Мінск апынуўся ў топе самых танных гарадоў свету — за жыллё трэба плаціць у 10 разоў менш, чым у Нью-Ёрку

Лепш за ўсё у ім з цэнамі на прадукты харчавання, а вось з цэнамі ў рэстаранах не надта.

23.07.2024 / 08:00

Сайт-агрэгатар даных аб кошце і якасці жыцця Numbeo склаў рэйтынг 218 гарадоў свету па стане на сярэдзіну 2024 года.

У аснову аналізу былі пакладзены некалькі паказчыкаў: кошт жыцця (у тым ліку: прадуктовы кошык, камунальныя паслугі, транспарт і іншыя спажывецкія паслугі); арэндная плата; цэны на прадукты; цэны ў рэстаранах; пакупніцкая здольнасць насельніцтва.

За аснову расходаў і пакупніцкай здольнасці ўзяты цэны ў Нью-Ёрку, куды пераехаў пісьменнік Віктар Марціновіч. Індэкс кошту жыцця гэтага горада прынята лічыць роўным 100. Калі індэкс нейкага горада роўны 80, то кошт пражывання ў гэтым горадзе на 20% ніжэй, чым у Нью-Ёрку.

Першае месца па кошту жыцця заняла Жэнева з індэксам роўным 101,7. За ёй ідуць Цюрых (100,4), Нью-Ёрк (100), Сан-Францыска (90,5), Бостан (85,8).

Гарады з самым высокім і самым нізкім паказчыкам кошту жыцця па стане на сярэдзіну 2024 года. Крыніца: numbeo.com

Сярод самых танных гарадоў апынуліся адразу тры гарады з Пакістана — Карачы (19,0), Лахор (19,1) і Ісламабад (21,5) а таксама два з Індыі — Калкута (21,1) і Чэнаі (21,8).

Мінск з індэксам 27,8 заняў агульную 200-ю пазіцыю. Сталіца Беларусі — адзін з самых танных гарадоў Еўропы. Перад ім апынуўся Кіеў (28,6), а ніжэй толькі Львоў і Адэса.

Калі гаварыць пра сталіцы суседніх краін, то самай дарагой выглядае Рыга, якая з індэксам 50,9 заняла 97 пазіцыю. Далей ідуць Вільня (102 месца, індэкс 48,2) і Варшава (115 месца, індэкс 43,9). Масква з індэксам 38,9 заняла 137 месца.

Калі ж паглядзець на пакупную здольнасць насельніцтва, то на першым месцы будзе Цюрых. Яго жыхары могуць сабе дазволіць за сярэдні чысты заробак набыць на 81% болей тавараў і паслуг, чым жыхар Нью-Ёрку. Далей ідуць Люксембург (176%), і, як ні дзіўна, індыйскі горад Бангалор (171%).

Нягледзячы на істотную розніцу ў памерах сярэдніх заробкаў з Нью-Ёркам, жыхары Мінска могуць набыць 59,5% таго, што набывае жыхар гэтага амерыканскага мегаполіса.

Пры гэтым у сталіцы Беларусі індэкс арэнднай платы складае толькі 9,6% ад Нью-Ёрку.

Калі ж узяць кошт жыцця і арэнду, то Мінск замыкае дваццатку гарадоў з самым нізкім паказчыкам. Перад ім кітайскі Чэнду, а за ім — Курыціба ў Бразіліі.

Яшчэ лепш выглядае сітуацыя, калі паглядзець на індэкс кошту прадуктаў харчавання. Тут Мінск з паказчыкам 26,6 сярод пятнаццаці найбольш танных гарадоў свету. Перад ім — расійскі Растоў-на-Доне, за ім — украінская Адэса.

А вось цэны ў рэстаранах ставяць Мінск на 56-е месца з індэксам 27,4. Перад ім іракскі Ірбі, за ім — сталіца Малдовы Кішынёў.

Гэты жыллёвы комплекс назвалі самым камфортным у Мінску

Нацыянальны аэрапорт Мінск прызнаны найлепшым у СНД

Мінск увайшоў у тройку самых крыміналізаваных гарадоў Усходняй Еўропы

Антось Жупран