прыбыцця F-16

Нідэрланды дазволілі Украіне выкарыстоўваць F-16 для нанясення ўдараў па цэлях у Расіі

Nashaniva.com